YouTube-каналы БелТА, АНТ, СТБ выдаленыя адміністрацыяй відэахостынгу
У пятніцу, 3 красавіка, былі выдаленыя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БелТА, АНТ, СТБ) праз санкцыі
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь негатыўна ацаніла гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакінула за сабой права на прыняцце неабходных мер рэагавання.
Пры гэтым УП «Беларускае тэлеграфнае агенцтва», зрэшты як і тэлеканалы АНТ і СТБ не знаходзяцца пад санкцыямі.
Калі вам трапляюцца каналы з такімі ж назвамі, ведайце — гэта клоны. Будзьце пільныя і не верце фальшывым акаўнтам.
Дарэчы, ніякіх тлумачэнняў амерыканская кампанія Google не дала.
З нагоды блакіравання сэрвісам YouTube акаўнтаў СМІ Беларусі, МЗС нашай краіны выступіў з адпаведнай заявай.
— Адміністрацыя YouTube адвольна выдаліла каналы найбуйнейшых беларускіх нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі — БелТА, АНТ і СТБ. Гэтыя медыя з’яўляюцца асновай інфармацыйнага суверэнітэту краіны і валодаюць шматмільённай аўдыторыяй як унутры Беларусі, так і за яе межамі, — нагадаў прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.

Дыпламат канстатаваў: сваім рашэннем YouTube фактычна заблакіраваў доступ мільёнаў грамадзян і суайчыннікаў за мяжой да легітымнага, афіцыйнага кантэнту:
— Гэта найгрубейшае парушэнне артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН і базавых прынцыпаў АБСЕ ў галіне свабоды СМІ.
Знешнепалітычнае ведамства звяртае ўвагу на абуральную цішыню міжнародных структур:
— Тыя з іх, якія традыцыйна аператыўна і гучна заяўляюць аб любых, нават самых спрэчных, выпадках «абмежавання свабоды слова» ў непажаданых ім краінах, гэтым разам дэманстратыўна захоўваюць маўчанне. Гэта — класічны прыклад заходніх двайных стандартаў: правы чалавека маюць значэнне толькі тады, калі гаворка ідзе аб зручным для Захаду меркаванні.
У МЗС запэўнілі, што беларускі бок дасканала вывучае ўсе абставіны здарэння.
— Пакідаем за сабой права адрэагаваць адпаведным чынам — усімі даступнымі сродкамі ў рамках нацыянальнага заканадаўства і міжнароднага права, — запэўніў Руслан Варанкоў.
У тэму
«Права на інфармацыю — краевугольны камень міжнароднага права»
Сусветная федэрацыя журналістаў (WJF) асудзіла блакіраванне беларускіх СМІ ў YouTube
Федэрацыя таксама заклікала да глабальнай салідарнасці супраць інфармацыйнай вайны, паведамілі БелТА ў Беларускім саюзе журналістаў.
Ліст падтрымкі на адрас БСЖ даслаў асабіста генеральны сакратар WJF, старшыня асацыяцыі журналістаў Пакістана Абід Чодру.
У заяве гэтая скаардынаваная блакіроўка разглядаецца не як тэхнічны прымус да захавання палітыкі YouTube, а як абуральны акт лічбавай цэнзуры і прамая эскалацыя інфармацыйнай вайны.
«Права атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю з’яўляецца краевугольным каменем міжнароднага права. Калі буйныя тэхналагічныя кампаніі ў аднабаковым парадку дэмантуюць лічбавую інфраструктуру навінавых арганізацый, яны не проста выдаляюць каналы — яны выдаляюць права грамадскасці выбіраць свае крыніцы інфармацыі», — заявілі ў Выканаўчым камітэце WJF.

У адказ на заклік БСЖ Сусветная федэрацыя журналістаў заклікала ўсе членскія арганізацыі, міжнародныя саюзы прэсы і работнікаў СМІ публічна асудзіць гэтыя акты незаконнай цэнзуры і пазбаўлення журналістаў права на свабоду выказвання меркаванняў, выказаць салідарнасць з калегамі ў Беларусі, якія сістэматычна выключаюцца з глабальнай інфармацыйнай прасторы, а таксама патрабаваць празрыстасці алгарытмаў ад тэхналагічных карпарацый і спынення палітычнага ціску, які прыводзіць да блакіравання суверэнных медыя-структур.
«Мы не можам дапусціць, каб свабода слова стала выбарчым прывілеем, які прадастаўляецца толькі тым, чые наратывы адпавядаюць інтарэсам уладальнікаў платформаў. Мы падтрымліваем цесны кантакт з Беларускім саюзам журналістаў і гатовыя падтрымаць іх намаганні па аднаўленні прысутнасці аўтарытэтных СМІ ў лічбавай прасторы і ў абароне адзінства ў журналісцкай прафесіі. Свабода прэсы непадзельная. Напад на правы аднаго з нас — гэта напад на нас усіх», — сказана ў лісце.
«Цынічна парушаюць самімі ж прыдуманыя правілы»
На Захадзе блакіруюць усіх, чыё меркаванне ім не падабаецца
Такі пункт гледжання выказаў журналіст, экс-дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі Андрэй Мамыкін у гутарцы з карэспандэнтам БелТА.
«Блакіраванне зроблена абсалютна цынічна, не тлумачачы прычын, парушаючы самімі ж прыдуманыя правілы», — сказаў Андрэй Мамыкін.
Журналіст на ўласным вопыце ведае, як дзейнічае амерыканскі відэахостынг: яго блогерскі канал «Мамыкін ТБ» некалькі гадоў таму таксама быў заблакіраваны на YouTube. «Але ў вашым выпадку YouTube заблакіраваў галоўныя медыя-артэрыі вялікай і магутнай краіны. І я цяпер кажу без усялякай іроніі, таму што Рэспубліка Беларусь — вялікая краіна па еўрапейскіх мерках, 10 мільёнаў насельніцтва, краіна з моцнай уладай. І медыякантэнт, які дае Нацыянальнае агенцтва БелТА, тэлекампаніі і іншыя медыйныя рэсурсы, — для мільёнаў чалавек геаграфічна ў цэнтры Еўропы. А паколькі вы вяшчаеце не толькі на Беларусь, аўдыторыя патэнцыяльна яшчэ большая. Яны спалохаліся вашага пункту гледжання. Гэта недапушчальна абсалютна», — падкрэсліў ён.
Каменціруючы імгненнае з’яўленне на відэахостынгу пасля блакіравання фальшывых клонаў БелТА і іншых беларускіх СМІ, Андрэй Мамыкін адзначыў, што можна, вядома, патраціць грошы і час, напісаць скаргі і пратэсты, падаць у суд. «Гэта ўсё лішнім не будзе, вада камень точыць. Але я, шчыра кажучы, не веру ў іх паспяховасць, бо гэта не правасуддзе. Гэта пародыя на правасуддзе», — канстатаваў ён.
«Яны хочуць перабіць той магутны паток, які ад вас зыходзіў, таму што вы давалі свой, сапраўды незалежны ад іх правіл, парадак дня», — адзначыў экс-дэпутат Еўрапарламента.
«Рана ці позна вы, вядома, вернецеся, у тым ліку і на платформу YouTube, таму што свет вернецца ў нармальнасць. Глядзіце, яшчэ год таму ніхто не верыў, што Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка будзе сустракацца са спецпасланнікам Прэзідэнта ЗША, што дыялог будзе прамы, што Прэзідэнт ЗША можа патэлефанаваць наўпрост Прэзідэнту Беларусі са свайго самалёта. У гэта ніхто не верыў. Але гэта адбываецца. Тое ж самае будзе і з медыйкай. Вы вернецеся, ну калі вам гэта трэба будзе, вернецеся на YouTube і на іншыя платформы. А пакуль трэба ператрываць і загартавацца тымі цяжкасцямі, якія на вас абрынуліся. Значыць — усё вы робіце правільна», — рэзюмаваў Андрэй Мамыкін.