Кітайскіх трэвел-блогераў запросяць у прэс-тур па Брэсцкай вобласці. Пра гэта паведаміў БелТА намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Бацэнка, каменціруючы папярэднія вынікі Міжнароднага форуму дзелавых кантактаў «Першы рэгіён — тэрыторыя поспеху».
Форум, які прайшоў 28-29 красавіка, аб’яднаў больш за 100 прадстаўнікоў розных краін Азіі, Афрыкі, Еўропы: афіцыйныя асобы, дзелавыя колы, дыпламаты.
«У нас была вялікая асобная секцыя па турызме. Дасягнуты пэўныя дамоўленасці. Былі нашы індыйскія калегі, якія паглядзелі турыстычныя магчымасці Брэсцкай вобласці. Былі кітайскія калегі. Дамовіліся, што на чэрвень плануем прыезд і прэс-тур для кітайскіх трэвел-блогераў. Бліжэй да верасня правядзём вялікую кантактна-кааперацыйную біржу дзелавых кантактаў з кітайскімі тураператарамі, якія гатовыя везці да нас турыстаў», — расказаў Міхаіл Бацэнка.
Праграма форуму ахоплівала эканоміку і сацыяльную сферу. Падпісаны шэраг пагадненняў і кантрактаў. Удзельнікі працавалі па секцыях, прысвечаных прамысловасці, знешняму гандлю, лагістыцы, турызму, ахове здароўя, адукацыі, навуцы і спорту. Была праведзена кантактна-кааперацыйная біржа. Замежныя партнёры наведалі тэматычныя выставы, прадпрыемствы і арганізацыі Брэсцкай вобласці.
«Думаю, што пэўны штуршок па выніках форуму мы атрымалі. Але, як гаворыцца, куранят па восені лічаць», — рэзюмаваў намеснік старшыні аблвыканкама.