Ілья Шымановіч: «Я дагэтуль не ведаю свайго максімуму»
«Мэты стаць заслужаным майстрам спорту я напачатку сваёй кар’еры і не ставіў, таму што тады не ведаў, што гэта такое. Жыў „па сродках“, з года ў год паляпшаючы свае вынікі, ішоў наперад. Проста ішоў да свайго максімуму, а які ён будзе, мы ж не ведаем. І я дагэтуль не ведаю свайго максімуму. Званне заслужанага майстра спорту — гэта адна з мэтаў, якой я ў сваёй спартыўнай кар’еры дасягнуў, але гэта не адмяняе таго, што мне не трэба ісці далей. — падзяліўся чэмпіён свету, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, уладальнік сусветных рэкордаў у плаванні брасам. — Гэта званне, у першую чаргу, заслуга майго трэнера, з якой мы як пачалі 21 год таму працаваць, так і да гэтага часу рука аб руку ідзем. Вялікі дзякуй хачу сказаць сям’і, якая заўсёды мяне падтрымлівала і не ўмешвалася ў маю кар’еру. І камандзе, якая заўсёды са мной побач, якая забяспечвае падтрымку і псіхалагічную разгрузку».
Сезон у плыўцоў толькі пачынаецца. І пакуль дакладна цяжка сказаць, якія будуць спаборніцтвы, бо каляндар пастаянна мяняецца. І па словах спартсмена, гэта крыху выбівае з каляі. «Але цяпер я жыву іншымі радасцямі, нядаўна я стаў бацькам. Дакладна ведаю, што вельмі важным стартам у гэтым сезоне будзе кубак наймацнейшых, які пройдзе ў Мінску. Прыемна, што гэтыя старты будуць дома. З астатнімі стартамі пакуль шмат пытанняў, усё як звычайна — чыстая імправізацыя. Але я заўсёды гатовы да рэкордаў, я заўсёды імкнуся выступаць на максімуме», — прызнаўся Ілья Шымановіч.
Анастасія Шкурдай: «Звышмэта — Алімпійскія гульні»
Чэмпіёнка Еўропы і прызёр чэмпіянату свету па плаванні прызналася, што прысваенне званне «Заслужаны майстар спорту» стала для яе хвалюючай нечаканасцю. «Маёй мэтай і задачай нумар адзін заўсёды было заваяваць як мага больш медалёў на розных спаборніцтвах і паказаць свой найлепшы вынік. Званне „Заслужанага майстра спорту“ мяне гэта вялікі і прыемны бонус і пэўнае прызнанне. Для мяне звышмэта — Алімпійскія Гульні ў 2028 годзе. І цяпер усе намаганні, думкі, сілы накіроўваю туды. Імкнуся палепшыць свае паказчыкі і навыкі, таму што Алімпійскія гульні нязменна застаюцца галоўнай мэтай. І я дзякую людзям, якія былі са мной раней на маім спартыўным шляху, людзям, якія цяпер мне дапамагаюць. Каб іх усіх пералічыць, трэба вельмі шмат часу. Баюся нават кагосьці пакрыўдзіць і не назваць, таму што сапраўды вельмі шмат людзей мне дапамагаюць і мяне падтрымліваюць», — прызналася Анастасія Шкурдай.
Віталь Гаражанкін: «Галоўная ўзнагрода — жыццё Арцёма»
Пенсіянер Віталь Гаражанкін узнагароджаны медалём «За выратаванае жыццё». Адным непагодлівым днём, вяртаючыся дадому праз парк, убачыў у палонцы на рацэ чалавека. «Я папоўз па лёдзе, выцягнуў акуратна яго. Гэта быў хлопчык. І на шчасце, хутка пад’ехалі ратавальнікі, якія аказалі хлопчыку дапамогу. Я ў гэты момант зусім не думаў, што я таксама магу загінуць, я думаў толькі пра тое, каб яго выратаваць. Потым мы сустракаліся, добры хлопчык Арцём. І для мяне галоўная ўзнагарода тое, што цяпер Арцём жывы здаровы, вучыцца, развіваецца. Але і атрымаць узнагароду з рук Прэзідэнта гэта вельмі ганарова і хвалююча», — падзяліўся Віталь Гаражанкін.
Аляксандр Тулі: «Усё маё жыццё — гэта сельская гаспадарка»
Аляксандру Тулі, дырэктару ААТ «Дзембрава» Шчучынскага раёна прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». У прафесіі ён ужо 34 гады, з іх 17 гадоў — кіраўнік гаспадаркі.
«Усё маё жыццё — гэта сельская гаспадарка. Бацькі таксама працавалі на вёсцы — бацька — механізатар, маці — даярка. Усё гэта мне знаёма з дзяцінства. І я дагэтуль радуюся, што працую ў сельскай гаспадарцы, выбар зроблены правільна, — дзеліцца ён. — Я памятаю, якой наша сельская гаспадарка была ў пачатку 1990-х, але дзякуючы мудрай палітыцы нашай дзяржавы, дзякуючы працавітасці нашых людзей на месцах, у нас атрымліваецца дасягнуць выніку».
Аляксандр Тулі падзяліўся і крыніцай натхнення. Іх у яго некалькі. І адна з іх — наведванне Палаца Незалежнасці, і нават сустрэчы з Прэзідэнтам. «У 2001 годзе, калі я яшчэ працаваў галоўным аграномам, нашу гаспадарку наведваў Аляксандр Рыгоравіч. Ён павітаўся, руку паціснуў, і справа пайшла. І сёння, дзякуючы зладжанай рабоце нашага калектыву спецыялістаў, якія разумеюць, дзеля чаго жывуць і працуюць, у нас атрымліваецца з года ў год прыбаўляць у выніку», — падзяліўся Аляксандр Тулі. Паводле яго слоў, сакрэт паспяховай працы аграрыяў заключаецца ў тым, каб працаваць «не па падручніку», а разумець і аб’ектыўна ацэньваць абстаноўку. «У нас ёсць тэхніка, ёсць тэхналогіі, веды. Ад нас патрабуецца толькі адказная і якасная праца» — рэзюмаваў дырэктар гаспадаркі.
Уладзімір Касянкоў: «Галоўнае — любіць лес
Дырэктар Клічаўскага лясгаса Уладзімір Касянкоў з гэтага часу — Заслужаны лесавод Рэспублікі Беларусь. У галіне ён працуе з 1988 года. «На жаль, у дырэктара нячаста атрымліваецца ездзіць у лес. Таму што калектыў вялікі, 400 чалавек, пытанняў шмат, і папяровай працы шмат. Задачы перад лясной аховай стаяць сур’ёзныя. Праца лесавода — вельмі няпростая, але ў нас дастойная зарплата, ёсць тэхніка, тэхналогіі. Але галоўнае ў лесе — гэта чалавек, які любіць лес», — адзначыў Уладзімір Касянкоў.
Валерыя СЦЯЦКО