Top.Mail.Ru
201

У Доме прэсы абмеркавалі прычыны і наступствы скажэння гісторыі

Другая сусветная вайна — рана, якая дагэтуль крывавіць у нашай памяці. І, на жаль, знаходзяцца тыя, хто спрабуе нашу рану расцерабіць праз перайначванне гісторыі дзеля сваіх мэт. Але ці магчыма перапісаць мінулае? І хто гэтым займаецца? У прэс-цэнтры Дома прэсы абмеркавалі прычыны і наступствы скажэння гістарычных падзей і прэзентавалі манаграфію «Гістарычны падлог: хто і як скажае праўду пра Другую сусветную вайну».



— Мы ўвайшлі ў такі перыяд, калі ёсць неабходнасць абараняць праўду. Яна настолькі важная, што без яе немагчыма далейшае развіццё, бо менавіта праўда закладзена ў ідэалогію дзяржаў, культуру народаў. І дзякуючы яе наяўнасці краіны ва ўсім свеце могуць развівацца. А калі праўда падмацавана гістарычнымі фактамі, то гэтыя народы здзяйсняюць эвалюцыйныя крокі. Цяпер жа мы назіраем, як гэту праўду ў нас хочуць выкрасці, — перакананы намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл па навуковай рабоце Віктар Тумар.

Калі ў мінулым праўду абаранялі са зброяй у руках, то цяпер — словам, падмацаваным навуковымі даследаваннямі. Менавіта таму была створана манаграфія «Гістарычны падлог: хто і як скажае праўду пра Другую сусветную вайну», якая стала вынікам маштабнай навукова-даследчай працы, замоўленай пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба.

— Гэта кніга не проста падручнік гісторыі або пералік гістарычных фактаў. Гэта моцная аналітычная праца, у якой ёсць прагноз будучыні. Забраць у нас праўду — значыць ускласці адказнасць на нас за тыя бясчынствы, што рабіліся на нашай зямлі, — адзначае Віктар Тумар.

Так, у манаграфіі прыводзяцца даныя апытанняў, паводле якіх большасць сучасных еўрапейцаў упэўненыя (Францыя — 60 %, Германія — 50 %), што перамаглі ў Другой сусветнай вайне ЗША, а не савецкія войскі, якія вызвалілі адзін мільён квадратных кіламетраў еўрапейскай тэрыторыі, на якой пражывала 113 мільёнаў насельніцтва. Такім чынам, яшчэ з часоў халоднай вайны адбываецца працэс пераканання насельніцтва ў тым, што праўда за імі, што перамогу атрымалі менавіта яны. А сёння гэты працэс актыўна пачынае набіраць тэмп.

Фальсіфікацыя гісторыі Другой сусветнай вайны на Захадзе выкарыстоўваецца для дасягнення ўласных мэт. Напрыклад, памяншэнне ролі савецкага народа і Чырвонай Арміі ў разгроме нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў. Замест прызнання вырашальнага ўнёску Савецкага Саюза прасоўваецца тэорыя «вырашальных бітваў», у якіх удзельнічалі англа-амерыканскія войскі, а менвіта высадка ў Сіцыліі, аперацыя «Аверлорд» і атамная бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі. І толькі зрэдку згадваецца Сталінградская бітва, а бітвы пад Масквой, Курскам, аперацыя «Баграціён» вырашальнымі зусім не лічацца.

Пры гэтым замоўчваецца той факт, што 75 % тэхнікі і жывой сілы праціўніка былі знішчаны менавіта на савецка-германскім фронце.

— Агульная карціна, якая ствараецца заходняй прапагандай, зводзіцца да таго, што ўсё вялікае ў вайне было дасягнута дзякуючы намаганням амерыканцаў. І гэта нягледзячы на тое, што Чэрчыль, Рузвельт і пасляваеннае кіраўніцтва таксама публічна і шматразова заяўлялі, што якраз Чырвоная Армія знішчыла больш ворагаў, чым астатнія дзяржавы ААН разам узятыя, — адзначае вядучы навуковы супрацоўнік НДІ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, аўтар манаграфіі Валерый Сураеў.

Больш за тое, Савецкі Саюз прыпадабняецца да «людаедскай нацысцкай дзяржавы». Менавіта яму ставіцца ў віну развязванне Другой сусветнай вайны, пры гэтым замоўчваецца дапамога заходніх краін, якую тыя аказвалі Германіі ў стварэнні яе ваенна-эканамічнага патэнцыялу. Такім чынам, хлусня аб вайне стала зброяй. Зброяй масавага паражэння духоўна-маральных якасцяў.

Кніга выдадзена абмежаваным тыражом і распаўсюджваецца толькі ў ваенных навучальных установах, бібліятэках і некаторых ВНУ. Улічваючы яе значнасць і актуальнасць, плануецца дадатковае выданне, якое зробіць кнігу даступнай для больш шырокай аўдыторыі.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю