Top.Mail.Ru

Капуста бывае нармальная і...

— Я дома, — гукнуў з парога Іван. — Галодны як воўк. Пакорміш?


— А як жа! — усміхнулася насустрач жонка. — Мый рукі і за стол.
Праз хвіліну гаспадар ужо заняў сваё крэсла і сапраўды наваліўся на ежу.

— Малайчына ты ў мяне! — умінаючы то адно, то другое, нахвальваў жонку. — Смачна — як у рэстаране!

— Нават лепей, бо там — смяялася яна, — хворай капустай цябе не накормяць.

— Адзін — нуль. На тваю карысць, — згадзіўся Іван.

...Дачнікам ён быў ніякім. Здаралася, выстаўляў з машыны вёдры з памідорамі, карзіны з агуркамі ды перцамі, чуў ад бабуль, што днямі сядзелі на лавачцы: «Вось малайцы дык малайцы! Такі ўраджай!»

У Івана ад гэтых слоў аж нос да нябёс!.. Хоць, калі па шчырасці, не было ў тым яго заслугі: жонка сеяла ўсё, яна даглядала, дзякуючы ёй на стале заўсёды былі гародніна і свежае зеляніва... Зноў жа эканомія, бо паспрабуй усё гэта купіць — летам... А ўжо зімой...

Любіў Іван прынесці з падвала слоічак хрусткіх агурочкаў, спелых памідораў. І салаты яго гаспадыня ставіла, і марозіла шмат што, потым гатавала... Ён, шчыра кажучы, не дужа разбіраўся, што там з чаго, але ж еў са смакам.

Вось і цяпер у яго на талерцы быў файны гарнір. Шкада, што малавата.

...На дачу ў той выхадны ён паехаў адзін. Жонка загадала капусту прапалоць, то-бок павырываць на градцы ўсё, апроч той самай капусты. Работа — прасцей не прыдумаеш.

— Будзе зроблена, — паабяцаў гаспадар. — Што-што, а капусту я ні з чым не зблытаю.

Іван стараўся, ён апалоў ледзь не ўсю граду, разлічваў, што жонка пахваліць, а замест гэтага...

— Што ты нарабіў?! — закрычала яна, прымаючы працу. — Ты ж усю цвятную капусту пасек!

— Дык я ж думаў, што гэта нармальная — проста захварэўшы, — апраўдваўся Іван.

— Сам ты захварэў... На ўсю галаву! — злавала гаспадыня. — Адны страты ад тваёй дапамогі!

Дзён праз колькі яна, праўда, пацішэла, але не забылася: да сёння ўспамінае тую хворую капусту.

Вольга Савасцюк, г. Мар’іна Горка

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю