Top.Mail.Ru

Кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС падпісалі шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве па выніках пасяджэння ў Чалпон-Аце

Кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС падпісалі шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве па выніках пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў Чалпон-Аце (Кыргызстан), паведамляе БелТА.



ЕАЭС застаецца фактарам стабільнасці ў Еўразійскім рэгіёне. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр ТУРЧЫН на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе, якое прайшло ў Чалпон-Аце (Кыргызстан).

«Алічбаваныя вынікі работы па нашай інтэграцыі сведчаць аб тым, што аб’яднанне застаецца фактарам стабільнасці ў Еўразійскім рэгіёне. Аднак станоўчая дынаміка эканамічнага росту ў ЕАЭС не павінна прыводзіць да самазаспакоенасці. Прэзідэнт Беларусі на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 

29 мая бягучага года ў Астане заклікаў не забываць аб першапачатковых амбіцыйных мэтах, а таксама аб сур’ёзных кампрамісах, на якія пайшлі краіны дзеля іх дасягнення пры стварэнні саюза. Патрэбны пастаянны рух наперад у мэтах паслядоўнага ўмацавання інтэграцыі», — сказаў Аляксандр Турчын.

 

Ён адзначыў, што на пасяджэнні абмяркоўваюцца сапраўды актуальныя кірункі супрацоўніцтва. «Нам трэба паспрабаваць знайсці адэкватныя адказы на прынесеныя звонку ў нашы краіны вострыя сітуацыі, якія мы вымушаны пераадольваць. Падрыхтаваныя дакументы нацэлены на вырашэнне канкрэтных задач, запатрабаваных бізнесам і грамадзянамі нашых краін», — абазначыў Прэм’ер-міністр.

«Такі арыентаваны на вынік падыход, які мы практыкуем у ЕАЭС, дае магчымасць паступальна развіваць канструктыўнае супрацоўніцтва ў саюзе, нягледзячы на знешнія фактары і спробы нашых апанентаў размыць еўразійскі рух, навязаць нам палітыку ізаляцыі», — рэзюмаваў кіраўнік беларускага ўрада.

«Патрэбны пастаянны рух наперад для паслядоўнага ўмацавання інтэграцыі. Адным з ключавых кірункаў у гэтым кантэксце з’яўляецца развіццё прамысловай і аграпрамысловай кааперацыі», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Яшчэ адным кірункам для пільнай увагі ЕАЭС Прэм’ер-міністр назваў далейшую актыўную лінію на знешнім контуры, якая павінна поўнамаштабна рэалізоўваць патэнцыял саюза і ўмацаваць эканамічныя пазіцыі краін-удзельніц аб’яднання ў свеце. Еўразійскі праект і яго інтэграцыйны маштаб першапачаткова арыентаваны на шматпланавае гандлёва-эканамічнае партнёрства і кааперацыю са знешнім светам, падкрэсліў Аляксандр Турчын.  
 

Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што глабальная эканоміка перажывае этап маштабнай пераналадкі. «Свет няўхільна рухаецца да шматпалярнасці, множнасці пунктаў эканамічнага прыцягнення. Усе гэтыя працэсы суправаджаюцца ўзрушэннямі, якія аказваюць істотны ўплыў на эканамічны клімат і ў нашым рэгіёне. Справіцца з гэтымі выклікамі ў адзіночку вельмі складана, а часам немагчыма. Таму, як ніколі раней, актуальныя салідарнасць, згуртаванасць, гатоўнасць да кааперацыі і пошуку кансэнсусу. Цяпер не час для раз’яднання і замыкання ў шкарлупіну выключна нацыянальных інтарэсаў. Упэўнены, што разам нам па сіле пераадолець самыя складаныя перашкоды, а прынятыя на сённяшнім пасяджэнні рашэнні наблізяць нас яшчэ на адзін крок да гэтай мэты», — падкрэсліў ён.

Па выніках пасяджэння кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС падпісалі шэраг дакументаў.

• У прыватнасці, падпісана пагадненне аб электронным гандлі таварамі ў ЕАЭС. 

Дакумент накіраваны на забеспячэнне ўзаемнага электроннага гандлю ў рамках унутранага рынку ЕАЭС, выкананне правоў і законных інтарэсаў яго ўдзельнікаў, а таксама на вызначэнне правілаў узаемадзеяння паміж імі.

• У спісе дакументаў таксама — пагадненне аб допуску брокераў і дылераў адной дзяржавы — члена ЕАЭС да ўдзелу ў арганізаваных таргах біржаў (арганізатараў гандлю) іншых дзяржаў — удзельніц. Пагадненне дапаможа стварыць механізм узаемнага прызнання ліцэнзій, што дасць магчымасць нацыянальным біржам прызнаваць ліцэнзіі брокераў і дылераў, выдадзеныя ўпаўнаважанымі органамі дзяржаў — удзельніц, і забяспечваць ім магчымасць непасрэднага ўдзелу ў арганізаваных таргах для заключэння дагавораў куплі-продажу каштоўных папер і вытворных фінансавых інструментаў.

• Акрамя таго, падпісана пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб вучоных званнях у дзяржавах — членах ЕАЭС. Прызнанне прадугледжана ў рамках працоўнай міграцыі для ажыццяўлення іх уладальнікамі прафесійнай дзейнасці ў дзяржаве працаўладкавання ў адпаведнасці з прысвоенымі ім вучонымі званнямі.

У Чалпон-Аце Аляксандр Турчын правёў таксама кароткую рабочую сустрэчу з першым намеснікам міністра энергетыкі Расіі Паўлам Сарокіным. Бакі абмеркавалі актуальныя стратэгічныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва і развіццё энергетычных рынкаў.

Чарговае пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета вырашана правесці ў Мінску 1–2 кастрычніка 2026 года, сумясціўшы па часе з выстаўкай «ІНАПРАМ. Беларусь».

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю