Top.Mail.Ru

Катэхізіс людскасці

Гэтыя зімовыя дні багатыя на юбілеі народных пісьменнікаў. Тыдзень назад адзначылі 105-я ўгодкі Івана Шамякіна, у нядзелю — тыя ж лічбы памяці, але ўжо ў Івана Мележа. Тытаны псіхалогіі беларуса. І што ў ёй, той псіхалогіі, — якая ідэя, што тое няўлоўнае, незабыўнае, векапомнае, што трымае нас як нацыю, характарызуе нібы сям’ю. Працавітасць? А хіба ўкраінцы не працавітыя, альбо кітайцы? Лагоднасць? Ну дык мы тут з французамі падобныя, ды з іншымі. Людзям толькі дай магчымасць быць лагоднымі. Не, тут іншае. Мы — беларусы — вылучаемся сваёй людскасцю. Чалавечнасцю. Менавіта яе мы атрымалі ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў, што ўніверсітэтаў не канчалі, кніжак па псіхалогіі не чыталі, але сваім дзецям і ўнукам наказвалі: «Трэба, каб было ўсё па-людску». 


Людскасць — наша аснова, страцім яе — перастанем быць самі сабой. Гэта самы важны крытэрый — як мы адносімся да малых, старых і нават чужых. Дапамагаць умеем. Таму ў грамадства і запыт на людскасць і на яскравую яе праяву — справядлівасць. І яна, нібы адмысловы ўзор у слуцкі пояс, уплецена ў дзяржаўную палітыку. 

Людскасць тую, чалавечнасць нашы продкі заўжды праяўлялі і да слабейшых. Да звяроў, птушак, нават рыб — у храмах званы не званілі, калі рыба ішла на нераст... Гэта так, дэталь. А да каровы ўвогуле стаўленне было як да самай блізкай істоты. З ёй гутарылі, дзяліліся перажываннямі. Карміцелька! І прыгон вынеслі, і акупацыю, і ў пасляваенныя галодныя гады сырадоем і франтавікоў пакалечаных адпаілі, і іх дзяцей выгадавалі. Ды і зараз, глянь, сярод планетарнага запыту на тэхналагічнасць, неверагодным стаўленні да штучнага інтэлекту — без харчавання нікуды. Малочныя тавары — адзін з асноўных артыкулаў беларускага харчовага экспарту.

Але ж разам з тэхналогіямі ў жывёлагадоўлі — вельмі важна захаваць людскія адносіны да тых, хто ад нас залежыць. Бо яны — не канвееры па вытворчасці малака і мяса, а жывая істота. 

І гэты трэнд на чалавечнасць гучыць у самых важных кабінетах беларускай улады. І разумееш абурэнне і горыч Першага, калі, гаворачы аб праблеме падзяжу, ён цялят параўноўвае з дзецьмі. І такія блізкія яго словы ў гэтыя марозныя дні: «Як можна не абараніць кацяня, парася, цяля, шчаня? Як можна цяпер не абараніць?..»

Цеплыня адносін адзін да аднаго і стаўленне ўлады да грамадства адлюстроўваецца не толькі ў высокіх ідэалагічных наратывах — у побытавых, жыццёвых рэчах. 

Так, ужо даўно было вядома — з пачатку года падрастуць цэны на паслугі ЖКУ. Але Прэзідэнт краіны прыняў рашэнне перанесці тое павышэнне на пачатак вясны. У выніку існуючых умоў надвор’я і ўстойліва нізкай тэмпературы ў студзені на ацяпленне зрасходавана, паводле папярэдніх разлікаў, на 45 працэнтаў больш цеплавой, электрычнай энергіі і прыроднага газу, чым у снежні мінулага года. Гэта прагназуема павінна прывесці да росту плацяжоў насельніцтва за ацяпленне. І каб пазбегнуць дадатковай нагрузкі на грамадзян пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг, Прэзідэнт адмяніў павышэнне і перанёс гэты тэрмін на 1 сакавіка 2026 года. Калі павінна значна пацяплець. Рашэнне прынята для таго, каб не дапусціць значнага павелічэння фінансавай нагрузкі для грамадзян.

Вось вам і сацыяльная эканоміка ў дзейнасці. Ці паступілі б так у іншых краінах, якія спрабуюць вучыць нас правам чалавека? Адказ — вядомы. Там рыначныя адносіны, а ў нас — чалавечыя. Там сапраўдны снежны калапс, а калі растане той снег, то адкрыецца жудасная карціна брудных еўрапейскіх вуліц. Не кажучы ўжо пра камунальныя рахункі, якія многіх простых еўрапейцаў давядуць да галечы.

Гледзячы на чалавечную палітыку дзяржавы ў адносінах да людзей, мы і самі становімся больш добрымі і міласэрнымі. Паглядзіце, колькі гісторый выратавання з зімовай бяды птушак і звяроў. Для трактарыста лясгаса маленькая казуля — якая прыбілася абяссіленая, — не некалькі кілаграмаў мяса, а дзіцяня, якое трэба накарміць і абагрэць... Ці шмат такіх гісторый вы бачылі ў нашых «цывілізаваных» суседзяў? Не пра валанцёраў ці «зялёных», а пра простых, звычайных людзей?

Вось у гэтым — у чалавечым стаўленні — наша адзінства. А яшчэ ў нас адзінства традыцыйнага чалавецтва супраць усіх гэтых жахлівых эксперыментаў і сучасных выклікаў. Новае прачытанне згуртаванасці народа — Катэхізіс людскасці. Пішам яго ўсе, разам з нашым Прэзідэнтам.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю