Капыльская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа даўно заслужыла рэпутацыю кузні талентаў у свеце беларускага біятлона. Сёння гэта цэнтр прыцягнення для юных спартсменаў усяго рэгіёна, дзе пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў пачынаецца шлях да будучых перамог.
Школа спецыялізуецца на двух відах спорту.
— На аддзяленні біятлона ў нас 91 навучэнец-спартсмен, на аддзяленні футбола — 47, — расказаў трэнер-выкладчык па спорце Анатоль Сянюк, які прысвяціў працы на спартыўнай ніве 40 гадоў.
Ён трэніруе тры групы: адна — пачатковай падрыхтоўкі і дзве старэйшыя групы.
— Усяго ў мяне займаюцца 30 чалавек: 17 дзяўчынак, 13 хлопчыкаў. Графік заняткаў шчыльны: у малодшых — тры разы на тыдзень па дзве гадзіны, у старэйшых — амаль штодзень. Часам і ў нядзелю задзейнічаем іх пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў, — падзяліўся трэнер.
Гаворачы аб сваіх выхаванцах, Анатоль Сянюк не хавае гонару:
— У нас вельмі шмат перспектыўных дзяцей. Радуе Алеся Рудніцкая, якая заваявала на спаборніцтвах у Кітаі тры медалі: золата, серабро і бронзу. Сярод спартсменаў, якія падаюць надзеі, — Мікіта Козел, які ўваходзіць у зборную Мінскай вобласці, выступае на спаборніцтвах і ездзіць на этапы Кубка Беларускай федэрацыі біятлона. У добрай форме знаходзіцца і Дзіяна Драніч — гэта дзяўчынка найлепшая ў Мінскай вобласці па сваёй узроставай групе.
Капыльская школа біятлона выхавала цэлую плеяду талентаў, якія ўжо шырока заявілі пра сябе. Аляксандр Сыман, Антон Смольскі, Дар’я Юркевіч, Дзмітрый Гурбан, Дар’я Несцерчык, Павел Мацуль — усе гэтыя спартыўныя зоркі атрымалі годны старт менавіта ў сценах Капыльскай ДЮСШ.

Але як на ранніх этапах распазнаць перспектыўнае дзіця? На гэтае пытанне ў трэнера ёсць дакладны адказ:
— Перш за ўсё дзіця павінна быць фізічна развітым, бегаць крос, падцягвацца. Добры біятланіст вельмі рознабаковы. Таму што ў гэтым відзе спорту патрэбны самыя розныя якасці: сіла, вынослівасць, шпаркасць, спрыт, трапнасць, розум. Гэта ўсё трэба для таго, каб сабрацца ў экстрэмальных умовах і выдаць добры вынік, не рэагуючы на вонкавыя фактары.
Але не толькі фізічныя даныя вызначаюць будучага чэмпіёна.
— Бывае і так, што дзіця фізічна не асабліва развітое, але ў яго вялікае жаданне займацца біятлонам. Мы ніколі не адмаўляемся ад такіх дзяцей. Галоўнае, каб унутры быў стрыжань, — падкрэсліў Анатоль Сянюк.
Поспех школы складаецца і з прафесіяналізму яе трэнерскага складу. На думку Анатоля Леанідавіча, настаўнік павінен быць не проста адукаваным спецыялістам:
— Трэнер павінен сам паказваць прыклад, добра валодаць сваім відам спорту, удзельнічаць у спаборніцтвах, быць маладым, нягледзячы на ўзрост у пашпарце, быць добрым і, безумоўна, любіць дзяцей. Гэта на першым месцы.
Цікавасць да біятлона ў горадзе толькі расце: апошнім часам бацькі актыўна запісваюць сваіх дзяцей на секцыю, і так, крок за крокам, трэніроўка за трэніроўкай, у Капыльскай ДЮСШ куецца будучыня беларускага біятлона.
Лізавета ГОЛАД,
фота аўтара