«Трэба дзейнічаць, трэба рухацца наперад»
Новы рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з кадравых прызначэнняў. У кадравым спісе — 29 чалавек, 18 з іх атрымалі парады з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Сярод прызначаных на пасады — намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь і іншыя.

«Альтэрнатыўны пункт гледжання павінен быць на самым высокім узроўні»
Павел Муравейка прызначаны на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Раней ён займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны.
Кіраўнік дзяржавы назваў кадравыя прызначэнні знакавымі, вельмі важнымі для краіны па ўсіх кірунках без выключэння. Звяртаючыся да новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, беларускі лідар адзначыў, што ў інфармацыйным полі ў сувязі з гэтым кадравым прызначэннем можа ўзнікнуць мноства спекуляцый і пэўных заяў.
«Лукашэнка паддаўся сілавікам, прызначаючы ў Адміністрацыю Прэзідэнта былога начальніка Генеральнага штаба. Гэта звязана з узмацненнем нейкага там складніка сілавікоў», — прывёў магчымыя інфармацыйныя ўкіды Прэзідэнт. — Ну, калі камусьці выгадна так гаварыць і разважаць, калі ласка, я абсалютна не супраць. Але тое, што ідзе ўзмацненне гэтага складніка — сілавога сектара і кірунку нашай краіны, — гэта натуральна. Бо мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны, але галоўнае не ў гэтым. Галоўнае ў тым, што мне як Прэзідэнту і Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі вельмі важна мець некалькі, калі хочаце, альтэрнатыўных пунктаў гледжання на сітуацыю ў нашых сілавых падраздзяленнях. У мяне наогул такіх падыходаў няма: „свой — чужы“, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Усе, хто сядзіць за гэтым сталом, не чужыя мне людзі. Вы прайшлі сур’ёзны экзамен, шлях разам са мной, таму разважаць таксама на гэту тэму бескарысна. Але тое, што трэба некалькі збоку, з іншай пазіцыі (з Адміністрацыі Прэзідэнта) погляд на тое, як развіваецца наша сістэма Узброеных Сіл, гэта так».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кандыдатуру Паўла Муравейкі яму ніхто не рэкамендаваў, гэта была яго асабістая прапанова і рашэнне, нечаканае і для Адміністрацыі Прэзідэнта, і для ваенных. «Таму будзьце вольныя ад усіх, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Альтэрнатыўны, канкурэнтны пункт гледжання павінен існаваць на самым высокім узроўні».
«Я хачу, каб нашы Узброеныя Сілы былі гатовыя да самых сур’ёзных сутыкненняў, мерапрыемстваў, каб іх пазбегнуць, як я заўсёды гавару. Наша мэта адна — абараніць той кавалак зямлі, на якім мы жывём, — канстатаваў беларускі лідар. — Таму ніякай спекуляцыі быць не павінна. Але калі хтосьці хоча паспекуляваць, вы ж да гэтага, Павел Мікалаевіч, гатовыя. Таму што мы жывём у такім свеце. Кожны сабе кавалак хлеба зарабляе так, як можа. І нашы „збеглыя“ ў тым ліку. Але гэта іх справа».

«Каб людзі ніколі больш не ставілі пытанне аб цэнаўтварэнні»
Аляксандра Якоўчыца, які да гэтага займаў пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнік дзяржавы прызначыў міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Звяртаючыся да новага кіраўніка ведамства, Прэзідэнт адзначыў, што доўга назірае за Аляксандрам Якоўчыцам. «Бачыў вас у рабоце ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Вы разумееце, што адбываецца. Вы вырабляеце шмат прадуктаў, якія нам трэба экспартаваць. Зямля і лес, пра што я ўжо гаварыў, — гэта Богам дадзеныя для нас рэсурсы, якія мы павінны выкарыстоўваць так, як належыць. І я вельмі спадзяюся, што вы ўнікнеце ў абстаноўку, якая складваецца ў Міністэрстве гандлю, і зробіце нямала, каб людзі ніколі больш не ставілі пытанне аб цэнаўтварэнні ў Беларусі».
Новы кіраўнік таксама прызначаны ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі. Старшынёй Дзяржстандарту стаў Дзмітрый Баско, які раней займаў пасаду першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць і гэтага кірунку: «Для вас гэта важна, і для нас таксама. Гэта і рынкі, абарона нашых рынкаў, прасоўванне нашых тавараў. Я таксама вельмі спадзяюся, што вы з гэтым кірункам справіцеся».

Генеральным дырэктарам Беларускага дзяржаўнага аб’яднання па нарыхтоўцы, перапрацоўцы і пастаўцы лому і адходаў чорных і каляровых металаў — генеральным дырэктарам ААТ «Белдругасчормет» прызначаны Сяргей Гунько. Да цяперашняга часу ён займаў пасаду дырэктара ААТ «Белколермет».
«Мы павінны другасныя рэсурсы так выкарыстоўваць, як у Швейцарыі. Я больш ад вас нічога не патрабую. Зрабіце, як у Швейцарыі. Гэта найвелізарны рэзерв для нашай эканомікі. Дамовіліся. Што рабіць, вы ведаеце лепш за мяне», — звярнуўся беларускі лідар да Сяргея Гунько.

«Мы павінны прайсці гэтыя выпрабаванні як належыць, а не так, як хочуць ад нас іншыя»
Андрэй Кунцэвіч, дагэтуль першы намеснік міністра інфармацыі, прызначаны дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Аляксандр Лукашэнка адразу папярэдзіў новага кіраўніка БІСД. «Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў павінен быць інстытутам стратэгічных даследаванняў. Я гэта падкрэсліваю асобна, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Вельмі хацелася б бачыць гэты інстытут, які, у тым ліку, можа канкурыраваць і з прэс-службай Прэзідэнта, і з Адміністрацыяй Прэзідэнта па вызначаным кірунку. І каб быў інстытут такой апорай у нашай дзейнасці на ідэалагічным фронце».
Прэзідэнт прызначыў Уладзіміра Белага начальнікам Генеральнага штаба — першым намеснікам міністра абароны. Раней Уладзімір Белы займаў пасаду намесніка міністра абароны.
Звяртаючыся да кіраўніка Генеральнага штаба, Прэзідэнт падкрэсліў, што з сённяшняга дня ён будзе пад сур’ёзнай увагай Прэзідэнта: «Вы выдатна ведаеце мае падыходы: я павінен ведаць усё, што адбываецца ва Узброеных Сілах».
Аляксандр Лукашэнка заклікаў новага кіраўніка Генеральнага штаба працаваць у кантакце з Паўлам Муравейкам, які раней займаў гэту пасаду, і пераймаць увесь вопыт, які быў назапашаны апошнім за ўвесь час.
Кіраўнік дзяржавы таксама прызначыў намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алега Дзячэнку на пасаду Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
«У нас вельмі сур’ёзныя наперадзе выпрабаванні. І мы павінны прайсці гэтыя выпрабаванні яе належыць, а не так, як хочуць ад нас іншыя, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мір, мір і толькі мір паміж рознымі канфесіямі. Беларусь — гэта замес усіх канфесій і нацыянальнасцяў. Ідзі разбярыся, якая ў цябе ці ў мяне ў жылах цячэ кроў. Нам гэта трэба? Не. І мы ніколі не разбяромся. І самае галоўнае — гэтым займацца не трэба. Добрая, нармальная, разумная, прасунутая нацыя беларусаў. Не важна, хто тут як жыў. Мы гэта ведаем з гісторыі. Таму нічога дзяліць не трэба. Я вельмі спадзяюся, што ў вас нармальная будзе сітуацыя ў гэтым плане, і вы ўсё найлепшае, што было, возьмеце для таго, каб працаваць як след».
Звяртаючыся да прызначаных кіраўнікоў, Прэзідэнт падкрэсліў: «Я далёкі ад таго, каб вас нечаму навучаць. Вы дасведчаныя людзі. Па сваіх кірунках ведаеце, што трэба рабіць. Дзейнічайце, каб вы былі бачныя і прыкметныя, таму што ў вас пасады вельмі прыкметныя. Што ў міністра гандлю, што ў кіраўніка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, што ў вас, Павел Мікалаевіч (Муравейка. — «Зв.»), што ў начальніка Генеральнага штаба. Таму галоўнае — трэба дзейнічаць, трэба рухацца наперад, не стаяць на месцы. Час такі. Будзем рухацца — паспеем туды, куды хочам першымі, — значыць, будзе вынік. Спознімся — будзем таптацца ў хвасце».
«Калі невялікая гаспадарка эфектыўна працуе, не вешайце гіры да яе ног»
Акрамя таго, Прэзідэнт узгадніў прызначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Сярод іх – старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Дубавец, старшыня Талачынскага райвыканкама Віталь Карталеўскі, старшыня Клецкага райвыканкама Дзмітрый Сасіновіч, старшыня Капыльскага райвыканкама Іван Дамашэвіч, старшыня Любанскага райвыканкама Жанна Алішэвіч, старшыня Слуцкага райвыканкама Віталь Платун, старшыня Старадарожскага райвыканкама Аляксандр Праташчык, старшыня Клімавіцкага райвыканкама Аляксандр Анжэнка, а таксама кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Мікалай Строк і кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы Аляксандр Драгун.
Звяртаючыся да прызначаных на пасады, кіраўнік дзяржавы вылучыў некалькі блокаў пытанняў, якім варта надаць пільную ўвагу. Асобны акцэнт – сельскай гаспадарцы і развіццю вёскі ў цэлым.
«Вы, напэўна, заўважылі, што я больш і больш прыцягваю работнікаў прамысловасці, гарадоў да аказання дапамогі сёлам. Чаму? Вы выдатна ведаеце, што ўсе хочуць жыць ва ўладкаваных, добрых кватэрах, у гарадах і гэтак далей. Сяло мы спустошылі прыстойна за апошні час, асабліва што датычыцца працоўнай сілы. Трэба аддаваць даўгі, як мы заўсёды пра гэта гаварылі. Таму мінчанам і іншым трэба да гэтага быць гатовымі. Ну, напрыклад, як мяне інфармуе кіраўнік Адміністрацыі, ён жа ўпаўнаважаны па Магілёўскай вобласці, яны сёння працуюць у «Гавядах» (гаворка – пра пяць прамысловых арганізацый з горада Магілёва, якія сёння працуюць у гаспадарцы «Гавяды-агра» Шклоўскага раёна. – «Зв.»). Гэта правільна, – перакананы беларускі лідар. – Калі хтосьці там тыдзень восенню, тыдзень вясной акажа падтрымку сялянам – нічога страшнага. Усе мы сваімі каранямі – сяляне. Усе. Пакапайцеся ў сябе: і любы мінчанін ці ж гомельскі чалавек знойдзе свае карані там, у гэтай зямлі. Таму трэба дапамагаць».

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб нядаўняй камандзіроўцы ў Магілёўскую вобласць, дзе ён азнаёміўся з дзейнасцю «Гавяды-агра» і дзе былі выяўлены сур'ёзныя недахопы ў арганізацыі працы. «Што датычыцца аграрыяў, і перш за ўсё вас, я вельмі б не хацеў, каб паўтарылася тое, што ў нас выявілася і ўсплыло ў «Гавядах». Як чалавек, які працаваў там, я выдатна разумею, што гэта «мядзведжы кут», куды спрабавалі, як у нас часта бывае (вы гэта, напэўна, дзе-нідзе адчулі), скінуць неперспектыўныя і цяжкія гаспадаркі. Той кут, дзе я быў, ён і ў савецкія часы такім лічыўся. Усе так глядзелі на яго: далёка, у Шклоўскім раёне і гэтак далей. Пытанне не ў тым, што далёка. Аб'ядналі пяць гаспадарак і ліквідавалі сярэднюю частку кіравання», – указаў праблему Прэзідэнт.
Зараз па даручэнні кіраўніка дзяржавы выбудоўваюць аптымальную схему для павышэння тэхналагічнай і арганізацыйнай кіравальнасці. Раней пры ўзбуйненні гаспадаркі за кошт далучэння да яе некалькіх суседніх гэтаму пытанню не было нададзена належнай увагі. У выніку ў «Гавяды-агра» не было начальнікаў участкаў, якія, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, з'яўляюцца ключавым звяном у эфектыўным кіраванні такімі буйнымі сельгасаб'яднаннямі.
«У нас жаданне з'явілася аб'ядноўваць гаспадаркі. Часам аб'ядноўваем, скідваючы (інакш не назавеш) у гэтае аб'яднанне неперспектыўныя, стратныя гаспадаркі. Што мы ад гэтага атрымаем? Каму трэба гэта аб'яднанне? – задаў заканамернае пытанне кіраўнік дзяржавы. – Аб'яднанне – не ёсць заўсёды добра. Таму не спяшайцеся, будучы старшынямі райвыканкамаў, гэта рабіць. Калі невялікая гаспадарка эфектыўна працуе, не вешайце гіры да яе ног у выглядзе стратных гаспадарак. Загубіце нармальную гаспадарку».
Ён указаў на досвед работы фермерскіх гаспадарак, якія паказваюць добрыя вынікі на значна меншых участках зямлі. «Чаму мы не можам? Трэба знайсці прычыну і прыняць адпаведныя меры. Гэта першае, вельмі важнае – арганізацыйная пабудова нашых гаспадарак, асабліва аб'яднаных, у якіх няма школы і практыкі работы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць захавання інфраструктуры сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія ўвайшлі ў склад больш буйных сельгасаб'яднанняў. Недапушчальна, калі машынныя двары ў невялікіх гаспадарках зачыняюцца, у выніку чаго тэхніку даводзіцца везці на рамонт за некалькі дзясяткаў кіламетраў.
«Трэба вельмі сур'ёзна дадаваць ва ўсіх раёнах»
Наступная надзённая тэма – уборачная кампанія. «Калі хтосьці думае, што ўборачная кампанія скончылася, той проста не аграрый. Мы толькі палову прайшлі ўборачнай кампаніі. У нас яшчэ няшмат, але льнотраста на полі. Яе трэба прыбраць, каб не згніла канчаткова. Вы бачыце, якое надвор'е стаіць. У нас палова буракоў (гэта каля 2,5 мільёна тон) у полі. У нас яшчэ хоць трошкі, але яшчэ бульба засталася. У нас яшчэ агароднінныя культуры ў полі. Але самае галоўнае – ідзе нарыхтоўка сіласу з кукурузы і ўборка кукурузы на зерне. Уяўляеце, які фронт? – акрэсліў задачы перад АПК кіраўнік дзяржавы. – Ну, а потым глебу трэба перавярнуць пад зябліва. Зябліва трэба падняць. Таму я нават баюся сёння гаварыць, што мы палову прайшлі работ летне-асенніх, якія павінны прайсці. Не расслабляйцеся. Патрэбна мабілізацыя. І вельмі сур'ёзная мабілізацыя. Не ведаю: убралі ці не, але яшчэ там некалькі гектараў у нас было і яравога рапсу. Праўда, ужо ў фермераў, у прыватнікаў. Я не думаю, што яны там аслабяць уборку і не збяруць гэты рапс. Я проста паўтараю гэта, каб вы разумелі, які каласальны аб'ём работ нам трэба будзе яшчэ ажыццявіць».
Прэзідэнт таксама анансаваў будучую размову на тэму АПК. «Дзесьці пазней, калі скончым гэтыя асенне-палявыя работы, мы сустрэнемся ў Шклоўскім раёне. Я не ведаю, у якім фармаце, паглядзім. Чаму я надаю цяпер Шклоўскаму раёну ўвагу, пра гэта ўжо гаварыў. Там мяне ніхто вакол пальца не абвядзе, я ведаю, як ён развіваецца. Там ёсць найлепшая фермерская гаспадарка ў нашай краіне – «Дзіяна». Там больш-менш выбудаваная сістэма, адміністрацыйнае або арганізацыйнае кіраванне сельскай гаспадаркай. Мы там аднавілі ўсе структуры, якія былі ў савецкія часы: райаграсэрвіс, райхімія, будаўнічая арганізацыя – яны ўсе патрэбныя».
Звяртаючыся да прызначаных старшынь райвыканкамаў, беларускі лідар дадаў, што гэты вопыт павінен быць выкарыстаны. «І вам там, дзе гэтага няма, гэта прыйдзецца зрабіць. Старшыням райвыканкамаў. Таму мы сустрэнемся і абмяркуем прадметна больш канкрэтныя пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу, – анансаваў Аляксандр Лукашэнка. – Але нам трэба дадаваць, нам трэба вельмі сур'ёзна дадаваць ва ўсіх раёнах. На тых жа зямельных участках, якія ў нас існуюць, трэба дадаваць».
«У кожнага беларуса павінен быць такі ўчастак»
«Не забывайце ўсё ж такі нашых мясцовых людзей, якія там жывуць, паварочваць тварам да сяла. Вось які раз: расіяне мяне пачулі, беларусы – не. І не толькі расіяне, нават з балтыйскіх дзяржаў, з Украіны. Калі я гаварыў: людзі добрыя, вы паглядзіце, колькі пустуючых сядзіб. Да іх можна пад'ехаць, нават на хутары. У савецкія часы лагістыка хоць нейкая існавала. У кожнага беларуса павінен быць такі ўчастак, – перакананы кіраўнік дзяржавы. – Тым больш у цэнтры Еўропы мець 40-50 сотак, прысядзібны ўчастак і дом! Навядзіце парадак вакол, каб агароджа была, каб дом глядзеўся і каб, самае галоўнае, – разаранай была зямля. 40-50 сотак! Потым гэта будзе каштаваць шалёныя грошы. Або прадасце, калі вам не трэба. Але я не думаю, што вы прадасце, калі вы сядзеце на гэтую зямлю».

Як заўважыў беларускі лідар, расіяне яго пачулі. «Рух, я здзівіўся, калі пачуў, называецца «избинг» (ад рускага «изба». – «Зв.»). Гэта значыць, хату купляюць нейкую, 40-50 сотак. Беларусь — развітая краіна, лагістыка выдатная, дарогі ўсюды ёсць. Можна на любую трасу выехаць і спакойна існаваць і жыць. Але галоўнае, што ты і твае дзеці басанож па зямлі хаця б паходзяць. Гэта велізарны фактар выхаваўчай работы для нашых дзяцей, якія, вы ведаеце, дзе сядзяць сёння… У розных гаджэтах там і іншых падобных структурах і тэхніцы. Таму паглядзіце на гэта. Трэба людзей да гэтага далучаць, – упэўнены Прэзідэнт. – Няхай яны апрацоўваюць гэтыя ўчасткі. У іх будзе свая прадукцыя. Прынамсі, будзе свой сад, куды дзеці могуць пайсці, хоць бы яблык з яблыні зняць, сарваць і з'есці. Гэта вельмі важна».
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму хацелася б, каб не толькі замежныя госці жылі на гэтых кавалачках зямлі, але і нашы беларусы. «Тым больш, шчыра кажучы, мы буйнымі, буйнатаварнымі гаспадаркамі не апрацуем гэтыя кавалачкі. Яны будуць зарастаць хмызняком ці ў лепшым выпадку, калі гэта можна так сказаць, бур’янам. Звярніце на гэта ўвагу», – заклікаў Прэзідэнт кіраўнікоў райвыканкамаў.
«Старшыні райвыканкамаў павінны працаваць з людзьмі»
Яшчэ адзін важны кірунак, на які звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, – работа з людзьмі. «Не забывайце: іншых людзей у нас не будзе. Старшыні райвыканкамаў (сёння райкама партыі, абкама няма) павінны працаваць з людзьмі. З людзьмі трэба сустракацца, размаўляць. Так, часам яны патрабуюць і мне прад'яўляюць прэтэнзіі (вы гэта бачыце) праз новыя тэхналогіі і сродкі масавай інфармацыі. Але я цярпліва да гэтага стаўлюся, разумею, што іншых людзей не будзе. На нешта рэагую, калі гэта датычыцца лёсу чалавека, калі датычыцца жыцця чалавека. На нешта не звяртаю ўвагі, калі, напрыклад, чалавек піша пра тое, што яго прымушаюць абкасіць яго ўчастак ад пустазелля», – сказаў ён.
Прэзідэнт заклікаў новых кіраўнікоў напружваць людзей там, дзе яны павінны напружвацца, дзе яны павінны рабіць сваю справу. «Прытым вельмі сур'ёзна напружвайце. Але калі чалавек мае патрэбу ў дапамозе, акажыце гэтую дапамогу і падтрымку», – звярнуўся да прысутных беларускі лідар.

«Там, дзе дзяржава не бачыць праблем, яны будуць існаваць заўсёды»
Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на важнасці такіх складнікаў работы старшыні райвыканкама, як кадры і ідэалогія. «Заўтра вы прыйдзеце ў новай якасці, у новыя калектывы. Вы будзеце кіраваць. Кіраваць часткай беларускай зямлі і сваім рэгіёнам. Не спяшайцеся. Часта прызначаючы людзей, я ім гавару: дайце шанц усім тым, з кім вы будзеце заўтра працаваць. Дайце гэтым людзям шанц. Але гэтыя людзі павінны разумець, што часу на тое, каб назіраць за імі, вывучаць, як яны будуць працаваць, няма. Яны павінны выдаваць вынік. Калі выніку няма, вы бачыце, што чалавек не бяжыць, значыць, яго трэба адвесці ў бок, каб ён не перашкаджаў вам бегчы. Каб вы не адсталі. Адстанеце, як я часта гавару, хто за вамі бяжыць, затопча вас», – даў каштоўную параду Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўнікоў райвыканкамаў, падкрэсліў, што ўсё, што знаходзіцца на іх зямлі – прадпрыемствы прамысловасці, рэспубліканскага значэння, абласнога, камунальная гаспадарка, прыватная і іншае – гэта ўсё павінна быць пад кантролем.
«Ваш канёк – гэта кадры. Кадры і ідэалогія. Асабліва кадры. Любы прыватнік, які стварае прадпрыемства або які стварыў там пасаду, узгадняе з вамі кадравую палітыку. Без вашай згоды не павінна адбывацца ў кадравым дачыненні нічога. Унікайце ва ўсё. Дзяржава павінна прысутнічаць усюды, – акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. – Не трэба ўспамінаць і думаць пра тое, як нас калісьці вучылі. Вы гэта ўжо памятаеце, хоць вы маладыя людзі. «Не трэба, гэта рынак адрэгулюе…» Адрэгуляваў? Нічога не адрэгуляваў. Там, дзе мы бачым, там, дзе мы кіруем і патрабуем (хай нават не ўсюды добра кіруем, але патрабуем, каб было так, як трэба), – там ёсць вынік. Там, дзе дзяржава не бачыць праблем, яны будуць існаваць заўсёды. Будзьце вельмі акуратнымі, цярплівымі, не крыўдзіце людзей. Гэта галоўнае. Ну і поспехаў вам усім!»
***
Кіраўнік дзяржавы таксама назначыў Сяліцкага Віктара Францавіча першым намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь;
Чаркаскага Яраслава Віктаравіча – Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Іарданскім Хашыміцкім Каралеўстве.
Акрамя таго, Прэзідэнт узгадніў назначэнне Шаўцовай Таццяны Мікалаеўны – першым намеснікам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
Езерскага Дзяніса Уладзіміравіча – першым намеснікам міністра інфармацыі;
Сідарэнку Аляксандра Пятровіча – першым намеснікам міністра культуры;
Стасюкевіча Аляксея Кірылавіча – першым намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
Глаза Аляксея Валер'евіча – намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;
Шкрэбція Сяргея Андрэевіча – начальнікам сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
Харытончыка Дзмітрыя Іванавіча – генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у горадзе Казані (Расійская Федэрацыя);
Болатава Ігара Уладзіміравіча – генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у горадзе Новасібірску (Расійская Федэрацыя);
Шалімава Аляксандра Аляксандравіча – генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у горадзе Чунцын (Кітайская Народная Рэспубліка);
Логвіна Аляксандра Мікалаевіча – кіраўніком спраў Мінскага аблвыканкама.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Даслоўна
«Неабходна дакладна разумець становішча, якое складваецца»
У размове з журналiстамi намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Павел Муравейка, адзначыў, што Прэзiдэнт дакладна абазначыў: яго назначэнне — гэта не падмена iснуючых iнстытутаў, гэта ўзмацненне Адмiнiстрацыi ў рамках стварэння паўнамаштабнай, паўнавартаснай карцiны працэсаў, што адбываюцца, з мэтай забеспячэння якаснага кiраўнiцтва краiнай i забеспячэнне Прэзiдэнта ўсёй неабходнай iнфармацыяй для прыняцця стратэгiчных рашэнняў.
«Кiраўнiк дзяржавы дакладна абазначыў, што ў рамках працэсаў, якiя адбываюцца ў свеце, вакол нашай краiны неабходна дакладна разумець становiшча, якое складваецца, i наколькi мы гатовы на яго рэагаваць. Сёння, у перыяд бурнага развiцця эканамiчнай сферы, маштабнага развiцця сацыяльнай сферы важна гарантаваць бяспеку. Гэта той кірунак, якi будзе знаходзiцца пад маiм кiраўнiцтвам з пункту гледжання работы ў Адмiнiстрацыi», — падкрэслiў Павел Муравейка.
«Ускладзеная на мяне работа павiнна забяспечыць Прэзiдэнту альтэрнатыўны пункт гледжання на працэсы, якiя адбываюцца. Гэта не значыць, што ён будзе адрознiвацца ад гэтых прадстаўнiкоў сiлавога блока. Ён будзе проста больш глыбiнны, больш усебаковы, увязаны з пытаннямi эканамiчнага i сацыяльнага развiцця нашай краiны».
«Усё астатняе — звязаныя з гэтым састаўныя часткi, якiя павiнны гэта стварыць. Гэта дыпламатычная сфера, дзе неабходна весцi дыялог з рознымi краiнамi, гэта эканомiка, гэта значыць развiццё гандлю i iнтэграцыйныя сувязi, абмен рознымi тэхналогiямi, гэта i сацыяльная сфера — абарона нашых грамадзян, забеспячэнне жыллём, прадуктамi харчавання. Гэта ўсё — складнiкi бяспекi, дзе дастаткова важкi сегмент — ваенная бяспека, гэта значыць мiр, бяспека гранiц, чыстае неба над Беларуссю i спакой нашых грамадзян», — падкрэсліў Павел Муравейка.
«Унутраны рынак i нацыянальны вытворца — у прыярытэце»
Мiнiстр антыманапольнага регулявання i гандлю Аляксандр Якоўчыц адзначыў, што задача кiраўнiком дзяржавы пастаўлена перад ведамствам дакладная i канкрэтная. «Зрабiць так, каб людзi не ставiлi пытанне па цэнаўтварэннi — гэта адзін з асноўных кiрункаў работы. Цэны павiнны быць даступныя для грамадзян.
«Урад летам прыняў шэраг рашэнняў, скiраваных на лiбералiзацыю цэн. Важны ў гэты перыяд часу маніторынг паводзін усіх удзельнікаў фарміравання кошту на ўнутраным рынку, каб задачы, якія паставіў Прэзідэнт, былі выкананы, — заўважыў новы кiраўнiк. — Другi блок пытанняў — гэта, безумоўна, работа, звязаная з абаронай унутранага рынку, але абаронай не праз стварэнне пэўнага кшталту бар’ераў па доступе дабраякаснай прадукцыi на ўнутраны рынак, а абарона перш за ўсё, выкарыстоўваючы любыя iнструменты падтрымкi нацыянальнага вытворцы. Усе краiны свету абараняюць свае рынкi, i калi мы прыходзiм са сваёй прадукцыяй, а мы робiм гэта дастаткова паспяхова, любая краiна ў першую чаргу iмкнецца стварыць кампетэнцыi па вытворчасцi i перапрацоўцы сельгаспрадукцыi, прадуктаў харчавання ў сябе ў краiне. У нас усе кампетэнцыi даўно сфармiраваныя. Нам трэба зрабiць так, каб унутраны рынак i нацыянальны вытворца быў у прыярытэце, не ўшчымляючы ўсiх тых, хто добрасумленна працуе на ўнутраным рынку i пастаўляе нам дабраякасную прадукцыю», — патлумачыў мiнiстр антыманапольнага регулявання i гандлю. Ён таксама адзначыў, што павiнен быць «дыялог з вытворцам (паколькi нацыянальны вытворца ўжо выпускае дастаткова канкурэнтаздольны тавар i па якасцi, перш за ўсё, i па цане) i дыялог з прадстаўнiкамi рознiчнага гандлю. У нас рознiчны гандаль, незалежна ад формы ўласнасцi, па сутнасцi, дзяржаўны. I разуменне тых задач, якiя ставiць Прэзiдэнт, я лiчу, ёсць».
«З пастаўленымi задачамi Генеральны штаб справiцца паспяхова»
У размове з журналiстамi новы начальнiк Генеральнага штаба Узброеных Сiл — першы намеснiк мiнiстра абароны Уладзiмiр Белы адзначыў: «Часта мы забываем, што ёсць такая паслуга, якую аказваюць ваенныя свайму народу, — гэта ваенная бяспека. Калi казаць аб Генеральным штабе — гэта той орган ваеннага кiравання, якi забяспечвае будаўнiцтва, развiццё Узброеных Сiл, забяспечвае непасрэдна кiраўнiцтва Узброенымi Сiламi, падрыхтоўку i, вядома, у самы складаны час — вядзенне ваенных дзеянняў. Калi выбудаваць работу правiльна з прагнозам на будучыню, то мы лiчым, што магчыма пазбегнуць самай складанай сiтуацыi, ваенных дзеянняў, — канкрэтызаваў Уладзiмiр Белы.
Ён адзначыў, што галоўная задача Прэзiдэнта да людзей у пагонах — неабходна рыхтавацца да вайны так, каб яна нiколi не наступiла. «Гэта асноўная наша мэта i задача. У нас для гэтага ўсё ёсць. Мы ведаем усе тыя рызыкi, пагрозы, якiя iснуюць i якiя могуць паўстаць. Абстаноўка дынамiчная, яна заўсёды прыўносiць пэўныя змяненнi, але самае асноўнае ўжо вызначана i ў гэтым напрамку будзем рухацца. Упэўнены, што з пастаўленымi задачамi Генеральны штаб справiцца паспяхова», — рэзюмаваў Уладзімір Белы.
Незалежна ад рэлiгiйнай i нацыянальнай прыналежнасці адчуваць сябе дома
Упаўнаважаны па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Алег Дзячэнка ў размове з журналiстамi заўважыў, што мэты i задачы ў дзяржаўнай палiтыцы ў сферы этнаканфесiянальных адносiн нязменныя — захаванне этнаканфесiянальнага мiру ў нашай краiне, грамадзянскай згоды. Ён адзначыў, што на тэрыторыi нашай краiны пражываюць прадстаўнiкi 156 нацый i народнасцяў. «I сёння наша дзяржава ў якасцi галоўнага рэгулятара канфесiйных i этнанацыянальных працэсаў зрабiла ўсё для таго, каб усе грамадзяне незалежна ад рэлiгiйнай i нацыянальнай прыналежнасці адчувалi сябе дома», — адзначыў Упаўнаважаны па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў. Ён звярнуў увагу, што вельмi важна выкарыстоўваць духоўны патэнцыял гiстарычных, традыцыйных рэлiгiй, бо iх галоўная мэта — умацаванне нацыянальнай i дэмаграфiчнай бяспекi, а таксама захаванне iнстытута сям’i i шлюбу.
«З улiкам новых выклiкаў, рызык, якiя адбываюцца, i якiя яскрава вызначылiся на знешнiм контуры нашай краiны, будзем працаваць i далей захоўваць той баланс i раўнавагу, якiя гiстарычна склалiся на тэрыторыi нашай краiны памiж прадстаўнiкамi розных веравызнанняў i нацыянальна-этнiчных абшчын. Гэта наша стратэгiчная мэта i самая галоўная задача», — сказаў ён.
Алег Дзячэнка лiчыць, што важны таксама кiрунак работы з суайчыннiкамi за межамі краіны. «Будзем iмкнуцца да таго, каб выкарыстоўваць патэнцыял нашых дарагiх беларусаў, што пражываюць у iншых рэгiёнах свету, каб яны ўлiчвалi iнтарэсы нашай краiны i працавалi на сваю гiстарычную радзiму, гэта вельмi важна сёння», — рэзюмаваў ён.
Зямля і людзі даюць магчымасць працаваць
Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Iрына Дубавец паабяцала прыкласцi максiмальныя намаганнi, каб раён з «паўночнага полюса» стаў эканамiчна прывабным: прыцягнуць iнвестыцыi i падымаць сельскую гаспадарку, бо зямля дае для гэтага магчымасцi. «Трэба проста працаваць 24 гадзiны 365 дзён у годзе», — лiчыць Iрына Дубавец. Акрамя аграпрамысловага комплексу, новы кіраўнік раёна бачыць патэнцыял i ў турызме.
Старшыня Старадарожскага райвыканкама Аляксандр Праташчык у размове з журналiстамi адзначыў, што ён сам родам са Старых Дарог, таму працаваць з людзьмі яму будзе лёгка. Сярод складанасцяў раёна — кадравы дэфiцыт у сельскай гаспадарцы, гэта праблема характэрная для многiх гаспадарак, — адзначыў новы кiраўнiк раёна. Вырашаць яе плануе праз аптымiзацыю i аўтаматызацыю, без прыцягнення працоўных мігрантаў. «Нашы людзi добра працуюць i павiнны працаваць на сваёй зямлi», — лiчыць старшыня Старадарожскага райвыканкама.
Надзея ЗУЕВА