Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад міністра ўнутраных спраў

Кіраўніку дзяржавы даложана аб аператыўнай абстаноўцы, якая склалася ў мінулыя святочныя дні, рабоце па забеспячэнні аховы грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, спецыфіцы злачынстваў і правапарушэнняў у гэты перыяд, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Як было адзначана, аператыўнае становішча ў краіне спакойнае і знаходзіцца пад кантролем.


Іван Кубракоў таксама далажыў аб праверцы гатоўнасці ўнутраных войскаў і некаторых падраздзяленняў органаў унутраных спраў. Гэтыя мерапрыемствы маюць планавы характар і рэалізуюцца ў рамках даручэнняў, якія раней даваліся кіраўніком дзяржавы. У тым ліку правяраецца працаздольнасць тэхнікі, зладжанасць дзеянняў асабовага складу. Акрамя таго, з улікам складаных умоў надвор’я МУС аказвае дапамогу ў рэгіёнах і горадзе Мінску ў расчыстцы тэрыторый ад снегу. Прыняты неабходныя меры па лініі Дзяржаўтаінспекцыі.

«Ні аднаго злачынства ў месцах правядзення святочных гулянняў не дапушчана»

Падрабязнасці даклада Прэзідэнту Іван Кубракоў агучыў у размове з журналістамі. Міністр адзначыў, што кіраўнік дзяржавы пастаянна трымае пад кантролем аператыўную абстаноўку ў краіне. У прыватнасці, у першы дзень новага года міністр унутраных спраў ужо дакладваў Аляксандру Лукашэнку аб забеспячэнні аховы грамадскага парадку ў навагоднія святы, менавіта ў навагоднюю ноч.

«Аператыўная абстаноўка ў краіне спакойная, знаходзіцца пад кантролем, — падкрэсліў у размове з журналістамі кіраўнік міліцэйскага ведамства. — На жаль, у навагоднія святы не абышлося без учынення злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх. За восем дзён студзеня ў краіне здзейснена пяць забойстваў. Так, гэта менш, чым летась, але, на жаль, гэта чалавечыя жыцці. Таксама здзейснена 14 злачынстваў, звязаных з прычыненнем грамадзянам цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Усе злачынствы раскрыты, устаноўлены падазраваныя».

Міністр унутраных спраў удакладніў, што практычна ўсе злачынствы здзейснены па месцы жыхарства грамадзян. Як правіла, пасля распіцця спіртных напояў. Прычынай аднаго з забойстваў, са слоў падазраванай, стала разыходжанне ў меркаванні, куды павесіць тэлевізар. «Гучыць банальна, але элементарныя прычыны прывялі да здзяйснення злачынства, — акцэнтаваў увагу Іван Кубракоў. — Звяртаючыся да ўсіх нашых грамадзян, хачу папрасіць: заўсёды думайце, што вы робіце!» 

За восем дзён новага года, па інфармацыі МУС, у краіне здзейснена сем хуліганстваў, усе падазроныя ўстаноўлены. Як правіла, правапарушэнні звязаны з пашкоджаннем маёмасці.

Па словах міністра, не на шмат, але павялічылася колькасць махлярстваў, учыненых дыстанцыйна. «Перш чым здзяйсняць пэўныя дзеянні, падумайце. Любую інфармацыю пераправярайце, калі гэтыя дзеянні здзяйсняюцца асабліва дыстанцыйна», — парэкамендаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства.

Асобнай тэмай даклада кіраўніку дзяржавы прагучала забеспячэння аховы грамадскага парадку ў зімовыя святы і пры правядзенні святочных мерапрыемстваў. А іх у краіне прайшло нямала ў краіне. Толькі ў навагоднюю ноч адбылося звыш дзвюх тысяч святочных мерапрыемстваў. 

«Ахова грамадскага парадку забяспечана. Ні аднаго злачынства ў месцах правядзення святочных гулянняў не дапушчана», — праінфармаваў Іван Кубракоў. 

У гэтай сувязі міністр унутраных спраў звярнуўся да беларусаў са словамі падзякі за правапаслухмяныя паводзіны. 

Што датычыцца адміністрацыйных правапарушэнняў, міністр дадаў, што, нягледзячы на ўмовы надвор’я, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў прыняты ўсе неабходныя меры. Адзначаецца зніжэнне дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх пацярпелі і загінулі грамадзяне. 

«Сёлета ў навагоднюю ноч (такога ніколі не было) цялесныя пашкоджанні атрымаў толькі адзін грамадзянін, — заўважыў кіраўнік ведамства. — Мужчына дарослы, які выкарыстоўваў піратэхніку, набытую год-два таму, траўміраваўся па неасцярожнасці».

Па словах міністра, такі вынік, калі навагодняя ноч прайшла практычна без траўм, удалося дасягнуць найперш дзякуючы прафілактычнай рабоце сродкаў масавай інфармацыі. У адрас супрацоўнікаў медыя прагучалі словы ўдзячнасці.

«Мы пачалі падрыхтоўку да гэтых мерапрыемстваў загадзя, — праінфармаваў кіраўнік МУС. — Натуральна, праводзіліся прафілактычныя мерапрыемствы з грамадзянамі, якія знаходзяцца ў нас на ўліку. І гэта работа дала вынік. Практычна ў два разы зменшылася колькасць забойстваў у параўнанні з мінулым годам».

Іван Кубракоў праінфармаваў, што ў органы ўнутраных спраў штосутачна паступае больш як 5 тысяч паведамленняў. «Паведамленні вельмі розныя: ад сямейна-бытавога скандалу да ўзброенага нападзення, — канкрэтызаваў ён. — Натуральна, арганізавана работа па аператыўным рэагаванні на ўсе паведамленні грамадзян, уся неабходная дапамога аказваецца».

Акрамя таго, у органы ўнутраных спраў звяртаюцца кіраўнікі мясцовай улады з просьбай аказаць дапамогу ў ліквідацыі наступстваў, выкліканых моцнымі снегападамі. Міліцыянеры дапамагаюць грамадзянам у прыборцы тэрыторыі ад снегу як у Мінску, так і ў абласных цэнтрах. Па словах міністра, абстаноўка знаходзіцца пад кантролем, праблемных пытанняў не ўзнікае. 

«Гатовы забяспечыць бяспеку нашых грамадзян»

Што датычыцца праверкі гатоўнасці ўнутраных войскаў і некаторых падраздзяленняў органаў унутраных спраў, аб чым таксама было даложана Прэзідэнту, падобныя мерапрыемствы ведамствам праводзяцца на пастаяннай аснове. «Пастаянна трымаем руку на пульсе, — канкрэтызаваў Іван Кубракоў. — Бачым, што адбываецца вакол нашых граніц. Мы праверым гатоўнасць як тэхнікі, так і асабовага складу да дзеянняў у асаблівых умовах. Акрамя таго, мы правяраем гатоўнасць нашых спецпадраздзяленняў да супрацьдзеяння ДРГ (дыверсійна-разведвальным групам. — „Зв“): пачынаючы горадам Мінскам, заканчваючы ўсімі рэгіёнамі краіны».

«Мы пастаянна аналізуем сітуацыю, якая адбываецца ў свеце, і, натуральна, мяняем тактыку дзеянняў, у тым ліку і па гатоўнасці дзейнічаць у асаблівых умовах, — дадаў ён. — Усе падраздзяленні органаў унутраных спраў і падраздзяленні ўнутраных войскаў гатовы забяспечыць бяспеку нашых грамадзян. Для гэтага ёсць усё неабходнае: і тэхніка, і ўзбраенне. Асабовы склад гатовы дзейнічаць у любых умовах. Сітуацыя спакойная і знаходзіцца пад кантролем».

Пачынаючы з 25 снежня, МУС працуе па ўзмоцненым варыянце нясення службы. У выхадныя асабіста міністр унутраных спраў заязджаў у райаддзелы, гутарыў з асабовым складам, правяраў боегатоўнасць, эпікіроўку. «Гэта ў тым ліку паказвала асабоваму складу, што міліцыя павінна быць гатова дзейнічаць заўсёды, — патлумачыў Іван Кубракоў. — Цяпер мы праверым баяздольнасць падраздзяленняў унутраных войскаў. Ніякай надзвычайнай сітуацыі няма. Гэта запланаванае мерапрыемства. Аб гэтым раней гаварыў і Прэзідэнт, што ўсе падраздзяленні любога сілавога блоку павінны быць у пастаяннай гатоўнасці». 

У ходзе праверкі плануецца рэалізаваць шэраг пастаўленых уводных задач. Сярод іх — праверка дзеянняў па аналагічных сітуацыях, якія не так даўно адбываліся за мяжой. Падчас правядзення падрыхтоўкі асабовага складу да аховы грамадскага парадку ў святочныя дні, у прыватнасці, правяраліся не толькі месцы, дзе праводзіліся масавыя гулянні, а і ўсе гандлёвыя цэнтры. 

«Мы нічога не забываем, — падкрэсліў міністр унутраных спраў. — Не забываем, як у адной з краін выехаў аўтатранспарт на пешаходную дарожку. Не забываем пра тэрарыстычны акт, які адбыўся ў Расійскай Федэрацыі ў гандлёвым цэнтры. Мы пастаянна праводзім спецыяльную работу ў даным кірунку, у тым ліку і цяпер. Асабовы склад павінен быць пастаянна гатовы».

Супрацоўнікі ўнутраных спраў у кругласутачным рэжыме забяспечваюць бяспеку нашых грамадзян, унутраныя войскі нясуць службу ў прыграніччы. «Сітуацыі могуць быць розныя, — удакладніў міністр. — У супрацьдзеянні дыверсійна-разведвальным групам, вядома, патрабуецца спецыяльная падрыхтоўка. Задачу гэту выконваюць спецыяльныя падраздзяленні, таму іх гатоўнасць мы таксама павінны праверыць. У нас ёсць новае падраздзяленне, якое мы стварылі літаральна два гады таму, пэўныя — год таму. Мы цяпер паглядзім, наколькі яны гатовы да такіх дзеянняў. Натуральна, з улікам гэтага правядзём аналіз, разбор і прымем дадатковыя меры».

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю