«Мы ганарымся поспехамі на найбуйнейшых сусветных турнірах нашых вядомых спартсменаў і трэнераў, удастоеных прэміі «Беларускі спартыўны Алімп», — адзначыў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння спецыяльных прэмій. Сёлятнія лаўрэаты прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» ведаюць што такое поспехі на найбуйнейшых сусветных турнірах, і вельмі добра ведаюць кошт гэтым поспехам. Іх гісторыі варта ведаць кожнаму. І мы з задавальненнем іх раскажам.
Ірына Курачкіна расла ў аграгарадку Ракушава Круглянскага раёна ў шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яе, было яшчэ пяць дачок. Калі Іра была ў восьмым класе, яе запрасілі ў вучылішча алімпійскага рэзерву, трэнеры ўбачылі ў ёй патэнцыял для лёгкай атлетыкі. Але з каралевай спорту адносіны не склаліся і дзяўчыне прапанавалі паспрабаваць сябе ў барацьбе. І тут усё склалася. Пазней спартсменка прыгадвала, што пераход даваўся вельмі цяжка: «Спецыфіка трэніровак зусім розная, у барацьбе ў разы больш сілавых нагрузак. Шмат плакала, перажывала, што не атрымаецца». Але яна ўсё пераадолела — у 2016 годзе Ірына Курачкіна стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы. Пасля яна двойчы выйгравала кантынентальнае першынства, станавілася пераможцай дамашніх Еўрапейскіх гульняў і Кубка свету, двойчы брала бронзу на чэмпіянаце свету. На Алімпійскіх гульнях у Токіа на шляху да фіналу яна выводзіла са строю саперніцу за саперніцай. У 2021 годзе Ірына Курачкіна стала яшчэ і сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў. А затым здарылася адхіленне ад міжнародных стартаў. На міжнародны дыван Ірына вярнулася прыгожа — заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Парыж. Але выступіць на другой для сябе Алімпіядзе не змагла, як вядома, лепшыя беларускія барцы не прайшлі праверку нейтральнасці. У інтэрв’ю Ірына прызнавалася, што пасля гэтага не хацелася нічога, некаторы час яна нават не трэніравалася. Але ў чарговы раз змагла сабрацца і паказаць клас — у кастрычніку Ірына Курачкіна стала бронзавым прызёрам чэмпіянату свету. Яна зноў на спартыўным Алімпе.
Старшы трэнер нацыянальнай каманды па інваспорце РЦАП па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Генадзь Вішнякоў алімп пакарыў разам са сваімі вучнямі. Менавіта дзякуючы яго працы увесь свет дзівіцца перамогам 21-разовага паралімпійскага чэмпіёна Ігара Бокага. А тым часам генсек (менавіта так называюць Генадзь Аляксеевіч вядомы ў спартыўных колах) выхоўвае і маладое пакаленне. Так свайго трэнера празвалі вучні, паколькі ён вырашае ўсе пытанні і бярэ ўсё на сябе, як сапраўды генеральны сакратар. Пералічваць поспехі вучняў Генадзя Вішнякова можна бясконца. І за кожным з іх стаіць досвед і праца Генсека. «Яны для мяне, як родныя дзеці, я іх вельмі люблю і паважаю. Я ўспрымаю сваіх спартсменаў такімі, якія яны ёсць, — з усімі іх слабымі і моцнымі бакамі. За многія гады работы ў мяне не было ніводнага выпадку, каб я камусьці нагрубіў ці кагосьці абразіў, гэта не ў маіх правілах. Я іх вучу не толькі спартыўным, але і жыццёвым правілам. І яны гэта цэняць, бо як мы ставімся да людзей, так і яны да нас. Як бы вучань ні памыляўся, я не даю выхад сваім эмоцыям, я не выношу на ўсеагульнае абмеркаванне праблемы канкрэтнага спартсмена. Калі ёсць заўвагі — скажу адзін на адзін. Многія разумеюць мяне не тое што з паўслова — з паўпогляда. Усе спартсмены розныя, яны мяняюцца з узростам, і трэба быць цярплівым. Самае галоўнае — умець разумець іх праблемы. Я атрымліваю задавальненне ад сваёй работы. Мне падабаецца кожны дзень сустракацца са сваімі вучнямі. Іх вынікі таксама рухаюць мяне наперад, даюць мне матывацыю ўдасканальвацца, вучыцца», — дзяліўся Генадзь Аляксеевіч у інтэрв’ю «Звяздзе».
Яго жыццёвая мудрасць кавалася ў вельмі няпростых умовах. Генадзь Вішнякоў выхоўвася ў дзіцячым доме, бацькі не было, а маці рана памерла. У людзі ён выбіўся сам. і ў гэтым значную ролю адыграў спорт — выканаў нарматыў на «майстра спорту» па плаванні, а затым стаў трэніраваць дзяцей. Прычым, працаваў, нягледзячы на праблемы са здароўем — грып даў ускладненні, якія прывялі да страты слыху. Генадзь Аляксеевіч расказваў, што нейкі час вучні прыходзілі на трэніроўкі з нататнікам і ручкай, так і мелі зносіны. Сучасныя медыцынскія тэхналогіі дапамаглі крыху вярнуць слых. Таму зараз Генсека нічога не абмяжоўвае ў тым, каб усяго сябе аддаваць спартсменам і плённа з імі працаваць амаль круглымі суткамі. І бонусам цікавы факт — Генадзь Вішнякоў актыўна дапамагае бяздомным жывёлам, шукае ім новы дом, а некаторых нават забірае да сябе.
Віцебская спартыўная юнацка-дзіцячая школа алімпійскага рэзерву № 1 у прамым сэнсе гэтага слова кузня чэмпіёнаў па скачках на батуце. На базе ўстановы кавалася алімпійскае золата Уладзіслава Ганчарова, якое ён заваяваў у 2016 годзе. Тут жа трэніруецца і Іван Літвіновіч, які двойчы пакарыў Алімп. Айчынная школа скачкоў на батуце ў прынцыпе засяроджана ў Віцебску і цалкам апраўдана лічыцца адной з наймацнейшых у свеце. Як мінімум таму, што ніводная школа ў свеце не падрыхтавала двухразовага алімпійскага чэмпіёна па скачках на батуце. Зараз у СДЮШАР № 1 аб’яднаны ўсе гімнастычныя віды спорту. Дарэчы, чэмпіёны сваю альма-матар не забываюць. У рамках праекта «Алімпійскі выбар» Уладзіслаў Ганчароў у 2016, Іван Літвіновіч ў 2021 годзе выбіралі СДЮШАР № 1, школе была накіравана фінансавая дапамога для падрыхтоўкі новых чэмпіёнаў.
Фота з адкрытых крыніц