У Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылася абарона дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук «Спецыфіка ўспрыняцця прозы В. Распуціна ў крытыцы «Кітайскай школы вывучэння рускай літаратуры». Аўтар — кітайская аспірантка СЮЙ НА. Навуковы кіраўнік — доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Іван Фёдаравіч Штэйнер. Работа выканана ў Гомельскім універсітэце.
Я ўдзячна найперш свайму гомельскаму кіраўніку Івану Фёдаравічу Штэйнеру, які дапамог мне навучанне ў аспірантуры славутай беларускай ВНУ зрабіць даволі плённым, выніковым, — дзеліцца сваімі ўражаннямі пасля абароны СЮЙ НА. — Для кітайскага чытача асаблівую прыцягальнасць мае духоўна-маральная скіраванасць рускай літаратуры. Кітайскія даследчыкі ўспрымаюць творчасць Валянціна Распуціна як яркі ўзор маральнасці, духоўнасці, яго проза выступае асновай для ілюстрацыі асноўных падыходаў і ідэй «Кітайскай школы вывучэння рускай літаратуры». Творы Валянціна Распуціна друкаваліся ў Кітаі з пачатку 1980-х гг. На старонках часопісаў «Руская літаратура і мастацтва», «Сусветная літаратура», «Савцкая літаратура». Мая дысертацыя выканана на кафедры рускай і сусветнай літаратуры і кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта. Тэма звязана з профілем навуковых даследванняў кафедр. У прыватнасці, з такой важкай тэмай, як «Мастацкія мадэлі свету беларускай літаратуры XX — XXI стст.: аўтарскія стратэгіі, жанравая сістэма»
СЮЙ НА вяртаецца на працу ў родны Шэньянскі інжынерны ўніверсітэт, які знаходзіцца ў паўночна-усходняй частцы Кітая. Вяртаецца з самымі добрымі ўражаннямі ад вучобы і працы o Гомельскім ўніверсітэце. І ўжо зараз пераканана, што ў полі зроку яе літаратуразнаўчых кампаратывісцкіх зацікаўленняў руская і беларуская літаратура застануцца побач.
Мікола Берлеж