Top.Mail.Ru
162

Казахстан уводзіць электронны дазвол на ўезд для замежнікаў — атрымліваць яго трэба будзе і беларусам

Казахстан запусціў у тэставым рэжыме сістэму электроннага дазволу на ўезд (ETA-Electronic Travel Authorization) для замежных грамадзян, у тым ліку для беларусаў, паведамляе sb.by.



Сістэма электроннага дазволу на ўезд працуе праз мабільны дадатак QazETA, распрацаваны для спрашчэння ўезду замежнікаў у Казахстан і павышэння празрыстасці міграцыйных працэдур. ETA — гэта не віза, а папярэдні дазвол на ўезд у рамках бязвізавага рэжыму.

Дадатак QazETA аб’ядноўвае некалькі лічбавых сэрвісаў: ETA для грамадзян краін з бязвізавым рэжымам; e-Visa — афармленне электроннай візы; e-Residency — электронная рэзідэнцыя; іншыя сэрвісы, накіраваныя на лічбавізацыю міграцыйных працэдур.

Па інфармацыі пасольства Казахстана ў Беларусі, на дадзеным этапе запуск праходзіць у пілотным рэжыме, і афармленне ETA носіць рэкамендацыйны характар. Аднак у далейшым працэдура стане абавязковай умовай уезду для грамадзян бязвізавых краін.

Падаць заяўку можна праз лічбавую платформу QazETA не пазней чым за 72 гадзіны да ўезду. ETA дзейнічае 180 дзён і не замяняе візу для краін, дзе яна патрабуецца, а канчатковае рашэнне аб уездзе прымае пагранічная служба.

Грамадзяне Беларусі па-ранейшаму могуць уязджаць у Казахстан без візы на тэрмін да 90 дзён на працягу кожнага паўгадавога перыяду.

З мінулага лета з Мінска ў Алматы лётае прамы рэйс Казахстанскай авіякампаніі SCAT двойчы на тыдзень: па серадах і нядзелях.

Ад неабходнасці афармлення ETA вызваляюцца ўладальнікі дыпламатычных і службовых пашпартоў, члены афіцыйных дэлегацый і прадстаўнікі акрэдытаванага дыпламатычнага корпуса.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю