Рыхтуючыся да XXXII Дня беларускага пісьменства, які ў верасні 2026 года пройдзе на Магілёўшчыне, у Касцюковічах, мясцовыя бібліятэкары згадваюць жыццё і творчасць пісьменнікаў-землякоў. З гэтай нагоды праводзяць розныя імпрэзы, вечарыны, арганізоўваюць тэматычныя выстаўкі.
Вось і 110-годдзю з дня нараджэння земляка — касцюковіцкага журналіста, вядомага паэта-сатырыка Сямёна Пацёмкіна ў Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Чыгрынава прысвяцілі інфармацыйную гадзіну «Пясняр зямлі касцюковіцкай». Удзельнікі імпрэзы пазнаёміліся з песнямі на словы С. Пацёмкіна, пачулі яго вершы ў выкананні членаў народнай студыі літаратурнага мастацтва «Крынічка». З захапленнем аўдыторыя рэагавала на гумарыстычныя і сатырычныя вершы Сямёна Ігнатавіча.
Нагадаем, што Сямён Ігнатавіч Пацёмкін (1916 — 1993) нарадзіўся ў вёсцы Малы Хоцімск Касцюковіцкага раёна. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Член Саюза журналістаў СССР. Працаваў настаўнікам у школе, у рэдакцыі раёнай газеты, рэдактарам раённага радыёвяшчання. Часта друкаваўся на старонках часопіса «Вожык». Аўтар трох кніг гумарыстычных вершаў.
Касцюковіцкі край — радзіма многіх вядомых пісьменнікаў: народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, славутага паэта Алеся Пісьмянкова, пісьменнікаў Леаніда Левановіча, Васіля Хомчанкі, Івана Саверчанкі, Зямы Піваварава і іншых цікавых творцаў.
Мікола БЕРЛЕЖ