Царква Усіх Святых у гарадскім пасёлку Бягомль, пабудаваная ў 1886 годзе і разбураная ў XX стагоддзі, набудзе новае аблічча.
Беларускай праваслаўнай царкве былы храм перадалі ў тым стане, у якім ён знаходзіцца цяпер, — ад яго засталіся пярэдняя, левая і часткова правая сцены, месцамі і моцны фундамент. Ініцыятарам адраджэння гісторыка-культурнай каштоўнасці стаў настаяцель прыхода Іаан Сычэвіч. На сённяшні дзень на аб’екце правялі толькі разведвальныя работы, вядзецца праектаванне. Плануецца вярнуць храму яго веліч, узнавіць яго ў тым выглядзе, які ён меў паўтара стагоддзя таму. Побач з напаўразбуранай царквой Усіх Святых некалькі гадоў стаіць капліца. Тут праходзяць службы, царкоўныя абрады. Калі старадаўні храм адновяць, гэты будынак пераабсталююць пад нядзельную школу — цяпер яе наведваюць амаль 20 дзяцей з гарпасёлка. Жыхары Бягомля дапамагаюць па меры сіл — праводзяць суботнікі на тэрыторыі храма, прапануюць свае паслугі ў якасці падсобных рабочых.