Гэтымі днямі дрэвы размалявала пазалотай, а значыць, тэмпература ноччу будзе ўсё больш адмоўная. Як адзначылі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, усё часцей раніцай сустракаецца галалёд.
У сераду пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 2 да плюс 4 °С, удзень — плюс 6—13°С.
Крыху пацяплее ў чацвер. У гэты дзень умовы надвор’я будуць вызначаць малаактыўны франтальны раздзел і цёплыя паветраныя масы, якія распаўсюджваюцца з боку Заходняй Еўропы. Воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне пройдуць невялікія дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ўначы ўжо без замаразкаў — ад плюс 1 да плюс 7 °С, але па паўночным усходзе Беларусі будзе да мінус 2 °С. Днём сонца прыгрэе да плюс 7–14 °С, а па паўднёвым захадзе і да плюс 16 °С.
Сяргей КУРКАЧ