Top.Mail.Ru

Казахстан узнагародзіў беларускіх пісьменнікаў

Добрая вестка прыйшла з Алматы. Генеральны дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава Кенжэхан Матыжанаў адзначаў падзякамі «...за каштоўны ўклад у развіццё беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў» групу беларускіх пісьменнікаў і арганізатараў выдавецкай справы.


Узнагароды атрымалі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт, празаік і перакладчык Алесь Бадак, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, супрацоўнік Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Вікторыя Лукашута. Сярод узнагароджаных — і супрацоўнікі Выдавецкага дома «Звязда»: галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», намеснік старшыні СПБ Аляксей Чарота, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Святлана Ганцарэвіч. 

Сяброўства з Беларуссю ў нашага інстытута і ўвогуле ў казахстанскіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, кнігавыдаўцоў носіць даволі канкрэтны характар, — пракаменціравала падзею загадчык аддзела міжнародных сувязяў і сусветнай літаратуры Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан, член Праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева. — У свой час, дзякуючы намаганням сённяшніх «звяздоўцаў» быў выдадзены том паэзіі класіка казахскай нацыянальнай літаратуры «Стэпавы прастор» у перакладах на беларускую мову, якія здзейсніў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Казахстан Мікола Мятліцкі. Светлай памяці Мікалая Міхайлавіча некаторы час назад, яшчэ пры жыцці, адзначылі Міжнароднай літаратурнай прэміяй «Алаш». Менавіта дзякуючы Выдавецкаму дому «Звязда» сучасная казахстанская літаратура была прадстаўлена ў серыі «Созвучие сердец». Том «Не ведая границ» і зараз з’яўляецца запатрабаваным і ў чытачоў і ў даследчыкаў. Тры кнігі Немата Келімбетава ў перакладах на беларускую мову засведчылі добрае веданне беларусамі працэсаў, якія адбываюцца ў казахстанскай літаратуры. Міхась Пазнякоў пераклаў на беларускую мову неўміручую мастацкую эпапею вялікага Мухтара Аўэзава, прысвечаную Абаю. І веру, што прыклады такой супольнай працы над прадстаўленнем казахскай літаратуры ў Беларусі будуць доўжыцца на працягу многіх гадоў. 

Наперадзе ў беларускіх пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў — рэалізацыя новых творчых праектаў, звязаных з развіццём, пашырэннем прасторы беларуска-казахстанскіх літаратурных, культурных, гуманітарных сувязяў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю