Падтрымка маладых таленавітых атлетаў — гэта рэальныя інвестыцыі ў будучыя поспехі беларускага спорту. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка на адкрыцці пятага Нацыянальнага форуму атлетаў у Мінску, паведамляе БелТА.
«Сёлета беларускаму НАК споўнілася 35 гадоў, і ў сувязі з гэтым дадзены старт новаму праекту „35 Герояў Будучыні“. Яго мэта — падтрымка таленавітых спартсменаў, якія складаюць рэзерв нацыянальных і зборных каманд Беларусі», — адзначыў Віктар Лукашэнка. Сёння з ліку ўсіх кандыдатаў ва ўзросце ад 15 да 21 года, накіраваных федэрацыямі па відах спорту, найбольш перспектыўныя атлеты атрымалі прызы і грашовыя сертыфікаты на спартыўную падрыхтоўку ў памеры 35 тыс. рублёў на год.
Кіраўнік НАК таксама падкрэсліў, што апошнім часам намецілася станоўчая тэндэнцыя: беларусы і расіяне вяртаюцца на міжнародную арэну і могуць на роўных з калегамі з усяго свету выступаць на турнірах са сваёй нацыянальнай сімволікай. «Гэта вынік нашай пастаяннай работы з міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі, і, спадзяюся, у хуткай будучыні ўсе санкцыі і байкоты будуць адменены. Асобны дзякуй нашым расійскім калегам, якія дапамаглі нам у гэты складаны час, мы і ў далейшым будзем разам ісці наперад», — дадаў ён.

Галоўныя тэмы V Нацыянальнага форуму — развіццё асабістага брэнда спартсмена, эфектыўная камунікацыя са СМІ, пабудова паспяховай кар’еры ў спорце і медыя. У праграме — выступленні вядомых спецыялістаў у галіне спорту, журналістыкі і блогінгу. У рамках экспертнай дыскусіі «Спорт насуперак» сваімі думкамі падзеляцца чэмпіёны і прызёры Алімпіяд, чэмпіянатаў свету і Еўропы з Беларусі і Расіі — Дар’я Домрачава, Аляксандр Багдановіч, Ганна Гуськова, Анастасія Фесікава і Мікалай Гуляеў. Для юных спартсменаў будуць арганізаваны майстар-класы ад расійскіх і беларускіх алімпійцаў па хакеі, плаванні, фігурным катанні і жаночай барацьбе.

Нацыянальны форум атлетаў — адукацыйны праект, арганізаваны Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі сумесна з Расійскім міжнародным алімпійскім універсітэтам.