У вёсцы Шэньцзя, што ў правінцыі Шаньдун (Усходні Кітай), з’явіўся ўражлівы насценны роспіс вышынёй 10 і шырынёй 8 метраў. Аўтарам працы стаў малады мастак Шэнь Цзін’юй, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Мурал быў створаны паводле поўнаметражнага анімацыйнага фільма «Нэчжа 2», прэм’ера якога адбылася 29 студзеня — у першы дзень кітайскага Новага года. Гэты фільм устанавіў абсалютны рэкорд касавых збораў у гісторыі кітайскага кінематографа, зарабіўшы больш за 8,1 млрд. юаняў.
Стварэнне маштабнага роспісу заняло ў мастака сем дзён. На плошчы каля 80 кв. метраў намаляваны галоўны герой Нэчжа і яго сябар Ат Бін. Для дасягнення эфекту палаючага агню мастак выкарыстоўваў камбінацыю розных тэхнік, уключаючы пэндзлі і аэрограф.
Шэнь Цзін’юй ужо некалькі гадоў упрыгожвае родную вёску насценнымі роспісамі. У яго партфоліа ўваходзяць працы з алімпійскім талісманам, персанажамі мультфільмаў і знакавымі архітэктурнымі аб’ектамі Пекіна. Ён таксама навучае мясцовых дзяцей асновам малявання і займаецца мікраскульптурай, лепкай і мастацтвам выразання з паперы.
Мурал з Нэчжа стаў папулярнай славутасцю — за святочныя дні яго наведалі больш за тысячу чалавек. Натхнёныя поспехам, мясцовыя ўлады плануюць стварыць у вёсцы тры тэматычныя вуліцы з насценнымі роспісамі, прысвечанымі патрыятызму, дзіцячым успамінам і мультфільмам, каб прывабіць яшчэ больш турыстаў і садзейнічаць развіццю паселішча.