Ірына Сівак — начальнік участка гатовай прадукцыі на вялізным прадпрыемстве — Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. На гэтай пасадзе жанчына працуе васямнаццаты год, усяго ж рабоце на камбінаце яна аддала 28 гадоў. Прызнацца шчыра, калі я пазнаёмілася з Ірынай Леанідаўнай, не магла стрымаць свайго здзіўлення: як гэтай мілай далікатнай жанчыне штодзень прыходзіцца спраўляцца з такім значным аб’ёмам работы, адказваць за жыццядзейнасць такога вялікага ўчастка.
— Мой сакрэт просты, — прызнаецца Ірына Леанідаўна. — У кожную справу я ўкладваю часцінку душы. Нягледзячы на тое, што працую не адзін дзясятак гадоў, пастаянна адкрываю для сябе штосьці новае, імкнуся зрабіць сваю работу на высокім узроўні і ніякіх цяжкасцяў не заўважаю.
Ірына Леанідаўна курыруе работу двух вялікіх участкаў. З аднаго склада па ўсіх гарадах Беларусі і за мяжу накіроўваецца цэлюлоза, а з другога ва ўсе куткі нашай краіны пастаўляюцца гофраскрыні. У падначаленні кіраўніка ўчастка знаходзяцца 38 чалавек, сярод якіх жанчыны рознага ўзросту.
— Мая задача — забяспечыць бесперабойную работу склада, — працягвае суразмоўніца. — Склады трэба забяспечыць прадукцыяй для найбліжэйшых паставак. Тут заўсёды павінны быць месцы для напаўнення прадукцыяй з вытворчых памяшканняў. Работу трэба наладзіць без збояў, людзі павінны быць забяспечаны ўсім неабходным. Адным словам, прадукцыя загружаецца аператыўна. Пасля загрузкі выпісваюцца накладныя, прадстаўнік таго ці іншага прадпрыемства іх атрымлівае — і тавар накіроўваецца ў прызначанае месца.
Ірына Леанідаўна расказвае мне аб сваіх насычаных працоўных буднях. З цікавасцю слухаю суразмоўніцу — і на момант уяўляю яе юнай выпускніцай Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума, якая вызначалася з прафесіяй. Бабуля Ірыны Тамара Піліпаўна Сівак, якая ў той час працавала на цэлюлозна-кардонным камбінаце галоўным бухгалтарам, параіла ўнучцы ўладкавацца на прадпрыемства кладаўшчыком. Дзяўчына пагадзілася і за кароткі час увайшла ў курс спраў.
— Мая работа мне заўсёды падабалася тым, што тут няма руціны. Кожны дзень я спасцігала штосьці новае. Абраная прафесія стала для мяне справай усяго жыцця.
Паколькі Ірына Леанідаўна праявіла сябе добрасумленнай работніцай, якой можна даручыць адказную работу, праз кароткі час яна была прызначана старшым кладаўшчыком, затым стала намеснікам начальніка ўчастка гатовай прадукцыі. І вось жанчына ўзначальвае гэты ўчастак.
— Вельмі важна тое, што я не толькі займаюся любімай справай, але і працую ў зладжаным і дружным калектыве аднадумцаў, — падкрэслівае Ірына Леанідаўна. — Нягледзячы на тое, што многія мае падначаленыя толькі пачынаюць свой працоўны шлях, я з упэўненасцю магу даручыць ім любую адказную работу, бо ведаю, што яны з ёй паспяхова справяцца.
Тут жа, на прадпрыемстве, 28 гадоў адпрацаваў майстрам пагрузачна-разгрузачных работ транспартна-лагістычнага ўпраўлення і свёкар Ірыны Леанідаўны Аркадзь Іванавіч Сівак, а цяпер працуюць муж Андрэй Аркадзьевіч і сын Аляксей. Андрэй Аркадзьевіч з мінулага года працуе начальнікам упраўлення тэхнічнага кантролю. Аляксей скончыў Мінскі энергетычны каледж, спецыяльнасць «Тэхнік-цеплатэхнік», і прыйшоў працаваць на цэлюлозна-кардонны камбінат у 2023 годзе машыністам паравой турбіны.
Адслужыў у арміі — і зноў вярнуўся на камбінат.
Працоўныя будні патрабуюць шмат энергіі і сіл. Калі ж наступаюць выхадныя дні, Ірына Леанідаўна і Андрэй Аркадзьевіч праводзяць час з любімай сям’ёй.
Акрамя сына Аляксея, у сям’і ёсць яшчэ дзве дачкі. Старэйшая, Вольга, — дзесяцікласніца, а малодшая, Паліна, вучыцца ў шостым класе. Бацькі разам з дзецьмі часам ездзяць на лецішча, дзе будуецца дом. Актыўна працуюць і на ўчастку каля дома, які застаўся ў спадчыну ад родных, у вёсцы. Ірына Леанідаўна з задавальненнем працуе ў агародзе, захапляецца кветкамі, ёсць тут месца і для маладых дрэўцаў. А вось Андрэй Аркадзьевіч у летні час вельмі любіць парыбачыць.
— Кожную справу — і на прадпрыемстве, і на прысядзібным участку — мы робім з любоўю.
А калі работу выконваць з душой, яна абавязкова прынясе карысць, — кажа Ірына Леанідаўна. І колькі ж жыццёвай мудрасці захоўваецца ў гэтых словах.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД