Каталікі сёння адзначаюць Папяльцовую сераду, якая азначае пачатак Вялікага посту. Гэта пераходзячае свята традыцыйна адзначаецца за 45 каляндарных дзён да Вялікадня, перадае БелТА.
Назва «Папяльцовая серада» звязана з асаблівым рытуалам: падчас імшы святар наносіць попелам крыж на лоб кожнага верніка. Гэтая традыцыя сімвалізуе хрысціянскую пакору і пакаянне, якія патрабуюцца ад хрысціян падчас посту. Перад пачаткам службы спальваюцца вербныя і пальмавыя галіны, якія захаваліся з мінулай Вербнай нядзелі, а пакінуты попел асвячаецца згодна з абрадам.
Вялікі пост у каталікоў доўжыцца 40 дзён. Падчас яго вернікі павінны больш часу надаваць малітве, чытанню Святога Пісання, справам міласэрнасці, часцей наведваць набажэнствы і прыступаць да сакрамэнтаў. Прынята ўстрымлівацца ад забаўляльных мерапрыемстваў, шкодных звычак і іншых мірскіх задавальненняў.
Падчас посту каталікі з 14 гадоў абавязаны ўстрымлівацца ад мясных страў па пятніцах, а з моманту дасягнення паўналецця і да 60 гадоў павінны выконваць строгі пост у Папяльцовую сераду і Страсную пятніцу. Кожную нядзелю вернікі павінны ўдзельнічаць у імшы. Усё гэта неабходна для падрыхтоўкі да святкавання Вялікадня - Уваскрэсення Хрыстова.