Top.Mail.Ru
186

Хто ён, тыповы беларускі навуковец?

Нацыянальны статыстычны камітэт падрыхтаваў партрэт айчыннага вучонага і вызначыў запатрабаваныя кірункі навуковых распрацовак.


594 дактаранты і 4,4 тысячы аспірантаў

Такім чынам, у 2024 годзе сярэднестатыстычны беларускі даследчык быў ва ўзросце 30 гадоў і старэйшы (78,3% навукоўцаў), меў вышэйшую адукацыю (97,8%), вучоную ступень (18,2%), выконваў даследаванні ў галіне тэхнічных навук (63,3%), працаваў у буйных і сярэдніх арганізацыях, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі (91,8%). Сярод даследчыкаў з вучонай ступенню пераважалі мужчыны (61,1%).

На 2024 год у краіне налічвалася 513 дактароў навук і 2717 кандыдатаў навук. Жанчын сярод дактароў навук было 116, сярод кандыдатаў навук — 1120. У сістэме Нацыянальнай акадэміі навук працавала 296 і 1373 дактароў і кандыдатаў навук адпаведна.

Навукоўцы аддавалі перавагу распрацоўкам у тэхнічнай галіне (63,3%). Таксама ў сферы інтарэсаў даследчыкаў знаходзіліся прыродазнаўчыя навукі (17,6%), сацыяльна-эканамічныя і грамадскія (6,8%), сельскагаспадарчыя (4,4%), медыцынскія (4,1%) і гуманітарныя (3,8%).

У 2024 годзе ў дактарантуры праходзілі навучанне 594 навукоўца. Над доктарскай дысертацыяй большасць з іх працавала ва ўзросце да 50 гадоў (66,8%). У асноўным у дактарантуры праходзілі падрыхтоўку жанчыны (53,5%). Пры гэтым 20,5% дактарантаў навучаліся медыцынскім навукам. З дактарантуры ў 2024 годзе выпусціліся 153 чалавекі.

У аспірантуры ў 2024 годзе праходзілі навучанне 4,4 тысячы чалавек. Пераважна ім было да 35 гадоў (61,8%). У асноўным у аспірантуры праходзілі навучанне жанчыны (57,1%). Падрыхтоўка даследчыкаў ажыццяўлялася ў 118 арганізацыях. 16,7% аспірантаў праходзілі навучанне па тэхнічных навуках. У 2024 годзе пасведчанне аб заканчэнні аспірантуры атрымалі 757 чалавек.

Ад ІT-сферы да біяіндустрыі

Сярод арганізацый, якія выконвалі навуковыя даследаванні, распрацоўкі і аказвалі навукова-тэхнічныя паслугі ў 2024 годзе — 336 буйных і сярэдніх арганізацый (88,3%), 81 малая арганізацыя (9,1%) і 46 мікраарганізацый (2,6%).

Што датычыцца размеркавання па сектарах дзейнасці, 65,4% навуковых даследаванняў і распрацовак былі ажыццёўлены ў камерцыйных арганізацыях, 19,7% — у дзяржаўных арганізацыях, 14,9% — у структуры вышэйшай адукацыі.

У ліку прыярытэтных кірункаў беларускіх навуковых распрацовак — ІT-сфера, робататэхніка, машынабудаванне, мікраэлектроніка, прыборабудаванне, біяіндустрыя і энергетыка. У агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі арганізацый прамысловасці ў 2024 годзе 22,3% склала інавацыйная прадукцыя.

Паслугі ў галіне навукі маюць і экпартны патэнцыял. Так, у 2024 годзе заказчыкамі навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ былі рэзідэнты з 27 краін. Асноўнымі заказчыкамі навуковых паслуг з’яўляліся Расія, Кітай і Польшча.

У 2024 годзе навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі займаліся 463 арганізацыі, у тым ліку 87 з іх адносяцца да сістэмы Нацыянальнай акадэміі навук. У гэтых арганізацыях працавалі 27,4 тысячы чалавек, сярод якіх 17,7 тысячы даследчыкаў. З іх — 6,9 тысячы чалавек, у тым ліку 4,7 тысячы даследчыкаў, працавалі ў НАН Беларусі.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю