Прэзідэнцкая выбарчая кампанія завяршыла вялікі цыкл палітычнай мадэрнізацыі, які быў абумоўлены ўнясеннем змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.
Ён нагадаў, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні замацавана такое паняцце, як электаральны суверэнітэт. «Гэта паняцце ўвайшло ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, якая была зацверджана Усебеларускім народным сходам, — канкрэтызаваў кіраўнік Цэнтрвыбаркама. — І, вядома ж, пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у дзейнае выбарчае заканадаўства мы ўлічвалі тыя асноўныя кірункі, якія неабходна забяспечыць з пункту гледжання абароны нашага электаральнага суверэнітэту».
Каментуючы рэзалюцыю Еўрапарламента па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, прынятую яшчэ да іх правядзення, Ігар Карпенка падкрэсліў, што легітымнасць выбараў вызначаецца волевыяўленнем народа, які надзяляе легітымнымі паўнамоцтвамі канкрэтныя органы, што выбіраюцца ў выніку гэтых выбараў. «У даным выпадку мы выбіралі Прэзідэнта краіны, гэта ключавая пасада ў палітычнай сістэме нашай краіны, — канкрэтызаваў ён. — Таму народ і вызначае легітымнасць таго ці іншага кандыдата, які атрымлівае большасць галасоў і адпаведныя паўнамоцтвы».
Па словах старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, беларускі народ зрабіў свой свядомы выбар на карысць умацавання суверэнітэту, незалежнасці і паступальнага міралюбівага развіцця нашай краіны на будучыню. Аб гэтым сведчылі і міжнародныя назіральнікі, якія маглі наведаць абсалютна любы ўчастак у любым рэгіёне краіны.
«Мы не камандавалі міжнародным назіральнікам, куды і на які ўчастак ехаць, — удакладніў Ігар Карпенка. — Так, сапраўды, у нас часам пыталіся: прапануйце пэўныя ўчасткі. Мы прапаноўвалі і ў Мінску, і ў абласцях. Але разам з тым мы заўсёды падкрэслівалі, што міжнародны назіральнік можа ехаць на любы з 5325 участкаў, якія былі створаны на перыяд правядзення выбараў Прэзідэнта, што яны і рабілі».
Па яго словах, у міжнародных назіральнікаў была магчымасць размаўляць як з кіраўніцтвам, так і з членамі ўчастковых камісій, нацыянальнымі назіральнікамі. «Некаторыя размаўлялі з грамадзянамі, якія прыходзілі на выбары, — дадаў Ігар Карпенка. — Прычым размаўлялі не толькі на ўчастку, але і за яго межамі. Размаўлялі з тымі, хто праводзіў інтэрв’ю на выхадзе, так званы экзітпол.
І ўсе падкрэслівалі адкрытасць і празрыстасць гэтых выбараў. Яны ацэньвалі ў першую чаргу створаныя магчымасці для таго, каб кожны грамадзянін мог прыйсці на ўчастак і свабодна ажыццявіць сваё волевыяўленне, што, увогуле, і адбывалася».
Старшыня ЦВК адзначыў, што беларускі вопыт шмат у чым цікавы замежным калегам. «Ім цікавы вопыт Беларусі, наша заканадаўства, — сказаў ён. — У рамках двухбаковых сустрэч, якіх каля двух дзясяткаў прайшло ў ЦВК, мы дамовіліся, што будзем і далей узаемадзейнічаць у пытаннях абмену думкамі па выбарчым працэсе. Будзем дзяліцца найлепшымі практыкамі электаральнага працэсу. Дамовіліся з некаторымі, што падрыхтуем адпаведныя пагадненні аб узаемадзеянні ў рамках электаральнай палітыкі, якая праводзіцца нашымі дзяржавамі. Яны ў найбліжэйшы час будуць падпісаны. Тым больш што былі запрошаны тыя дзяржавы, з якімі ў нас выбудаваны дастаткова высокі ўзровень і палітычных, і гандлёва-эканамічных адносін».