«Дзень народнага адзінства — гэта сімвал аб’яднання беларускага народа. Значэнне гэтага свята, напэўна, асабліва востра адчуваецца тут, у заходніх рэгіёнах нашай любімай Беларусі. Адно з яго прызначэнняў — расказваць людзям розных пакаленняў праўду пра тое, што гэта быў акт гістарычнай справядлівасці, пра тое, наколькі цяжка беларусам жылося па-за сваёй дзяржавай пасля таго, як яны былі па-жывому падзеленыя несправядлівым Рыжскім мірам. Гэтае свята — залог таго, што разуменне важнасці гэтай падзеі спрыяе адзінству нашага народа, захаванню незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы», — такое меркаванне выказаў Уладзімір Каранік.
Як адзначыў спікер, тыя нашы землі, якія называліся ў Польшчы «крэсамі ўсходнімі» і былі пераважна сельскагаспадарчымі, дзе 80% пражываючага насельніцтва было сельскім, дзе правы беларусаў абмяжоўваліся, сёння квітнеюць. Тут выдатныя добраўпарадкаваныя гарады і вёскі, ствараюцца новыя і развіваюцца дзеючыя прадпрыемствы, будуецца камфортнае жыллё, інфраструктура. Гродзеншчына стала прывабным турыстычным рэгіёнам. Грамадзяне розных нацыянальнасцяў маюць роўныя правы, жывуць у згодзе. Адказваючы на пытанне аб тым, чаму так важна сустракацца з людзьмі і гаварыць пра гэта, кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук падкрэсліў, што менавіта жывыя зносіны дазваляюць больш поўна данесці інфармацыю, расставіць правільныя акцэнты. Асабліва гэта важна для моладзі: яна менш чытае сухую статыстыку, больш падрыхтавана да атрымання інфармацыі праз візуальную форму, праз жывыя зносіны, і гэтым фарматам неабходна карыстацца.
Уладзімір Каранік адзначыў, што філіял РУП «Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр», дзе адбылася сустрэча, працуе паспяхова, мае добры патэнцыял развіцця. Пра паслугі, якія тут аказваюць людзям з інваліднасцю, не раз даводзілася чуць станоўчыя водгукі. Пры зацікаўленасці з боку прадпрыемства ў супрацоўніцтве з навукоўцамі па распрацоўцы новых матэрыялаў, укараненні лічбавых тэхналогій, Нацыянальная акадэмія навук гатовая аказаць усю неабходную дапамогу, сказаў Уладзімір Каранік.