Віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч далажыў Прэзідэнту аб функцыянаванні энергетычнай інфраструктуры краіны ў цяперашніх складаных умовах надвор’я.
Галоўная задача, якую кіраўнік дзяржавы паставіў перад энергетычнай сістэмай, датычыцца гарантавання надзейнага забеспячэння насельніцтва электраэнергіяй і цяплом, аператыўнага рэагавання на магчымыя пазаштатныя сітуацыі. Гэта пытанне, як паведамляецца ў прэс-службе беларускага лідара, знаходзіцца на асаблівым кантролі Аляксандра Лукашэнкі.
Намеснік Прэм’ер-міністра далажыў аб сітуацыі ў краіне 27-28 студзеня, у перыяд пагаршэння ўмоў надвор’я. Парушэнне электразабеспячэння было зарэгістравана ў 475 населеных пунктах. У 450 з іх электразабеспячэнне ўжо адноўлена па штатнай схеме. У астатніх ставіцца задача завяршыць адпаведныя работы на працягу 28 студзеня. Пры гэтым у сістэмаўтваральных лініях электраперадачы адключэнняў не адбывалася.
Прэзідэнт інфармаваны, што найбольш пацярпелі Мінская і Гомельская вобласці, часткова — Віцебская вобласць. Для рамонтных работ у краіне створана 690 брыгад, забяспечаных сучасным абсталяваннем і тэхнікай. Пры неабходнасці яны могуць быць дадаткова перакінуты ў любы пацярпелы рэгіён.
У дакладзе кіраўніку дзяржавы закраналіся і пытанні цэнтралізаванага цеплазабеспячэння населеных пунктаў. Цяпер работа арганізавана ў штатным рэжыме. Адключэнняў па цэнтралізаваных сістэмах цеплазабеспячэння не зафіксавана. Прыняты меры па зніжэнні нагрузкі на цеплавыя сеткі. Пры гэтым, як далажыў Віктар Каранкевіч, забяспечваюцца неабходныя стандарты па ацяпленні як жыллёвага фону і сацыяльных аб’ектаў, так і адміністрацыйных будынкаў. Адзначана, што ў цэлым беларускія энергетыкі за апошнія гады рэалізавалі комплекс мер па прафілактыцы ўзнікнення няштатных сітуацый і мінімізацыі адключэнняў з-за неспрыяльных умоў надвор’я. Работа ў гэтым кірунку будзе прадоўжана.
«Мабільныя брыгады ў выпадку неабходнасці будуць перакінуты для аднаўлення электразабеспячэння ў любы рэгіён краіны»
Як звярнуў увагу ў размове з журналістамі Віктар Каранкевіч, пытанне надзейнага электра- і цеплазабеспячэння асабліва важна кантраляваць у перыяд змянення надвор’я, пагаршэння сітуацыі. «Мы цяпер назіраем значнае выпадзенне ападкаў у выглядзе дажджу, мокрага снегу ў перыяд пагранічных тэмператур (каля нуля градусаў), — канстатаваў ён. — Гэта прыводзіць да абледзянення дрэў, ліній электраперадачы — адпаведна, магчымага іх падзення, парушэння электразабеспячэння спажыўцоў».
З-за непагадзі найбольш пацярпелі Мінская і Гомельская вобласці, часткова Віцебшчына. Па словах віцэ-прэм’ера, у 25 населеных пунктах, дзе яшчэ не адноўлены штатны рэжым электразабеспячэння, вяліся адпаведныя работы, у якіх задзейнічаны 56 брыгад і 4 дызель-генератарныя ўстаноўкі. Прэзідэнт паставіў задачу — на працягу 28 студзеня поўнасцю забяспечыць аднаўленне электразабеспячэння ў гэтых населеных пунктах.
Міністэрства энергетыкі комплексна падышло да аператыўнасці рэагавання на такія сітуацыі. «Усяго было мабілізавана 690 брыгад, укамплектаваных сучасным абсталяваннем, тэхнікай, — праінфармаваў Віктар Каранкевіч. — У іх распараджэнні — 720 адзінак тэхнікі. Прадугледжана магчымасць падключэння асобных спажыўцоў да дызель-генератарных установак. Усяго ў сістэме 290 такіх установак рознай магутнасці і магчымасці іх мабільнага выкарыстання ў шматлікіх рэгіёнах нашай краіны. Усе мабільныя брыгады ў выпадку неабходнасці будуць перакінуты для аднаўлення электразабеспячэння ў любы рэгіён, любы пункт нашай краіны».
Па словах Віктара Каранкевіча, у цяперашні час работа арганізавана ў штатным рэжыме. «Адключэнняў па цэнтралізаваных сістэмах цеплазабеспячэння не зафіксавана, — удакладніў ён. — Забяспечваецца надзейнае і цеплазабеспячэнне, і гарачае водазабеспячэнне. Прыняты пэўныя меры, накіраваныя на зніжэнне нагрузкі на цеплавыя сеткі. Але пры гэтым забяспечваюцца неабходныя стандарты па ацяпленні жыллёвага фонду, сацыяльных аб’ектаў і адміністрацыйных будынкаў».
Асаблівая ўвага ў далейшым будзе ўдзяляцца рэагаванню на любыя пазаштатныя сітуацыі, якія адбываюцца з улікам пагаршэння ўмоў надвор’я.
«Спажывец можа заставацца без электразабеспячэння не больш за суткі»
Гаворачы аб задачах, пастаўленых Прэзідэнтам па выніках дакладу, намеснік кіраўніка ўрада падкрэсліў, што першая і асноўная задача — забяспечыць надзейнае і цеплазабеспячэнне, і электразабеспячэнне. «У бліжэйшыя дні, паводле прагнозу, плануецца значнае паніжэнне тэмпературы, — заўважыў ён. — Таму асноўная задача энергазабяспечвальных арганізацый, энергетычнай сістэмы — забяспечыць надзейнае, у першую чаргу, цеплазабеспячэнне спажыўцоў (усё, што звязана з вытворчасцю, перадачай і размеркаваннем цяпла да спажыўца) і прыняцце дадатковых мер па павышэнні надзейнасці электразабеспячэння спажыўцоў».
У выпадку пазаштатных сітуацый кіраўнік дзяржавы арыентуе на аператыўнае рэагаванне на ўсе выпадкі, хуткае аднаўленне электра- і цеплазабеспячэння.
Для таго, каб прыродныя катаклізмы наносілі меншую шкоду энергасістэме, у краіне праводзіцца адпаведная работа. У прыватнасці, павялічваецца колькасць дызель-генератарных установак, пашыраюцца прасекі, дзе праходзяць лініі перадачы, што дазваляе забяспечыць больш надзейную іх эксплуатацыю, мінімізаваць выпадкі пашкоджання ліній электраперадачы з-за дрэў, што ўпалі.
Згодна са стандартамі Мінэнерга, спажывец можа заставацца без электразабеспячэння не больш за суткі. «Задача — або аднавіць лінію электраперадачы, або падключыць дызель-генератарную ўстаноўку», — канстатаваў віцэ-прэм’ер.
Па яго словах, з улікам цяперашніх умоў надвор’я гадоў 10-15 таму такіх адключэнняў магло быць больш. Віктар Каранкевіч падкрэсліў, што работа па надзейным электра- і цеплазабеспячэнні кропкава і сістэмна будзе працягвацца і ў далейшым. Дзеля мінімізацыі пазаштатных сітуацый усе факты адключэння будуць прааналізаваны.
Як паведаміў віцэ-прэм’ер, вызначаны ўчасткі, дзе неабходна пракласці лініі электраперадачы ў кабельным выкананні. «У планавым рэжыме па буйных населеных пунктах для забеспячэння іх надзейнага электразабеспячэння асобныя рэзервовыя лініі ўжо праводзяцца ў кабельным выкананні, — дадаў ён. — Адпаведна, умовы надвор’я, падзенне дрэў на гэта не аказваюць уплыў».
Акрамя таго, ажыццяўляецца будаўніцтва рэзервовых ліній электраперадачы, што дазваляе ў выпадку адключэння адной лініі забяспечыць перападключэнне ў аўтаматычным рэжыме на рэзервовую.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА