У Косаўскім палацы 9 сакавіка адбылося ўшанаванне пераможцаў абласнога конкурсу «Жанчына года», перадае БелТА.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч адзначыў, што жанчыны напаўняюць свет прыгажосцю і пяшчотай, дораць любоў, працуюць на карысць рэгіёна і краіны.
«Выбраць пераможцаў было адначасова і складана, і лёгка. Першыя месцы атрымалі тыя жанчыны, якія актыўныя не толькі ў прафесійнай сферы, але і ў жыцці грамадства. Для ўсіх 29 удзельніц падрыхтаваныя заслужаныя ўзнагароды. Кожную з іх цэнім, усім дзякуем. Спадзяюся, нашы жанчыны адчуюць сябе ў Косаўскім палацы каралевамі ўрачыстасці. Вельмі хочацца, каб гэты дзень ім запомніўся, пакінуў добрыя ўражанні», — сказала старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Алена Даміева.
Жыхаркі Брэсцкай вобласці адзначаны ў намінацыях «Паспяховы кіраўнік», «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Сэрца людзям аддаю», «Матчына слава», «Ггаспадыня вёскі», «Духоўнасць і культура», «Не старэюць душой ветэраны». Сярод лаўрэатаў — дырэктар Гарадзішчанскага дзіцячага сацыяльнага пансіяната «Вясёлкавы» Алена Свістун, якая прысвяціла сябе сацыяльнай службе. «Абыякавых людзей у нашым калектыве няма. Кожны аддае часцінку сябе, прыходзячы на працу. Такая і я. Вядома, усе ўзнагароды натхняюць, і з’яўляецца яшчэ больш жадання ісці далей, уносіць нешта новае ў сваю працу», — лічыць яна.
У намінацыі «Матчына слава» ўшаноўвалі аднаго з бацькоў — выхавальніка дзіцячага дома сямейнага тыпу са Століна Ірыну Андрэйкавец. Свае цяпло, любоў і мацярынскі клопат яна дорыць дзецям-сіротам. «Мае мама і тата ўжо 15 гадоў у доме сямейнага тыпу выхоўваюць дзяцей. Яны сталі для мяне прыкладам. Яшчэ моцным штуршком была мая праца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Столінскага раёна. Хочацца даць дзецям адчуванне сапраўднай сям’і. Спадзяюся, мне гэта ўдаецца», — сказала жанчына.
Да традыцыйнага спісу намінацый дадалася і новая — для моладзі. «Нас становіцца больш. З’явілася шмат маладых крэатыўных дзяўчат, вельмі актыўных. Іх таксама будзем заахвочваць», — акцэнтавала ўвагу Алена Даміева. Сёлета перамогу ў конкурсе атрымала настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 33 Брэста Лізавета Русіна. «Падтрымка для жанчын вельмі важная, каб яны маглі праявіць сябе. У нас вельмі шмат таленавітых жанчын. Удзел у мерапрыемствах БСЖ дае магчымасць рэалізоўваць сябе, праявіць сябе», — перакананая дзяўчына.
Для абласнога конкурсу «Жанчына года» вырабілі статуэтку ў форме алмаза з выгравіраваным лагатыпам БСЖ. На памяць удзельніцам застануцца фірмовыя ўпрыгажэнні і іншыя падарункі.
Дарэчы, прадстаўніцы саюза жанчын не толькі прымалі падарункі, але і падрыхтавалі свой. У музей зубра Брэсцкай вобласці яны перадалі керамічную статуэтку самкі зубра, пакрытую белай глазурай і распісаную васількамі. Вырабіла яе майстрыха з Жабінкаўскага раёна.
Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын аб’ядноўвае каля 26 тыс. чалавек.