Top.Mail.Ru

Кітай плануе ажыццявіць больш амбіцыйных касмічных місій

Сёлета Кітай мае намер ажыццявіць серыю амбіцыйных касмічных місій, уключаючы новую місію па дастаўцы на Зямлю ўзораў грунту нябесных цел і запуск шэрагу новых касмічных апаратаў, ракет і спадарожнікаў, што яшчэ больш пашырыць магчымасці краіны па даследаванні далёкага космасу і закладзе трывалую аснову для паляпшэння камерцыйных касмічных паслуг, перадае «Сіньхуа».


У гэтым годзе Кітай плануе запусціць зонд «Цяньвэнь-2», які выканае місію па вяртанні узораў грунту з калязямнога астэроіда пад нумарам 2016 HO3, а пасля правядзе арбітальныя даследаванні каметы, пазначанай як 311P, у галоўным поясе астэроідаў паміж Марсам і Юпітэрам. Як паведаміў Чжан Жунцяа, галоўны канструктар кітайскай праграмы па даследаванні планет і галоўны канструктар місіі «Цяньвэнь-2», у выпадку поспеху гэта будуць першыя ўзоры, сабраныя Кітаем у міжпланетнай прасторы.

У рамках кітайскай пілатуемай касмічнай праграмы будуць запушчаны караблі «Шэньчжоў-20» і «Шэньчжоў-21», а таксама грузавы карабель «Цяньчжоў-9» з мэтай далейшай эксплуатацыі нацыянальнай касмічнай станцыі. Кітай таксама будзе прыкладаць намаганні для прадастаўлення недарагіх, але высокаэфектыўных паслуг па транспарціроўцы грузаў для сваёй касмічнай станцыі. Запуск грузавога касмічнага карабля «Цынчжоў», распрацаванага Навукова-даследчым інстытутам інавацыйных распрацовак мікраспадарожнікаў пры Акадэміі навук Кітая, запланаваны на верасень.

Ён адрозніваецца інтэграванай аднакапсульнай канструкцыяй з грузавым адсекам плошчай 27 кубічных метраў і грузападымальнасцю да двух тон, і можа перавозіць прадметы першай неабходнасці для касманаўтаў, абсталяванне для навуковых эксперыментаў і карысную навуковую нагрузку. «Цынчжоў» будзе выкарыстоўваць розныя схемы карыснай нагрузкі і інтэлектуальныя канструкцыі для павышэння эфектыўнасці дастаўкі, здабывання і апрацоўкі грузаў касманаўтамі.

Ракета-носьбіт «Чанчжэн-8A» (Long March 8A), мадэрнізаваная версія ракеты"Чанчжэн-8«, якая прызначана для палётаў на сярэднюю і нізкую калязямную арбіты, павінна здзейсніць свой першы палёт у 2025 годзе. «Гэтая ракета спецыяльна распрацавана з улікам патрабаванняў да вываду маштабных груповак спадарожнікаў», — растлумачыў галоўны канструктар «Чанчжэн-8» з Кітайскага даследчага інстытута ракетнай тэхнікі (CALT) Сун Чжэн’юй. «Чанчжэн-8A» адрозніваецца палепшанымі характарыстыкамі, нізкім сабекоштам, высокай надзейнасцю і магчымасцю хуткага запуску, яе грузападымальнасць складае прыблізна 7 тон на нізкай калязямной арбіце і не менш за 6,4 тоны на сонечна-сінхроннай арбіце вышынёй 700 км.

Кітай таксама распрацоўвае ракеты новага пакалення для сваіх будучых пілатуемых місій па даследаванні Месяца і Марса. Ракета-носьбіт «Чанчжэн-10» распрацоўваецца для запуску пілатуемых касмічных караблёў новага пакалення і апаратаў, якія спускаюцца, для кітайскай праграмы высадкі на Месяц. Яна павялічыць грузападымальнасць краіны на пераходнай арбіце Зямля-Луна з 8,2 тоны да 27 тон і дазволіць дастаўляць на нізкую калязямную арбіту 70 тон карыснай нагрузкі, паведаміў канструктар ракет-носьбітаў CALT Лун Лэхаа.

Ракета-носьбіт вялікай грузападымальнасці «Чанчжэн-9», якая распрацоўваецца цяпер, прызначана для падтрымкі буйных нацыянальных навукова-тэхнічных мерапрыемстваў, уключаючы месяцовыя даследчыя станцыі, касмічныя электрастанцыі і пілатуемыя высадкі на Марс. Яна будзе здольная выводзіць 140 тон карыснай нагрузкі на нізкую калязямную арбіту, дастаўляць на пераходную арбіту Зямля—Марс да 35 тон карыснага грузу, а на пераходную арбіту Зямля—Месяц — да 50 тон.

Тым часам камерцыйныя касмічныя кампаніі актывізуюць намаганні па прасоўванні тэхналогій шматразовых касмічных палётаў, у тым ліку праводзяцца шматлікія выпрабавальныя палёты новых шматразовых ракет. Першы палёт ракеты-носьбіта «Чжуцюе-3» (ZQ-3) кампаніі LandSpace запланаваны на 2025 год. Будучы краевугольным каменем камерцыйнай касмічнай галіны, ракеты шматразовага выкарыстання забяспечваюць магутныя, эканамічныя, частыя і ўстойлівыя касмічныя запускі.

Сёлета ў Кітаі будзе запушчаны спадарожнік Solar wind Magnetosphere Ionosphere Link Explorer (SMILE), які з’яўляецца сумесным праектам Акадэміі навук Кітая і Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Абсталяваны чатырма карыснымі ўстаноўкамі, спадарожнік прызначаны для вывучэння буйнамаштабнай структуры і фундаментальных заканамернасцяў узаемадзеяння паміж сонечным ветрам і магнітасферай, разумення агульнага працэсу змянення і цыклу актыўнасці бур на Зямлі, а таксама ўзнікнення і развіцця магнітных бур, выкліканых выкідамі каранальнай масы.

З 2025а да 2035-га Кітай будзе ўдасканальваць метэаралагічныя спадарожнікі другога пакалення серыі «Фэн’юнь» і адначасова распрацоўваць комплексную сістэму спадарожнікавых назіранняў трэцяга пакалення «Фэн’юнь». Гэта дасць магчымасць удасканаліць інтэлектуальную тэхналогію сумесных назіранняў з космасу і з Зямлі для падтрымкі дакладнага прагназавання.

Цяпер метэаралагічныя спадарожнікі трэцяга пакалення «Фэн’юнь», уключаючы спадарожнікі на палярнай арбіце «Фэн’юнь-5» і спадарожнікі «Фэн’юнь-6» на геастацыянарнай арбіце, знаходзяцца на стадыі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання. 2025 год таксама стане паваротным для развіцця кітайскай спадарожнікавай навігацыйнай сістэмы «Бэйдоў» наступнага пакалення, у рамках якой плануецца ажыццявіць ключавыя тэхналагічныя прарывы. Грунтуючыся на стабільнай рабоце «Бэйдоў-3», сістэма наступнага пакалення будзе адрознівацца высокай дакладнасцю і надзейнасцю, паўсюдным доступам, інтэлектуальнасцю, сеткавым узаемадзеяннем і гнуткасцю, указваецца ў плане развіцця, апублікаваным у лістападзе 2024 года.

Кітай працягне шырокамаштабнае разгортванне сваіх сістэм спадарожнікавага інтэрнэту, што яшчэ больш пашырыць глабальны ахоп камунікацыямі. Сёлета групоўка Spacesail, якая знаходзіцца на нізкай калязямной арбіце, пачне прадастаўляць паслугі спадарожнікавага інтэрнэту па ўсім свеце, падтрымліваючы такія галіны, як транспарт, альтэрнатыўная энергетыка, «разумныя» гарады і «разумная» сельская гаспадарка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю