Каму якая доля?
Мой бацька хоча напісаць завяшчанне на мяне, сваю дачку, і перадаць мне дом у спадчыну. Акрамя мяне, у яго ёсць сын, які з’яўляецца інвалідам, і родная сястра-пенсіянерка. Бацька таксама шмат гадоў пражывае з жанчынай, але не распісаны з ёю. Ці маюць згаданыя людзі правы на долю спадчыны? І што ў выніку застанецца мне як дачцэ, якая мае завяшчанне на ўсю хату?
Анастасія, Мінская вобласць
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Таццяна НОВІК:
— Згодна з артыкулам 1064 Грамадзянскага кодэкса, права на абавязковую долю ў спадчыне маюць непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці спадчынадаўцы, а таксама яго непрацаздольныя жонка (муж) і бацькі. Указаныя асобы атрымаюць у спадчыну незалежна ад зместу завяшчання не менш за палову долі, якая належала б кожнаму
з іх пры атрыманні ў спадчыну па законе (абавязковая доля). Пералік вычарпальны, і іншыя спадчыннікі не маюць права на абавязковую долю.
Непрацаздольнымі прызнаюцца асобы, якія дасягнулі да дня смерці завяшчальніка агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту або якія з’яўляюцца інвалідамі І, ІІ, ІІІ групы. Таму спадчыннікам на абавязковую долю ў дадзеным выпадку можа стаць сын вашага бацькі. А яго сястра і сужыцелька — не.
Роўныя правы
Я грамадзянка Украіны і знаходжуся тут у статусе бежанца. Мой бацька (пражывае ў Беларусі) ажаніўся другім разам у 84 гады. Сваю кватэру набыў ва ўласнасць за 10 гадоў да жаніцьбы. Як па законе размяркуюцца спадчынныя долі ў ёй паміж мной і яго другой жонкай? Мы абедзве пенсіянеркі па ўзросце.
Вольга, Брэст
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Сафія СНАПОК:
— У адпаведнасці з артыкулам 23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з іх яна куплена або кім з пары ўнесены грошы, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Муж і жонка маюць роўныя правы валодання, карыстання і распараджэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана шлюбным дагаворам. Калі кватэра была набыта вашым бацькам да шлюбу, то пры адсутнасці завяшчання, калі вы паказалі ўсіх спадчыннікаў па законе першай чаргі, яна будзе пераходзіць у спадчыну вам і яго цяперашняй жонцы ў роўных долях.
Шэсць месяцаў на разважанне
Пасля смерці бацькі ў спадчыну ад яго мне дасталася чвэрць долі дома, дзе ён пражываў з мамай. Я там не прапісана і ніколі не жыла. У мяне свая кватэра, і доля не патрэбная. Ці абавязкова некуды ехаць і камусьці заяўляць, што ты не хочаш уступаць у спадчыну? Ці калі я на працягу шасці месяцаў яе не прыму, то гэта стане аўтаматычнай адмовай?
Галіна, Мінская вобласць
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:
— Згодна з пунктам 1 артыкула 1071 Грамадзянскага кодэкса, спадчына можа быць прынята на працягу шасці месяцаў з дня яе адкрыцця. Для гэтага трэба падаць натарыусу па месцы адкрыцця заяву спадчынніка аб прыняцці або аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну. Прызнаецца, калі не даказана іншае, што спадчыннік прыняў спадчыну, калі ён фактычна ўступіў у валоданне або кіраванне спадчыннай маёмасцю. Таму, калі на працягу шасці месяцаў вы гэтага не зрабілі, то наступствы будуць тыя ж, што і пры адмове ад спадчыны без указання асобы, на карысць якой гэта адбылося.