Top.Mail.Ru

Карэлічы сустракаюць гасцей ва ўсёй красе і ў поўнай святочнай гатоўнасці

Сёлета працаўнікоў вёскі Гродзенскай вобласці ўшаноўваюць у Карэлічах. І іх сённяшнюю святочную суботу нішто не азмрочыць: добра папрацавалі — час уручаць узнагароды перадавікам і весяліцца. І рэгіён, і краіна ў цэлым — з вялікім хлебам. Свой пачэсны ўнёсак у агульны каравай зрабіла шмат працавітых людзей, і не толькі хлебаробаў. А мы даведаліся, як Карэлічы падрыхтаваліся да абласных «Дажынак», якія сюрпрызы падрыхтавалі.


У райцэнтры, які часова ператварыўся ў абласную аграрную сталіцу, у працэсе падрыхтоўкі да свята быў праведзены вялікі аб’ём будаўнічых і рамонтных работ. Адным з галоўных кірункаў стала прывядзенне ў парадак дарожнай сеткі і жылога фонду. У гарадскім пасёлку абноўлена звыш 30 тысяч квадратных метраў асфальтавага пакрыцця. Будаўнікі адрамантавалі дзясяткі пешаходных дарожак, тратуараў і дахаў.


Другой маладосцю заззялі больш за 40 грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў — іх фасады атрымалі свежую афарбоўку і сучасны выгляд. Будаўнічыя брыгады правялі цеплавую мадэрнізацыю і рамонт шматкватэрных жылых дамоў, а таксама двух інтэрнатаў па вуліцах Прытыцкага і Гагарына.

Характэрна, што клопат аб знешнім выглядзе райцэнтра супаў з клопатам аб яго будучыні: да свята ў Карэлічах узвялі сучасны 7-павярховы арэндны дом. Навасёламі ў ім стануць маладыя спецыялісты, шматдзетныя сем’і і работнікі мясцовага аграпрамысловага комплексу.


Сур’ёзныя інвестыцыі прыйшлі ў сацыяльную і культурную інфраструктуру гарадскога пасёлка. Сапраўднае перараджэнне перажыў раённы Дом культуры. Каб мадэрнізаваць яго сцэну, з абласнога бюджэту быў дадаткова выдзелены 1 мільён рублёў — цяпер галоўная культурная пляцоўка раёна гатова прымаць артыстаў самага высокага ўзроўню. Пераўтварыўся фасад цэнтральнай раённай бальніцы, а ў гарадской лазні завяршаецца доўгачаканы рамонт. Прыемным бонусам для ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця стане новы басейн, будаўніцтва якога актыўна працягваецца і будзе завершана ў наступным годзе.

Сапраўдны падарунак моладзі і спартсменам — маштабная рэканструкцыя стадыёна «Юнацтва». Тут зрабілі сучасныя бегавыя дарожкі, поўнасцю абнавілі трыбуны і памяшканні пад імі, абсталявалі новыя пляцоўкі для баскетбола, валейбола і іншых гульнявых відаў спорту.

Не засталіся па-за ўвагай і самыя маленькія жыхары: у дварах шматпавярховікаў з’явіліся новыя і, што немалаважна, бяспечныя дзіцячыя гульнявыя комплексы.

Асаблівага шарму дабавілі Карэлічам новыя элементы добраўпарадкавання. Здалёк цешуць вока маштабныя карціны на фасадах звычайных шматпавярховікаў і адміністрацыйных будынкаў.
Галоўным мастацкім праектам стаў унікальны трыпціх муралаў, якія ўпрыгожылі сцены жылых дамоў № 26 і № 25А па вуліцы Гагарына, а таксама размешчанага побач будынка архіва па вуліцы Дзяржынскага. Над стварэннем гэтых гіганцкіх палотнаў у маі гэтага года працавалі прафесійныя беларускія  мастакі-манументалісты.


Уся серыя роспісаў выканана ў адзінай канцэпцыі і прысвечана галоўным каштоўнасцям нашай зямлі. На фасадах дамоў ажылі вобразы традыцыйнай беларускай сям’і, пераемнасці пакаленняў і любові да роднай хаты. Цэнтральнае месца на будынку архіва заняў партрэт дзяўчыны, выява якой увасабляе вобраз сучаснага маладога спецыяліста. Карціны гарманічна дапоўнены элементамі нацыянальнага арнаменту, прыроднымі матывамі і птушкамі — сімваламі міру і працвітання. Дзякуючы таленту мастакоў вуліца Гагарына, дзе падчас свята разгорнецца выстаўка тэхнікі і размесцяцца падвор’і раёнаў Гродзеншчыны, ператварылася ў мастацкую галерэю пад адкрытым небам.

Фінальным акордам падрыхтоўкі да свята стаў маштабны агульнараённы суботнік. Мясцовыя жыхары, супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, школьнікі дружна выйшлі на вуліцы, каб ачысціць скверы, высадзіць дрэвы і падрыхтаваць пасёлак да сустрэчы гасцей. Дарэчы, у раёне прайшла цэлая серыя суботнікаў, да якіх мясцовыя жыхары ахвотна далучаліся.


У выніку Карэлічы святкуюць «Дажынкі» ва ўсёй красе і поўнай гатоўнасці. Гарадскі пасёлак абнавіўся знешне і атрымаў надзейны фундамент для далейшага развіцця — усё зробленае будзе служыць мясцовым жыхарам не адзін святочны дзень, а многія-многія гады, таму што рабілася ўсё ад душы і для людзей.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю