Top.Mail.Ru
227

Хто дапамог дзядулю прыбраць снег?

Карыстальнік сеткі TіkTok выклаў ролік з вёскі Хрост Маісееўшчынскага сельскага Савета (Барысаўскі раён), дзе, па яго словах, засталося ўсяго пяць жыхароў. Ён зняў мясцовага дзядулю з лапатай у руках, які «перадае прывітанне старшыні сельсавета». Стары, якому 94 гады, прыбіраў снег і гаварыў, што рыхтуе дарогу, каб да яго на наступны дзень змагла прыехаць машына хуткай дапамогі. Аўтар, а ўслед за ім і шматлікія каментатары наракалі на тое, што жыхароў невялікай вёскі пакінулі сам-насам са снежнай бядой.


І нават пазней, калі сам аўтар паста падзяліўся, што праблема вырашана (што прыехаў трактар, які прачысціў дарогу, што ён і сам дапамог пачысціць снег у двары), каментатары працягвалі абурацца, што калі б ролік не паказалі, то дзядуля б застаўся без хуткай дапамогі.

Але знайшліся і тыя, хто адразу не паверыў аўтару паста. «Маісееўшчынскі сельсавет?» — удакладнялі людзі, якія ведаюць, што парадак у сельсавеце заўсёды падтрымліваецца. Каб разабрацца, хто ж насамрэч дапамог дзядулю, мы звязаліся са старшынёй Маісееўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта Іванам Аляхновічам.

«Шчыра, было крыўдна, калі чытаў каментарыі да гэтага паста — мне яго паказалі праз некалькі дзён пасля публікацыі, — падзяліўся Іван Васільевіч. — Я хоць усяго два гады працую старшынёй сельвыканкама, людзі мяне ведаюць, у нас працуе гарачая лінія, тэлефоны супрацоўнікаў ёсць на сайце сельсавета, ні для каго не сакрэт і мой асабісты нумар. Любую праблему можна вырашыць! Дапаможам і машыну з заносу выцягнуць, і аператыўна, хоць на „ўазіку“ ўрачоў ці хворых даставіць куды трэба, а калі што, і снег лапатамі раскідаць». Дапамагаць з прыборкай снегу людзям сталага веку на вёсцы заўсёды было добрай традыцыяй, і робяць гэта па сумленні, а не для пастоў у TіkTok. Напрыклад, Іван Васільевіч не першы год дапамагае прыбіраць снег суседцы.

Іван Аляхновіч расказаў, што «снежнае пытанне» з самага пачатку было пад кантролем. Дарога ў вёсцы чысцілася на Новы год. З мясцовымі гаспадаркамі былі дасягнуты дамовы, якія датычыліся прыборкі снегу. Нават калі высветлілася, што ў адной з падсобных гаспадарак зламаўся пагрузчык, праблема хутка была вырашана. Раніцай 8 студзеня, калі дзядуля збіраўся планава выклікаць хуткую дапамогу, вясковая дарога была расчышчана. Не кінулі вяскоўцаў і ў цыклон. Ужо 9 студзеня, хоць і са спазненнем, аўталаўкі дастаўлялі ў вёскі прадукты. Сам старшыня падчас цыклону асабіста да 22 гадзін 9 снежня быў, як кажуць, «у полі»: з лапатай у машыне аб’язджаў вёскі. Ён ацэньваў становішча і асабіста бачыў, што старых ніхто не пакінуў у бядзе. Працавалі сацыяльныя службы, з прыборкай снегу дапамагалі розныя арганізацыі, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, да вяскоўцаў прыехалі і іх сваякі.

Усім тым, хто хоча выставіць у TіkTok і яго, і калег з іншых гаспадарак «нягоднікамі», Іван Васільевіч прапануе «сваё месца» : «Няхай адчуюць, якая гэта адказнасць і ўбачаць, што мы тут «штаны не праціраем».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю