І яшчэ адна ісціна: каманда больш эфектыўна дасягае мэт, чым калектыў, няхай нават вельмі прафесійных «адзіночак». Як стварыць з асобных прафесіяналаў згуртаваную каманду, ведае і паказвае іншым ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры».
Гэта прадпрыемства было вядомае на ўвесь Савецкі Саюз. Гонар заснаванага ў 1960 годзе завода — 4 Знакі якасці СССР і медаль ВДНГ. Сёння прадпрыемства — горадаўтваральнае і экспартаарыентаванае: больш за 80 % газавага абсталявання, што выходзіць з яго цэхаў (для кватэр, прыватных дамоў, дачнікаў, рыбакоў і паляўнічых, аматараў падарожнічаць на машыне і пешшу) адпраўляецца за межы Беларусі.
Калісьці ў СССР было каля 20 падобных прадпрыемстваў, адзначае дырэктар ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» Ігар Капціловіч. Цяпер засталіся толькі два, абодва — у нашай краіне. Прайшоўшы няпросты шлях, завод не страціў патэнцыял. Сёння ў яго цэхах устаноўлена найноўшае абсталяванне (у прыватнасці 3 рабатызаваныя лініі), калектыў актыўна змагаецца за атрыманне Знака якасці Беларусі. У Год добраўпарадкавання завод прызнаны найлепшым сярод прамысловых прадпрыемстваў Навагрудскага раёна па добраўпарадкаванні тэрыторыі, а ўзровень заработнай платы тут адзін з самых высокіх у рэгіёне. Але не толькі гэта ўтрымлівае тут супрацоўнікаў.
На заводзе працуе больш за тысячу чалавек, у асноўным мужчыны. Жанчын у яго цэхах 250 чалавек. Але менавіта яны шмат у чым ствараюць «надвор’е» — атмасферу цяпла, клопату і згуртаванасці.
— У нас вельмі актыўная старшыня прафсаюзнага камітэта, Людміла Вакульчык, — расказвае кіраўнік завода. — І шмат у чым дзякуючы ёй, падтрымцы яе ініцыятыў калектывам нашы работнікі звязваюць з родным прадпрыемствам не толькі працоўны шлях, але і яркі, цікавы вольны час.
— Тут добра працуецца, — адзначае слесар-зборшчык цэха газавых прыбораў ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры» Ірына Ермакова.
Суразмоўніца прызнаецца: вельмі радуе, што не толькі працоўны час, але і адпачынак непарыўна звязаны з родным прадпрыемствам, якое клапоціцца пра сваіх людзей.
— Вельмі шмат паездак: усёй сям’ёй, з дзецьмі. Прафкам прапануе шырокую праграму, якая для работнікаў цалкам аплачваецца. Гэтым летам, напрыклад, сплаўляліся на байдарках, пабывалі на Браслаўскіх азёрах, ездзілі ў Белавежскую пушчу. Кожную зіму наведваем Сілічы, катаемся на лыжах. Сёлета загарэліся жаданнем пабываць у рэзідэнцыі Дзеда Мароза, прыйшлі да Людмілы Расціславаўны, і яна падтрымала. Нам аплачваецца наведванне басейна, на заводзе ёсць трэнажорная зала, сістэма кэшбэка пры наведванні заводскай сталовай і нават магчымасць бясплатна лячыць зубы. Нашы дзеці рэгулярна бываюць у летнім лагеры, у санаторыі. На кожнае свята прадугледжаны падарункі для работнікаў і іх сем’яў. Мы вельмі ўдзячныя нашаму прафсаюзу і, вядома, кіраўніцтву завода за гэта.
— Дзяўчаты ў нас вельмі актыўныя, — адзначаюць мужчыны прадпрыемства. Напрыклад, менавіта жаночая ініцыятыва — стэнд «Бацькоўская слава». Абнаўляецца ён рэгулярна, размяшчаюцца на ім фота каго-небудзь з бацькоў (часцей, вядома, мамы) з дзіцем і яго ўзнагародай або дасягненнем — ці то перамога на школьным творчым конкурсе або дыплом выпускніка каледжа.
— Стэнд на ўсеагульным аглядзе: поспех майго дзіцяці бачаць усе! — канстатуе Ірына.
Крэда калектыву — павага і ўвага да інтарэсаў кожнага супрацоўніка, расказвае Таццяна Стасевіч, кантралёр АТК.
— Хочацца ісці на працу! — тлумачыць яна. — Тут працавалі мае бацькі, цяпер працуе мой муж. І, галоўнае, тут усё робіцца для людзей. Я, напрыклад, футбольная балельшчыца, і кожныя выхадныя наша прадпрыемства вылучае нам, футбольным фанатам, аўтобус, каб мы маглі бываць на гульнях і падтрымліваць нашых навагрудскіх футбалістаў — каманду «Факел» і каманду па міні-футболе. Ездзім па ўсёй краіне. І, ведаеце, калі ў Лідзе наша каманда выйшла ў фінал — крычалі так, што я потым два тыдні не магла гаварыць. Гэта быў такі драйв!
За клопат супрацоўнікі аддзячваюць прадпрыемству добрасумленнасцю і адказным стаўленнем да працы.
І жаночая частка калектыву тут таксама на пярэднім краі.
— Новы высокатэхналагічны станок мы даверылі найлепшай работніцы цэха газавых прыбораў Жанне Уласевіч, — распавядае дырэктар. — Асвойваючы станок, яна кожны дзень дадае выпрацоўку.
А ўчастак зборкі арматуры газгольдараў, арганізаваны ў рамках праграмы імпартазамяшчэння, — наогул чыста жаночая тэрыторыя, дадае ён.
— Жаночая частка нашага калектыву — не толькі высокапрафесійныя спецыялісты і адказныя супрацоўнікі, але і самыя прыгожыя дзяўчаты Навагрудка, — перакананы Ігар Капціловіч. — Жаночыя ініцыятывы здольныя мяняць жыццё да лепшага. І мы пра гэта ведаем не па чутках.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД