Музычны канцэрт «Зямля, дзе пачаўся мой лёс...» правядуць у музеі «Лошыцкая сядзіба», філіяле Мінскага гарадскога гістарычнага музея, 26 верасня ў 15:00, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
У праграме будуць прадстаўлены беларускія кампазіцыі XIX–XX стагоддзяў, прысвечаныя моцным пачуццям да Радзімы, у выкананні салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамары Рэмез (сапрана).
Паланэзы і рамансы Міхала Клеафаса Агінскага «Толькі вам летуценю», «Попелу ўспамін», «Пра каляндар» аб’яднаны лірыка-настальгічным і летуценным настроем. «Праснічка» і «Вячэрняя песня» Станіслава Манюшкі перададуць сум і меланхолію. Глыбока лірычнай атмасферай напоўнена «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага. «Ты так далёка» і «Матыў» Фларыяна Міладоўскага напісаны ў найлепшых традыцыях камерна-вакальнага рамантызму XIX стагоддзя. У творы «Я ўспамінаю ясныя гадзіны» Мечыслава Карловіча мінулае супрацьпастаўляецца маркотнаму цяперашняму. А кампазіцыя Мікалая Аладава «Скерцына» адрозніваецца аптымістычным настроем.
У беларускіх народных песнях «Рэчанька», «Калыханка» і «Чорная галка» спакойныя мелодыі зменяцца трагізмам і напружаннем. Як і ў творы Антуана дэ Сент-Экзюперы «Маленькі прынц», філасофскімі разважаннямі напоўнена аднайменная кампазіцыя Яўгена Глебава. У «Арыі Паўлінкі» Юрыя Семянякі музыкі раскрыюць шчырасць і глыбіню пачуццяў галоўнай гераіні. Вобраз выдатнай дзяўчыны, які параўноўваюць з яркай зоркай, закладзены ў кампазіцыю «Мілавіца» Леаніда Захлеўнага.
На музычным вечары выступяць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ксенія Андрэева (флейта), Сяргей Вайніцкі (фартэпіяна). Вядучая — музыказнаўца Дар’я Вітко.