Следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці ўстаноўлены абставіны ўхілення ад выплаты буйной сумы падаткаў у сферы гандлю шыннай прадукцыяй.
Па даных следства, кіраўнік прыватнай фірмы распрацаваў злачынную схему, заснаваную на выкарыстанні падкантрольнага замежнага суб’екта гаспадарання, уладальнікам якога з’яўляўся ён сам. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Раман Зармаеў, сутнасць схемы заключалася ў стварэнні штучнага ланцужка продажаў аўтамабільных шын. На працягу некалькіх гадоў тавары ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў спачатку набываліся падкантрольным замежным суб’ектам, а потым перапрадаваліся з нацэнкай беларускай фірме, якой кіраваў абвінавачаны. Аналагічныя транзітныя аперацыі з нацэнкай праводзіліся і ў зваротным напрамку. У далейшым прадукцыя рэалізоўвалася ў Беларусі і Расіі.
Следствам устаноўлена, што дырэктар наўмысна завышаў расходы сваёй беларускай кампаніі, штучна павялічваючы сабекошт тавару праз здзелкі з уласным замежным прадпрыемствам.
Злачынная дзейнасць фігуранта выяўлена супрацоўнікамі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці па выніках правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.
Падчас следства дапытаны абвінавачаны і больш за 100 сведкаў, праведзены шэраг камп’ютарна-тэхнічных экспертыз, падрабязна прааналізавана дакументацыя і ўстаноўлены ланцужок руху грашовых сродкаў па банкаўскіх рахунках.
У выніку супрацьзаконных маніпуляцый падатковая база па падатку на прыбытак была заніжана больш чым на 4 мільёны рублёў. Дзяржаўны бюджэт недаатрымаў больш за 800 тысяч рублёў падатковых плацяжоў.
Пад ціскам неабвержных доказаў жыхар Брэста прызнаў віну і актыўна супрацоўнічаў са следствам. Ён поўнасцю кампенсаваў прычынены дзяржаве ўрон і заплаціў крымінальна-прававую кампенсацыю.
Па выніках расследавання дырэктару фірмы прад’яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, якое прывяло да прычынення ўрону ў буйным памеры. Жыхар Брэста падаў хадайніцтва аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці, хаця добра разумеў, што законнае вядзенне бізнесу і выплата падаткаў з’яўляюцца асновай эканамічнай бяспекі дзяржавы. А выкарыстанне фіктыўных схемаў для ўхілення ад падатковай адказнасці цягне за сабой крымінальную адказнасць.