Top.Mail.Ru

Кіраўнікі алімпійскіх камітэтаў Беларусі і Амана дамовіліся аб паглыбленні супрацоўніцтва

У сталіцы Амана Маскаце адбылася сустрэча прэзідэнта НАК Беларусі Віктара Лукашэнкі з кіраўніком алімпійскага камітэта Амана Азанам Аль Саідам, паведамілі БелТА ў прэс-службе НАК.



Бакі абмеркавалі кірункі ўзаемадзеяння ў галіне фізічнай культуры і спорту. Годам раней алімпійскія камітэты дзвюх краін ужо падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве. Беларусь і Аман плануюць развіваць сувязі паміж федэрацыямі ў лёгкай і цяжкай атлетыцы, у плаванні, тхэквандо, веласпорце і фехтаванні.

«У нас склаліся сяброўскія адносіны з алімпійскім камітэтам Амана. Мы будзем падмацоўваць дасягнутыя дамоўленасці і падпісаныя раней пагадненні канкрэтнымі дзеяннямі. Хоць мы знаходзімся далёка адзін ад аднаго, аманцы і беларусы шмат у чым падобныя. Мы пакажам усе нашы напрацоўкі і дапаможам развіваць цікавыя Аману кірункі і віды спорту. Пры гэтым упэўнены, і нам ёсць чаму ў вас навучыцца», — адзначыў Віктар Лукашэнка.

«Рады, што адносіны паміж дзвюма нашымі арганізацыямі ў сферы спорту развіваюцца, і ёсць шмат розных кірункаў для паглыблення супрацоўніцтва. Згодны, паміж нашымі краінамі шмат падобнага і вопыт вашай краіны ў падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву нам вельмі цікавы. Аман можа выступіць для Беларусі ў якасці вучня і вывучыць, як дамагацца поспехаў на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях», — сказаў Азан Аль Саід.

Супрацоўніцтва прадугледжвае ўдзел атлетаў у спаборніцтвах на тэрыторыі абедзвюх краін; арганізацыю сумесных вучэбна-трэніровачных збораў; абмен спецыялістамі; кааперацыю ў дзіцяча-юнацкім спорце; удзел у кангрэсах, канферэнцыях, семінарах і курсах; абмен вопытам у сферы будаўніцтва спартыўных аб’ектаў, у галіне спартыўнай медыцыны, маркетынгу, арганізацыі мерапрыемстваў і гэтак далей.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю