Top.Mail.Ru

Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся з новымі грамадзянамі нашай краіны

«Беларусь — краіна, дзе цэніцца мір»

Адзін з іх, напрыклад, у асаблівых прадстаўленнях не мае патрэбы. Сяргей Чэкерэс добра знаёмы аматарам тэатральнага мастацтва: амаль 30 гадоў ён служыць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, носіць ганаровае званне Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь. Іншых, каму прадастаўлена беларускае грамадзянства, шырокая грамадскасць не ведае, але гэта не перашкаджае ім плённа працаваць на зямлі, якая ім стала роднай, атрымліваць тут адукацыю, выхоўваць дзяцей — юных беларусаў. 

«Праязджаючы па Беларусі, ты разумееш, што гэта блаславёная зямля»

Сяргей Чэкерэс прыехаў у Беларусь у 1997 годзе з Украіны. Ён нарадзіўся ў горадзе Крывы Рог, скончыў Кіеўскі тэатральны інстытут імя І. Карпенка-Карага, тры гады адпрацаваў у Херсонскім абласным акадэмічным музычна-драматычным тэатры імя Мікалая Куліша. 

Прычына пераезду ў Беларусь, як ён сам прызнаецца, простая — каханне. Дзяўчына, з якой Сяргей Мікалаевіч, пазнаёміўся ў Херсоне, аказалася гамяльчанкай. Калі яна прыняла рашэнне вярнуцца на Радзіму, ён паехаў за ёй. Так і застаўся тут назаўсёды.

«Беларусь прыцягнула мяне размераным тэмпам жыцця, — заўважае Сяргей Чэкерэс. — Тут не трэба бегчы, пры гэтым можна адчуваць сябе добра».


За 29 гадоў служэння ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага вядучы майстар сцэны сыграў не адзін дзясятак роляў. Многія яго персанажы — Гамлет, Пятручыа, Мефістофель, Вараб’янінаў і іншыя — даўно палюбіліся гледачам. У акцёра — багатая і фільмаграфія. У 2011 годзе Сяргею Чэкерэсу было прысвоена званне Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. 

Даводзілася яму іграць і беларускамоўны рэпертуар. Напрыклад, быў Панічом у спектаклі Барыса Луцэнкі «Раскіданае гняздо» па матывах п’есы Янкі Купалы. У цяперашнім рэпертуары тэатра ёсць спектакль «Пясняр», дзе Сяргей Чэкерэс выконвае ролю Чорнага. 

«Безумоўна, пражыўшы шмат гадоў у Беларусі, я добра разумею беларускую мову», — гаворыць акцёр. 

Атрыманне беларускага грамадзянства Сяргей Чэкерэс называе натуральным ходам жыцця. 

«Для мяне гэта стала адказным крокам, — прызнаецца ён. — Сам для сябе вырашыў: раз я тут жыву, то павінен быць паўнавартасным членам беларускага грамадства, гэтай зямлі. І калі мне 53 гады, і 29 гадоў з іх я пражыў у Беларусі — напэўна, магу прэтэндаваць на тое, каб быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь». 

У нашай краіне ў Сяргея Чэкерэса нарадзіўся сын, які працягне творчую дынастыю, — пасля службы ва Узброеных Сілах Беларусі малады чалавек паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.

За гады пражывання ў нашай краіне знакаміты акцёр пабываў у розных гарадах, але вылучыць сярод іх адзін, які найбольш запомніўся і палюбіўся, аказалася няпроста. 

«Праязджаючы па Беларусі, ты разумееш, што гэта блаславёная зямля», — звяртае ўвагу Сяргей Чэкерэс. 

«Шукалі працы, лепшага жыцця — і знайшлі яго»

Шахінджан Файзулоеў — па нацыянальнасці таджык, але сваёй Радзімай ён называе Беларусь. Ён тут нарадзіўся, вучыўся, цяпер працуе. І нікуды не збіраецца з’язджаць.

Яго бацькі прыехалі ў Беларусь пасля распаду Савецкага Саюза. «Шукалі працы, лепшага жыцця — і знайшлі яго», — расказвае малады чалавек. 

Шахінджан Файзулоеў адзначае, што дзень атрымання беларускага грамадзянства стане для яго адным з самых шчаслівых у жыцці. 

Маладому чалавеку — 29 гадоў. Ён жыве ў Мінску. Тут скончыў школу, Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва. Па спецыяльнасці Шахінджан Файзулоеў — цясляр, сталяр, зваршчык. Дарэчы, адукацыю малады чалавек атрымліваў на бясплатнай аснове. Цяпер працуе на адным са сталічных прадпрыемстваў.

Ён гаворыць, што ніколі не хацеў з’ехаць на сваю гістарычную радзіму. У Беларусі жывуць родныя людзі, сябры. Прызнаецца, што з самага нараджэння есць беларускія стравы, якія вельмі любіць. 

«У Беларусі жыць спакойна, ёсць магчымасць зарабляць і рэалізоўваць сябе, — гаворыць ён аб перавагах жыцця ў нашай краіне. — Самае галоўнае, што тут няма вайны».

«Краіна прыгожая, моцная. Людзі добразычлівыя»

Сяргей Дубінін прыехаў у Беларусь у 2014 годзе. Вядомыя падзеі на Данбасе, дзе ён жыў разам з жонкай, прымусілі сям’ю шукаць мірнага і спакойнага жыцця. У тым, што менавіта так будзе на беларускай зямлі, сумненняў не ўзнікала. 

Тым больш, што былі наладжаны добрыя сувязі з калегамі. Сяргей Васільевіч працаваў у Данецкім політэхнічным інстытуце, які меў шчыльныя стасункі з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Па запрашэнні адміністрацыі БНТУ ён пачаў сваю працоўную дзейнасць у ВНУ — ужо на працягу 12 гадоў з’яўляецца дацэнтам кафедры робататэхнічных сістэм.

Беларускае грамадзянства ён атрымаў разам са сваёй жонкай. Удакладняю ў суразмоўцы, чаму так доўга ішлі да гэтага важнага рашэння. 

«Адразу думалі, што будзем вяртацца на радзіму, меркавалі, што падзеі, якія адбываліся на Данбасе, часовыя і хутка ўсё скончыцца, — гаворыць Сяргей Дубінін. — Аднак паціху ўцягнуліся ў беларускае жыццё. Нам Беларусь спадабалася. Нас вельмі добра прынялі».

Ён расказвае, што з самых першых дзён пражывання ў нашай краіне беларусы аказвалі ім падтрымку. І да атрымання беларускага грамадзянства сям’я атрымлівала бясплатную медыцынскую дапамогу. Сяргею Васільевічу, напрыклад, двойчы на бясплатнай аснове праводзілі аперацыі.

Прызнаецца, яго і жонку здзівілі падзеі 2020 года, якія адбываліся ў нашай краіне. Людзі, якія ў свой час нацярпеліся, ведаюць, да чаго прыводзяць так званыя перамены. 

«Беларусь — краіна, дзе цэніцца мір, паважаецца праца, нацыянальныя традыцыі ідуць побач з сучаснасцю, — звяртае ўвагу Сяргей Дубінін. — Краіна прыгожая, моцная. Людзі добразычлівыя».

За гэты час сужэнцы Дубініны займелі сапраўдных сяброў, аб’ездзілі ўсю Беларусь, пазнаёміліся з гісторыяй краіны. «Вельмі шмат прыгожых месцаў, у тым ліку гістарычных, — прызнаецца галава сям’і. — Ёсць што паглядзець. Прыгожая краіна!». 

«Беларусь застаецца астраўком міру»

Геаграфія жыцця Махамеда Муслема, які сёння жыве і працуе ў Гомелі, поўная звілістых шляхоў. Маючы палесцінскія карані, ён нарадзіўся ў Егіпце, затым жыў і вучыўся ў Емене, яго бацькі і сястра жывуць у Іарданіі, а для яго самога месцам сілы, тым самым домам, які сапраўдная крэпасць, стала гасцінная Беларусь. 

Махамед Муслем — урач, стаматолаг-хірург Гомельскай абласной клінічнай паліклінікі. «Я прыехаў у Беларусь у 2017 годзе, — расказвае ён карэспандэнту БелТА. — Перада мной стаяў выбар, дзе праходзіць падрыхтоўку ў ардынатуры па сківічна-тварнай хірургіі. Мне расказалі, што ў Беларусі даюць добрыя веды, на высокім узроўні навука. І я вырашыў паехаць менавіта сюды».

Прызнаецца, што самым складаным у пачатку шляху было няведанне мовы. «Гэта ж зусім іншая мова, складаная, — гаворачы пра рускую мову, заўважае малады чалавек. — Здавалася спачатку, вывучыць яе немагчыма. Я не ведаў ніводнай літары. Але вельмі стараўся навучыцца на ёй гаварыць. Дапамаглі людзі, якія былі побач. І зараз плюс-мінус нармальна размаўляю».


Зачараваны ён і меладычнасцю беларускай мовы. «Сам я вельмі мала ведаю слоў, але, калі слухаю па тэлевізары, нармальна разумею, — удакладняе Махамед Муслем. — Жонка перакладае мне некаторыя словы».

Ужо прызвычаіўся ён і да беларускага клімату. «У той год, калі я прыехаў, было да 30 градусаў марозу, — успамінае ён. — Я першы раз у жыцці бачыў снег і адчуваў такі холад. Але зараз я ведаю: зіма — рыхтуй цяплейшае адзенне».

Пасля праходжання ардынатуры Махамед вырашыў застацца ў Беларусі. Тут зараджалася яго сям’я з цудоўнай Таццянай, ды і вяртацца ў Емен ужо магчымасці не было — абстаноўка там была небяспечнай.

Маладыя людзі пажаніліся, праз час у іх нарадзілася дачка Маша. Ён паказвае фотаздымкі сваёй дачушкі на тэлефоне. Адлюстраваны там і моманты сямейнага баўлення вольнага часу, паездак на прыроду. «Беларуская прырода мне вельмі падабаецца, — адзначае малады чалавек. — Лес дае сілы, дапамагае аднавіцца. Там такая энергетыка заспакаяльная. Грыбы я, вядома, яшчэ не навучыўся збіраць, але вось падыхаць паветрам лясным вельмі даспадобы. Любім выязджаць і на экафермы».

Многія стравы беларускай кухні для Махамеда ўжо ў топе любімых. «Дранічкі, запяканка, боршчык, — пералічвае ён. — Сваю жонку навучыў гатаваць наш плоў. Пастаянна ў маразільніку ёсць нарыхтоўкі фалафеля. Гэта мы ўвесь час гатуем. Гэта значыць спалучаем на стале і беларускія, і арабскія стравы. У цэлым мне вельмі блізкія традыцыі, якія шануюць у Беларусі. Гэта павага старэйшых, суседзяў, традыцыйная моцная сям’я, узаемавыручка, нармальныя зносіны. Не так, як у Заходняй Еўропе».

Гаворачы аб падзеях у свеце, Махамед адзначае, што Беларусь застаецца астраўком міру. 

«Гэта шмат у чым дзякуючы Прэзідэнту, — лічыць ён. — Тут вельмі добрыя людзі. Абсалютна спакойна, бяспечна і камфортна тут жыць. Хто хоча працаваць — калі ласка. Ёсць магчымасці пабудаваць, набыць жыллё. Можна ўсяго дабіцца — толькі трэба старацца, працаваць. Але, галоўнае, яшчэ раз скажу, што тут мірнае неба».

Малады чалавек адчувае гонар за тое, што атрымлівае беларускае грамадзянства. «Хачу і надалей прыносіць карысць грамадству, людзям, — тлумачыць урач. — Хачу падзякаваць беларускаму народу, краіне, кіраўніцтву, што прынялі мяне. Прынялі сардэчна на пачатковым этапе, затым на працы. І ўсё без праблем. Беларусь стала для мяне родным, сапраўдным домам. Тут мая сям’я, тут мы купілі жыллё — кватэру. Жывём, будуем планы на будучыню».

Падрыхтавала Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю