«Арганізацыя па-свойму цікавая, унікальная, адзіная ў сваім родзе».
Менавіта так выказаўся Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка аб нябанкаўскай крэдытна-фінансавай аргнанізацыі «Белінкасгруп». Яна па сваім прызначэнні сапраўды ўнікальная, бо адзіная ў краіне аказвае паслугі інкасацыі і банкам, і суб’ектам гаспадарання — у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі Nº 225 на НКФА была ўскладзена рэалізацыя выключнага права дзяржавы на ажыццяўленне інкасацыі наяўных грашовых сродкаў, перавозкі наяўных грашовых сродкаў і іншых каштоўнасцяў.

«Работа НКФА носіць адносна закрыты характар: бачым толькі фургоны, людзей ва ўніформе, якія перавозяць на аўтамабілях значныя і нязначныя сумы грашовых сродкаў, забяспечваючы тым самым іх захаванасць і бяспеку, — падзяліўся Ігар Сергяенка ў размове з журналістамі пасля наведвання арганізацыі. — На працягу шэрагу гадоў не было ні адной надзвычайнай сітуацыі, звязанай з рызыкай для жыцця як навакольных, так і непасрэдна работнікаў арганізацыі. Я ўбачыў, як арганізаваны кантроль непасрэдна з гэтага цэнтра за перамяшчэннем практычна кожнай машыны, за зборам сродкаў, дастаўкай, іх захоўваннем. Паказалі таксама экіпіроўку, зброю, якая сёння выкарыстоўваецца супрацоўнікамі. Тут спалучаецца і вопыт тых людзей, якія прайшлі службу ва Узброеных Сілах нашай краіны, падраздзяленнях МУС. Працаваць прыходзяць маладыя хлопцы, якія пасля службы ў арміі пад настаўніцтвам таксама становяцца прафесіяналамі. У арганізацыі працуе шмат жанчын, прытым не толькі касірамі, але, скажам так, і на баявой працы. Арганізацыя па-свойму цікавая, унікальная, адзіная ў сваім родзе».
Старшыні Палаты прадстаўнікоў прадэманстравалі аснашчэнне брыгады інкасатараў, расказалі аб тым, які спецаўтатранспарт і зброя прымяняюцца ў дзейнасці. Прадстаўнікі інкасатарскай службы асобна спыніліся на бронекамізэльках, распрацаваных беларускім вытворцам спецыяльна для гэтай кампаніі. Яны маюць меншую вагу, што палягчае выкананне задач супрацоўнікамі службы. Пры гэтым ступень абароны застаецца на тым жа высокім узроўні. Ігар Сергяенка азнаёміўся з работай цэнтра маніторынгу, куды ў рэжыме рэальнага часу паступае інфармацыя пра месцазнаходжанне і тэхнічны стан аўтамабіляў, якія знаходзяцца на маршрутах.

Адбылася таксама сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў з працоўным калектывам, падчас якой Ігар Сергяенка падрабязна расказаў аб дзейнасці дэпутацкага корпуса. Закранулі таксама пытанні карпатлівай працы над законапраектамі, якія выносяцца ў Авальную залу пасля дыскусій у спецыяльна створаных рабочых групах. Акрамя таго, спікер таксама падзяліўся нюансамі работы парламентарыяў у акругах, адзначыўшы, што гэтая работа накіраваная на тое, каб адчуць нерв грамадства. Для гэтага, паводле слоў спікера, прадугледжаны цэлы комплекс мерапрыемстваў — дэпутаты прымаюць удзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах, праводзяць прыёмы грамадзян, сустракаюцца з людзьмі ў розных калектывах. Ігар Сергяенка таксама расказаў і аб міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. Ён падкрэсліў, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў надаюць вялікае значэнне народнай дыпламатыі: «Прэзідэнт нас нацэльвае на гэта».
Супрацоўнікі «Белінкасгруп» адрасавалі Старшыні Палаты прадстаўнікоў шэраг пытанняў. У тым ліку цікавіліся, хто ў краіне часцей за ўсё выступае з заканадаўчымі ініцыятывамі. Кіраўнік дэпутацкага корпуса звярнуў увагу, што часцей за ўсё законапраекты паступаюць ад Урада, падкрэсліўшы, што заканадаўчай ініцыятывы ад дэпутацкага корпуса павінна быць больш.
Яна ВАЛАСАЧ