«Металург» нанёс «Дынама-Маладзечна» першае за паўтара месяца паражэнне ў рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі сезона 2025/26, паведамляе БелТА.
Паядынак каманд адбыўся ў Жлобіне. Па ходзе стартавай трэці «бела-блакітныя» вялі з лікам 2:0, але на другі перапынак лідарамі пайшлі ўжо гаспадары (3:2). У трэцім перыядзе маладзечанцы зраўнавалі лічбы, сустрэча перайшла ў авертайм, а адтуль і ў серыю булітаў, дзе больш дакладнымі былі гульцы «Металурга» — у выніку 4:3. Пераможная серыя «Дынама-Маладзечна» перапынілася на адзнацы 13 гульняў, папярэдняе паражэнне клуба адбылося яшчэ 7 верасня.
Акрамя таго, вечарам панядзелка «Юнацтва» ў авертайме абгуляла «Шахцёр» з лікам 3:2. Аўтарам пераможнай шайбы стаў Станіслаў Кучкін, які набраў рэзультатыўныя ачкі ў 11-м паядынку запар. Аршанскі «Лакаматыў» таксама за межамі асноўнага часу адолеў «Віцебск» (2:1) і перапыніў сяміматчавую серыю няўдач. У яшчэ адной гульні 20 кастрычніка «Славуціч» быў мацнейшы за «Гомель» (3:1).
Пасля шаснаццаці тураў рэгулярнага сезона становішча ў верхняй частцы турнірнай табліцы экстралігі выглядае наступным чынам:1. «Дынама-Маладзечна» ( 29 ачкоў);
2-3. «Юнацтва», «Ліда» (па 28);
4. «Шахцёр» (22);
5-6. «Металург», «Віцебск» (па 21).
У дзясятцы мацнейшых таксама знаходзяцца «Славуціч» (20 балаў), «Нёман» (16), «Гомель» (14) і «Авіятар» (12). Па-за зонай плэй-ін на гэты момант знаходзяцца «Хімік» і «Лакаматыў» (па 10 ачкоў), а таксама «Брэст» (6) і «Магілёў» (5). Наступныя матчы ў чэмпіянаце Беларусі па хакеі адбудуцца ў чацвер, 23 кастрычніка.