Top.Mail.Ru

Кітабы — рукапісныя кнігі беларускіх татараў

14.08.2025 | 13:50

На якой мове напісаны гэты тэкст? Можа, вы і здзівіцеся, але гэта — беларускі тэкст. Так, напісана гэта на беларускай мове. Прычым, не проста на беларускай, а на яе жывым размоўным варыянце XVI–XIX стагоддзяў. Гэта — рэальнасць культурнага феномена, вядомага як кітабы — святыя і свецкія кнігі татараў-ліпкоў.



Хто такія татары-ліпкі? Гэта нашчадкі татараў, якія перасяліліся ў Вялікае княства Літоўскае (а затым і ў Рэч Паспалітую) у XIV–XV стагоддзях. Першыя татары з’явіліся ў ВКЛ у пачатку XIV стагоддзя, у час праўлення вялікага князя Гедыміна, у якасці саюзнікаў у войнах з крыжакамі. Асноўны ж наплыў татарскага насельніцтва на беларускія землі адбыўся ў перыяд праўлення Вітаўта, паміж 1392 і 1430 гадамі. У гэты час Залатая Арда прыйшла ў заняпад пасля палітычнай смуты, названай «Вялікай замятнёй», і спусташальнай прайгранай вайны з Тамерланам, эмірам усёй Сярэдняй Азіі. Таму некаторыя татарскія военачальнікі, якія часта ратаваліся ад расправы сапернікаў, пераходзілі на службу да літоўскіх князёў, прыводзячы з сабой сваіх супляменнікаў. Бачачы ў іх выдатных воінаў, татар запрашалі служыць у войску, давалі зямлю. На працягу стагоддзяў вайсковая служба з’яўлялася асноўным заняткам літоўскіх татараў. Яны складалі значную частку конных войск Вялікага княства Літоўскага (істотны іх уклад у разгроме крыжакоў падчас Грунвальдскай бітвы 1410 года). У 1672 годзе некаторыя служылыя польска-літоўскія татары паднялі мяцеж з-за нявыплаты ім заробку. У XVIII стагоддзі ў войску Рэчы Паспалітай налічвалася некалькі татарскіх палкоў.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння яе земляў да Расійскай імперыі ў 1797 годзе, на правах казацкага, быў створаны Літоўска-татарскі конны полк. 

Але з часам, нягледзячы на рэлігійную адасобленасць, яны страцілі родную цюркскую мову, перайшоўшы на беларускую — мову насельніцтва, сярод якога яны жылі. Аднак арабскую пісьменнасць яны захавалі. 

Так узнік дзіўны культурны сінтэз: беларуская мова, запісаная арабскімі літарамі. У гэтых кнігах — пераклады Карана, хадысаў (запісаў пра словы, дзеянні, пахвальбу і рысы характару прарока Мухамеда, якія з’яўляюцца важнай крыніцай ісламскага права і веравучэння), суфійскай паэзіі, а таксама бытавыя парады, малітвы, навучанні, а часам нават народныя песні і загадкі. Кітабы пісалі для сябе — для ўнутранага карыстання мусульманскіх сем’яў. Гэта была форма не толькі рэлігійнай практыкі, але і культурнага самазахавання. 

Вось гэты тэкст: «Аднаго дня Іса прарок, йего мілосьць, ласка божэйе над нім, да маткі свайей мувіл...». 

Что он там «мувіў» — невядома, таму што гэты кавалак заканчваецца...



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю