«Акрамя таго, у рамках гэтага пытання таксама абмяркоўвалася ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, — удакладніў Віктар Хрэнін. — У цэлым кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны дэталёва па ўсіх пытаннях».
У прыватнасці, аб развіцці айчыннага ракетабудавання, аб чым ішла размова і падчас пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу. «Кіраўніку дзяржавы даложана, што з 1 снежня ва Узброеных Сілах пачаўся новы навучальны год, і новы навучальны год нашы ракетчыкі пачалі з пускаў нашага комплексу „Паланэз-М“, які мадэрнізаваны, — канкрэтызаваў міністр абароны. — Пускавыя ракеты — павялічанай далёкасці і дакладнасці. Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны, як прайшлі пускі, аб тым, што падраздзяленне паспяхова прыбыло ў пункт пастаяннай дыслакацыі».
Таксама ў рамках гэтага абмеркавання Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся перспектывамі мадэрнізацыі комплексу «Паланэз-М». Размова ішла і аб сумесных распрацоўках з Расійскай Федэрацыяй ракет павялічанай далёкасці. «Дэталёва было даложана, што мы зацікаўлены, — падкрэсліў Віктар Хрэнін. — Вядома, гэты від узбраення нам патрэбны. І сумесна з нашым ДВПК (Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам. — „Зв“.) мы працягнем работу па распрацоўцы і мадэрнізацыі нашага комплексу».
Кіраўнік абароннага ведамства нагадаў, што на пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт адзначыў яшчэ адзін перспектыўны кірунак — мадэрнізацыя ракетнага комплексу «Бук». «Таксама было даложана: што, як, што па тэрмінах, у якой колькасці гэты комплекс будзе паступаць у нашы Узброеныя Сілы», — удакладніў міністр абароны.
Гучала падчас дакладу і кадравае пытанне. «Кадравае пытанне заўсёды знаходзіцца пад кантролем кіраўніка дзяржавы, — звярнуў увагу Віктар Хрэнін. — Наш Прэзідэнт трымае руку на пульсе аб стане спраў, аб кадрах, перспектывах, прызначэннях. Я дэталёва далажыў, якія бачу перспектывы па службовых асобах, каго на якія пасады магчыма прызначаць. Вядома, рашэнне будзе прымаць кіраўнік дзяржавы».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА