Размова на імпрэзе, прымеркаванай да 95-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, ішла пра пераклады твораў аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» і іншых неўміручых раманаў і аповесцяў на мовы народаў свету. З Пекіна праз відэазварот да ўдзельнікаў сустрэчы, землякоў Караткевіча, звярнуўся вядомы кітайскі перакладчык беларускай літаратуры Хань Сяае. Ён працуе ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў на факультэце рускай мовы. Літаратар з Паднябеснай расказаў пра ўласнае ўспрыняцце творчасці Уладзіміра Караткевіча, а таксама прачытаў яго вершы ў сваіх перакладах на кітайскую мову.
Адзін з вершаў У. Караткевіча ў перакладзе Хань Сяае прачытала на літаратурнай сустрэчы і кітаянка магістрант першага года навучання Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «Мастацка-эстэтычная адукацыя» Лі Шыюй.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч расказаў прысутным пра вопыт публікацыі «Дзікага палявання караля Стаха» ў кітайскім выпуску часопіса «Беларусь» у 2021 годзе. Перакладчыкам рамана на кітайскую мову выступіў студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сунь Фаньці.
Удзел у літаратурнай сустрэчы прыняў і вядомы паэт, празаік, публіцыст, тэлевізійны журналіст Навум Гальпяровіч. Размова ў Віцебску ішла і пра публікацыі твораў Уладзіміра Караткевіча на рускай, азербайджанскай, марыйскай, туркменскай, сербскай мовах. Творы класіка беларускай літаратуры чыталі вучань гімназіі N 7 г. Віцебска Дамір Ціхаміраў, загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Віцебскай абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова, студэнты Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» Дар’я Семянькова, Дзіяна Шамкова, Міраслаў Аленскі.
Мікола Берлеж