«Вясна» — такую назву носіць паэтычны зборнік класіка айчыннай літаратуры, які нядаўна выйшаў у свет накладам 1500 экзэмпляраў. Укладальнікі дасведчаныя музейшчыкі-купалазнаўцы Галіна Варонава і Надзея Саевіч. Мастак кнігі — адметны кніжны графік Наталля Табушава.
Пад адной вокладкай сабраны наступныя творы Янкі Купалы: «Вяснянка», «Перад вясной», «Вясна», «У вянку пралесак», «Вясенняя раніца», «З песень аб вясне», «Ой, вясна, ой, вясна!», «Засвяціла цяпло...» Восем неўміручых твораў захапляюць, ствараюць сапраўды вясенні настрой, нагадваюць пра прыгажосць роднай мовы і нашай роднай прыроды. «Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы,/ Болей не мерзне душа ні адна,/ Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю/ Абдаравала зямельку вясна./ Рэчкі бурлівыя, ўчора санлівыя,/ Сёння усталі, плывуць і бурляць;/ Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,/ К небу прыветна з вадзіцы глядзяць./ Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,/ Радасна песні зайгралі свае;/ Лісці зашасталі, птушкі зачыркалі,/ Свішча салоўка, і дзяцел клюе...» («Вясна»).
Кніга «Лета» напоўнена не толькі моўнымі фарбамі. Даволі прыцягальнымі з’яўляюцца жывыя, багатыя на святло колераў, малюнкі Наталлі Табушавай. Мастачка ўклала ў працу сваё сэрца, свае душэўныя памкненні. Графічнае аздабленне зборніка працягвае думкі і вобразы Янкі Купалы, узбагачае паэтычнае асэнсаванне вясны, здзейсненае шмат гадоў назад класікам беларускай літаратуры.
Расказвае загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» Вольга Давідовіч:
«Мы з ахвотай узяліся за справу, калі супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы прыйшлі з ідэяй выдаць серыю кніг купалаўскіх твораў пра розныя часіны года. У бліжэйшы час падрыхтуем кнігі „Лета“, „Восень“, „Зіма“. Прыгожа аформленыя, гэтыя зборнікі стануць сапраўдным урокам чытання для школьнікаў. А ілюстрацыі Наталлі Табушавай ужо зараз уяўляюцца мне асновай для арганізацыі цікавай выстаўкі графічных прац. Кніга „Лета“ — паяднанне, супольная прастора паэзіі і выяўленчага мастацтва!..»
Гэты праект прымеркаваны да 100-годдзя надання Янку Купалу звання народнага паэта Беларусі.