Top.Mail.Ru

Католікі Беларусі святкуюць Раство Хрыстова

Хрысціяне Беларусі адзначаюць адно з найважнейшых свят — Раство Хрыстова па календары каталіцкай канфесіі. У ноч з 24 на 25 снежня ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі праходзяць урачыстыя набажэнствы.


Святкаванню Раства Хрыстова ў католікаў папярэднічае перыяд адвэнту, які пачынаецца ў чацвёртую нядзелю да Раства. Адвэнт разглядаецца як час узмоцненага пакаяння: вернікі імкнуцца праяўляць міласэрнасць, удзельнічаюць у справах дабрачыннасці, перадкалядных набажэнствах і рыхтуюцца да споведзі, каб з чыстай душой прыняць прычасце на Раство.

Касцёлы ў гэты перыяд упрыгожваюць вянкамі, у якіх мацуюцца па чатыры свечкі. У першую нядзелю запальваецца адна свечка, у другую — дзве і гэтак далей, гэта значыць з кожным тыднем становіцца ўсё святлей.

У касцёлах падчас святочнай службы атмасфера нагадвае сямейную.

Раство Хрыстова — найвялікшае свята для католікаў, таму невыпадкова яму папярэднічае цэлы шэраг урачыстых прыгатаванняў. Адно з самых любімых — уладкаванне традыцыйных яселькаў.

У яслях ляжыць Дзіцятка Езус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца яго маці Панна Марыя і святы Юзаф. Каля іх на сене — вол з вослікам, а крыху далей з пашанаю кленчаць пастушкі… Дэкарацыі гэтай сцэнкі ахайна захоўваюць у кожным касцёле. Часам фігуркі — сапраўдныя творы мастацтва, якія маюць музейнае значэнне. На іх прыходзяць палюбавацца і далучыцца да святочнага настрою і вернікі іншых канфесій.

Раство Хрыстова — сямейнае свята. Напярэдадні вернікі рыхтуюць свае дамы: прыбіраюць, упрыгожваюць вянкамі і ёлкамі, ззяючымі агеньчыкамі.

З наступленнем Вігіліі, вечара перад святам, як толькі на небе з’яўляецца першая зорка, усе члены сям’і збіраюцца на традыцыйную калядную вячэру. На стале прынята мець 12 страў па колькасці апосталаў Хрыста. Найчасцей выкарыстоўваюць рыбу, грыбы, арэхі, разнастайныя гароднінныя стравы, садавіну, аладкі з макам, кісялі. Асобае месца займае куцця — крупяная каша з мёдам, арэхамі, разынкамі, цукатамі. 


Са святкаваннем Раства Хрыстова як у католікаў, так і ў праваслаўных вернікаў звязаны шэраг прыкмет надвор’я. У залежнасці ад канфесіі, гэтыя прыметы некалькі адрозніваюцца. У прыватнасці, якім будзе ўвесь наступны год, католікі вызначалі па наступных прыкметах:

мяцеліца на Куццю 24 снежня — да ранняй вясны;
пацяпленне напярэдадні Раства кажа пра будучую халодную вясну;
снегапад на Куццю абяцае добры ўраджай у наступным годзе;
зацішнае надвор’е на Раство — да цёплага лета.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю