Самым эфектыўным і хуткім спосабам выхавання сабакі з’яўляецца так званае станоўчае падмацаванне — калі гадаванец атрымлівае пахвалу за правільнае дзеянне або выкананне каманды
«Сёння ў дрэсіроўцы ўпор робіцца на станоўчае падмацаванне, бо гэта найбольш бяспечны і хуткі варыянт навучання. Таму пра гэты спосаб сабакаводы чуюць часцей. Тры іншыя спосабы можна назваць аверсіўнымі. І прымяняць іх лепш толькі прафесіяналу — пачатковец і аматар рызыкуе выкарыстоўваць метады няправільна, што толькі падарве давер паміж ім і гадаванцам», — расказаў прэзідэнт Расійскай кіналагічнай федэрацыі (РКФ) Уладзімір Голубеў, перадае РІА «Новости».
Станоўчым падмацаваннем завецца спосаб дрэсіроўкі, калі сабака атрымлівае пачастунак, ласку ці ўвагу пры правільным выкананні каманды.
Спецыяліст расказаў, што станоўчае падмацаванне разам з адмоўным падмацаваннем, станоўчым пакараннем і адмоўным пакараннем утварае так званы «Квадрат Скінера» (па імені амерыканскага псіхолага Берэса Скінера). Кінолаг растлумачыў, што тэрміны «станоўчае» і «адмоўнае» ў дадзеным выпадку адносяцца не да эмоцый, а да таго, дадаецца стымул для сабакі або не.

Эксперт растлумачыў, што адмоўнае падмацаванне — гэта, напрыклад, калі гадаванец асвойвае каманду «сядзець», а гаспадар можа злёгку націснуць рукой на круп. Як толькі сабака сядзе, гаспадар прыбірае руку. Станоўчае пакаранне, у асноўным, прымяняецца ў экстранных сітуацыях. У прыватнасці, калі сабака спрабуе з’есці забаронены прадмет на вуліцы, то ў гэты момант чалавек нацягвае павадок.
Калі сабака дэманструе непажаданыя паводзіны, можна прымяніць адмоўнае пакаранне. У якасці прыкладу кінолаг прывёў сітуацыю, калі гадаванец прыкусіў гаспадара падчас гульні. У такі момант можна спыніцца, адвярнуцца і прыбраць цацку, каб сабака зразумеў, што пры такім дзеянні ён пазбавіцца чагосьці прыемнага.
«Даволі лёгка перабраць са спосабамі, у якіх выкарыстоўваецца дыскамфорт. Можна па неасцярожнасці зрабіць балюча сабаку ці спалохаць яго. Таму ў рабоце з гадаванцамі кінолагі робяць упор на станоўчае падмацаванне», — падсумаваў эксперт.