Top.Mail.Ru

Вадзіцель аўтобуса — пра нюансы работы і настрой ад пасажыраў

Жанчыны — вадзіцелі аўтобусаў — з’ява ў нашай сталіцы хоць і не новая, але дагэтуль нячастая. Чамусьці склаўся такі стэрэатып, што трамваямі і тралейбусамі прадстаўніцы прыгожай паловы кіраваць могуць, а вось аўтобусы — не жаночая справа. Алена Краўчанка, вадзіцель сталічнага аўтобуснага парка № 7, ужо сёмы год абвяргае стэрэатыпы, штодзень дастаўляючы пасажыраў з пункта А ў пункт В, і атрымлівае асалоду ад упадабанай прафесіі.


Шлях да прызвання

Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта Алена 13 гадоў выкладала замежную мову ў школе, гандлёвым каледжы і нават дзіцячым садку. А пасля перамен у асабістым жыцці вырашыла змяніць і прафесію — чатыры гады працавала вадзіцелем таксі. Яшчэ ў той час яе наведвалі думкі перасесці з легкавога аўтамабіля на больш габарытную машыну. Першы раз у аўтапарк жанчына прыйшла ў 2015 годзе — і атрымала адмову. Адвучылася на курсах і 4 гады адпрацавала ў цырульні «Усход», аднак думак кіраваць аўтобусам не пакінула.


Калі прыйшла ў аўтапарк чарговы раз, папрасілі прайсці медагляд і навучанне.

— Напэўна, я не ўнушала даверу — маленькая бландзінка, яшчэ і ў таксі працавала, — усміхаецца Алена.

У рэшце рэшт начальнік калоны аўтапарка скарыўся перад настойлівасцю прэтэндэнткі і пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка Алена выехала па сваім першым маршруце ў якасці стажора.

— У першы дзень я толькі ехала, а кнопкі аб’явы прыпынкаў, зачынення дзвярэй націскаў настаўнік, таму што пасля легкавога аўтамабіля было няпроста прывыкнуць да габарытаў аўтобуса, — успамінае жанчына.

Хутка давялося асвоіць і самае «нежаночае» ў прафесіі — кантроль тэхнічнага стану аўтобуса перад выездам на лінію. Яго робіць сам вадзіцель. Тэхнічны перадрэйсавы агляд, напрыклад, уключае агляд маторнага адсеку: адкрыць усе люкі, праверыць узровень масла ў рухавіку, узровень антыфрызу, з ліхтарыкам усё агледзець на прадмет падцякання. Увогуле кантралюецца літаральна ўсё — ад колаў і іх мацавання да спраўнасці светлавых прыбораў. А для праверкі некаторых элементаў 18-метровую машыну неабходна прыпаркаваць да лесвіцы з дакладнасцю да сантыметраў.


У цёплы час года на тэхнічны агляд аўтобуса выдаткоўваецца мінімум 20 хвілін плюс пяць хвілін на медагляд, які праходзіць вадзіцель. Зімой, асабліва ў моцныя маразы, калі машыну трэба прагрэць, вадзіцель прыходзіць на работу не менш чым за гадзіну.

— Сёння мой выезд быў у 5.27 раніцы, значыць, я павінна была прыйсці ў парк не пазней за 5.02. Але зімой 20 хвілін на перадрэйсавы агляд — нішто, прыходзіць трэба як мінімум за гадзіну, — расказвае суразмоўца.

Пры такім раскладзе раніца гераіні пачынаецца ў 3 гадзіны, пры гэтым на работу яна заўсёды ходзіць пешшу.

— Гэта абавязкова, таму што за рулём праводжу ад 8 да 10 гадзін, — гаворыць Алена Краўчанка.

У залежнасці ад даўжыні маршруту абаротны рэйс складае да дзвюх гадзін, за змену атрымліваецца 4 ці 5 «кругоў». Паміж імі — невялікі перапынак на дыспетчарскай станцыі. Пасля заканчэння змены вадзіцель або перадае машыну напарніку, або вяртае ў парк, дзе яе яшчэ трэба падрыхтаваць да работы на наступны дзень — памыць і заправіць.


Выпрабаванні непагаддзю

Асобная размова — работа ў моцныя снегапады ці галалёд. І там, дзе не спраўляецца тэхніка, абавязкова справіцца чалавек.

— Нядаўна не магла крануцца з прыпынку, прычым на аўтобусе толькі памянялі шыны. Спрабуеш назад, уперад — нічога не атрымліваецца. Прыйшлося ўзяць ломік і ісці шукаць прычыну. Аказалася, пад колам невялікі ўчастак лёду, — узгадвае жанчына. — У такія моманты ўзнікае не самае прыемнае адчуванне, таму што ў цябе цэлы салон пасажыраў, і, здаецца, што ўсе на цябе глядзяць і думаюць: «А што ты можаш, акрамя як круціць „баранку“?»

Нягледзячы на тое што па назіраннях вадзіцеля пасажыры сталі вельмі патрабавальныя, менавіта яны часта паднімаюць настрой.

— Я неяк ехала ў салоне аўтобуса як пасажыр, побач села жанчына: «Я вас ведаю, вы вельмі добры вадзіцель — спакойны, ураўнаважаны». Было нечакана і прыемна, хоць толькі я ведаю, як мне даецца гэта ўраўнаважанасць, таму што сітуацыі розныя бываюць, — усміхаецца суразмоўца. — Але што б ні здарылася — пробкі, адставанне ад графіка — стараюся быць спакойнай і ехаць, не спяшаючыся, бо ў мяне за спінай пасажыры, і галоўнае — іх бяспека.

Менавіта пасажыры часта становяцца і крыніцай натхнення, асабліва ў святы. Напярэдадні Новага года вадзіцелі сталічных аўтобусаў змянілі традыцыйную форму на касцюмы Дзедаў Марозаў і Снягурак. Здавалася б, дробязь, аднак як паднімае настрой пасажырам і мінакам!


— Я пад’язджала да прыпынку «Плошча Перамогі», на ім стаіць шмат людзей, чалавек 30. Холадна, ідзе снег, а дзеткі бачаць мяне ў касцюме Снягуркі — усміхаюцца і махаюць. Я памахала ў адказ — і ўяўляеце, мне памахаў увесь прыпынак — і дзеці, і дарослыя! Было прыемна і кранальна да слёз.

Нягледзячы на тое, што прафесія адказная і часам вельмі няпростая, Алена прызнаецца, што знайшла сябе ў ёй.

— Вялікі горад — гэта інтэнсіўны рух, і ты пастаянна ў яго эпіцэнтры. Мне гэта вельмі падабаецца. Плюс мая любоў да дарог, аўтамабіляў. Ведаеце, неяк вярнулася з адпачынку ў Мінск, убачыла нашы жоўтыя аўтобусы і злавіла сябе на думцы: «Як я іх усё ж такі люблю». Напэўна, нездарма я змяніла некалькі прафесій — яно было таго вартае, каб знайсці тую справу, што насамрэч па душы.

Алена КРАВЕЦ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю