Top.Mail.Ru
131

Кіраўнік ДКНТ расказаў аб інавацыях

Акумулятары для аўтапрама, магутныя трактары, штучны інтэлект для АПК

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніс Каржыцкі падчас пасяджэння калегіі ведамства расказаў аб інавацыйных праектах у прамысловасці, АПК і медыцыне, якія рэалізуюцца ў Беларусі, перадае БелТА.

«Цяпер актыўна ідзе напаўненне навукова-тэхнічных праграм і Дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця. Выконваюцца патрабаванні кіраўніка дзяржавы для таго, каб забяспечыць уключэнне ў гэтыя праграмы толькі эфектыўных распрацовак, якія сапраўды даюць уклад у развіццё краіны менавіта па прыярытэтных кірунках навукова-тэхнічнай дзейнасці — гэта рабатызацыя, біятэхналогіі і іншыя. За два месяцы ў дзяржпраграму ўключана толькі дзве распрацоўкі, хоць на экспертызе знаходзілася каля двух дзясяткаў праектаў. Зараз распрацоўшчыкі дапрацоўваюць праекты так, каб забяспечыць іх эфектыўнасць і навізну», — сказаў Дзяніс Каржыцкі.

У ліку праектаў, якія прайшлі экспертызу, — аўтаматызаваная вытворчасць акумулятарных батарэй для аўтапрама. «Распрацоўшчыкі ўкараняюць сістэму рабатызацыі ў агрэсіўных асяроддзях, забяспечваюць высокую прадукцыйнасць на ўзроўні краін Еўрасаюза», — адзначыў старшыня ДКНТ.

На Салігорскай птушкафабрыцы пабудавана інавацыйная перапёлкавая ферма замкнёнага цыклу з аўтаматызаваным зборам і пакаваннем таварнага яйка. На птушкафабрыцы рэалізуецца праект па ўкараненні машыннага зроку. Як адзначыў Дзяніс Каржыцкі, гэта праект VI тэхналагічнага ўкладу, прыклад таго, як тэхналогіі штучнага інтэлекту павышаюць прадукцыйнасць працы.

Па словах старшыні ДКНТ, дзяржпраграма ахоплівае ўсе прыярытэтныя кірункі навукова-тэхнічнага развіцця. У прыватнасці, ёсць праект па вытворчасці новых відаў энерганасычаных трактароў. У гэтай імпартазамяшчальнай прадукцыі вялікая магутнасць і прадукцыйнасць для апрацоўкі палёў.

  • «Плануем, што ў гэтай пяцігодцы мы каля 100 праектаў будзем рэалізоўваць у рамках дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця, як гэта было і ў бягучай пяцігодцы, але ўжо з новымі прыярытэтнымі кірункамі. Акрамя таго, гэта пяцігодка будзе адрознівацца ўхілам на ўніверсітэцкую навуку, на развіццё навукова-тэхнічнай дзейнасці менавіта ў рэгіёнах. Плануем, што шэсць абласцей у нас будуць з арыгінальнымі навукова-тэхнічнымі праграмамі. Рэгіянальныя ВНУ атрымаюць магчымасць свае распрацоўкі ўкараніць у рэальны сектар эканомікі», — пазначыў Дзяніс Каржыцкі.

Ён таксама падвёў вынікі пяцігодкі. На канец 2025 года дзяржпраграма інавацыйнага развіцця ўключала 103 праекты, з якіх 41 праект заснаваны на тэхналогіях V-VI тэхукладаў. «У 2025 годзе агульны аб’ём фінансавання па праектах ДПІР склаў больш за 490 млн бел. руб. Аб’ём вырабленай па гэтых праектах у 2025-м прадукцыі склаў 6,5 млрд бел. руб., з якіх больш за 36 % пастаўлена на экспарт. Доля экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі па дзяржпраграме склала каля 36 %», — сказаў Дзяніс Каржыцкі. 

У 2025 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 11 новых вытворчасцяў, па шасці з іх выкананы таксама выхад на праектную магутнасць. Большая частка з іх знаходзіцца ў рэгіёнах. Напрыклад, на Аршанскім інструментальным заводзе арганізавана вытворчасць сучаснага металарэзнага і дапаможнага інструмента з укараненнем інавацыйных тэхналагічных працэсаў. Асвоены тэхналогіі вытворчасці маналітнага цвёрдасплаўнага інструмента. Ужо выраблена інавацыйнай прадукцыі на суму больш за 4 млн бел. руб. Мадэрнізавана 51 і створана 24 новыя працоўныя месцы. 

Дзяржаўным прадпрыемствамм «Акадэмфарм» створана доследна-прамысловая вытворчасць цвёрдых лекавых формаў з ужываннем інавацыйных тэхналогій. Асвоена вытворчасць імпартазамяшчальных лекавых сродкаў, прызначаных для лячэння складаных вірусных захворванняў, захворванняў нервовай сістэмы. У рамках рэалізацыі праекта мадэрнізавана 13 рабочых месцаў. 

Акрамя таго, пацверджаны выхад на праектную магутнасць яшчэ трох значных вытворчасцяў: інавацыйнай прадукцыі медыцынскага прызначэння (вакутайнераў) з выкарыстаннем сучаснай тэхналогіі на ААТ «Медпласт»; інавацыйных ветэрынарных прэпаратаў новага пакалення з улікам патрабаванняў GMP і на базе канцэпцыі Pharma 4.0 (ТАА «Лабфарма»); рэжучага інавацыйнага бруса і рэдуктараў для сельскагаспадарчай тэхнікі (ТАА «Оршааграмаш»).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю