Top.Mail.Ru
61

Карлюкевіч: памяць пра трагічныя падзеі Першай сусветнай вайны павінна перадавацца нашчадкам

Гістарычная памяць аб трагічных падзеях Першай сусветнай вайны павінна перадавацца нашчадкам. Пра гэта заявіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч на адкрыцці выставы «Выратаванне Еўропы. 110 гадоў Нарацкай аперацыі» 18 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, паведаміла БелТА.


«Сёння не выпадковы дзень у гісторыі Беларусі. Роўна 110 гадоў таму — 18 сакавіка 1916 года — пачалася самая кровапралітная бітва Першай сусветнай вайны

— Нарацкая аперацыя. Выстава вяртае нас да тых трагічных падзей. Яе падрыхтавалі лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, вядомы калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў і Нацыянальны гістарычны музей, — падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.



Асаблівае месца ў экспазіцыі займае адноўлены аўтарам выставы самалёт Morane-Parasole, які стаяў на ўзбраенні расійскай арміі. Часовая экспазіцыя ўяўляе сабой фотахроніку з больш чым 100 здымкаў, якія паказваюць боль, пакуты і жахі Нарацкай аперацыі. 5 дыярам з выкарыстаннем 3D-тэхналогій адлюстроўваюць пазіцыі рускіх і нямецкіх войскаў на возеры Нарач, акопы, унутраны выгляд касцёла ў Відзах пасля бою. Можна таксама пазнаёміцца з рэканструкцыяй ваеннага абмундзіравання часоў Першай сусветнай вайны.

Нарацкая бітва стала першай наступальнай аперацыяй Рускай імператарскай арміі пасля вялікага адступлення 1915 года. Стратэгічная мэта Нарацкай аперацыі была дасягнутая. Як вядома, ацаніўшы сітуацыю ў раёне Нарачы як крытычную, немцы спешна перакінулі ў раён баявых дзеянняў чатыры свежыя дывізіі (дзве з Усходняй Прусіі і дзве з Бельгіі), якія павінны былі дзейнічаць на той момант супраць Вердэна. Цаной жыццяў салдат і мірных жыхароў падчас Нарацкай аперацыі фактычна быў выратаваны французскі Вердэн. Ні адна германская часць не была знятая з рускага фронту. Больш за тое, з 9 па 16 сакавіка націск немцаў на крэпасць Вердэн істотна аслабеў. Рэха Нарачы даляцела да Францыі...


Сёння Нарач — месца памяці і асэнсавання. Выстава заклікана паказаць, што гэта зямля не толькі маляўнічы край азёр і лясоў, але і поле гістарычных бітваў, дзе кожная вышыня, балота, лес захоўваюць адгалоскі сакавіцкіх баёў 1916 года.

Экспазіцыя размяшчаецца на тэрыторыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, ва ўнутраным дворыку і сямі памяшканнях часоў Першай сусветнай вайны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю