Top.Mail.Ru

Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» ўбачылі прадстаўнікі Магілёўшчыны

Серыя канцэртаў-рэквіемаў «Кожны трэці», арганізаваная па даручэнні Прэзідэнта для ўсіх рэгіёнаў краіны, працягваецца. У чацвер кранальную праграму ў Палацы Рэспублікі ўбачылі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці.


— Мы ўсё яшчэ адкрываем старонкі той страшнай гісторыі — тых злачынстваў, якія адбываліся на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і менавіта таму важна не толькі гаварыць аб гэтых трагедыях, але і паказваць іх праўду ўсяму свету, — адзначыў перад пачаткам мерапрыемства старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Паводле яго слоў, неабходна перадаць маладому пакаленню ўсведамленне таго, наколькі крохкі мір і як важна яго берагчы.

— Трэба ганарыцца тым, што мы жывём у такой краіне, дзе можам проста спакойна працаваць, адпачываць, выхоўваць дзяцей. І на самай справе гэта дарагога варта. Гледзячы на тое, што адбываецца вакол, яшчэ больш пачынаеш шанаваць гэты мір, — падзяліўся ён.

Таксама кіраўнік рэгіёна дадаў, што пачуццё жалю па загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны закладзена ў беларусаў у генах. Менавіта з гэтай прычыны гледачы канцэрта-рэквіема «Кожны трэці» выходзяць з залы са слязамі на вачах:

— Яны прымаюць гэты боль як свой. Бо няма такой сям’і, якая б не пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кожны трэці загінуў — гэта быў генацыд.

Хутка пачаўся канцэрт. Кожны нумар кранаў гледачоў да глыбіні душы. Выступіў для магіляўчан і іх зямляк, артыст Духавога аркестра ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Кудрачоў. Ён лічыць удзел у канцэрце-рэквіеме «Кожны трэці» вялікім гонарам. Для гледачоў артыст выканаў песню «Не будите уснувших солдат» на словы Ганны Сялук і музыку Валерыя Шмата.

— З гэтай песняй мяне звязвае асаблівае пачуццё, таму што я спяваю яе ад імя свайго дзеда, які загінуў пад Берлінам, не дажыўшы да Перамогі ўсяго толькі тыдзень, — падзяліўся Сяргей Кудрачоў.

Разам з ім на сцэну выходзілі артысты ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусі. Яны таксама выконвалі гэту кампазіцыю ад асобы ўсіх воінаў, якія аддалі свае жыцці за мір.

Верагодна, кожны ў зале падчас канцэрта праводзіў паралелі з гісторыяй сваёй сям’і. Так, у заслужанага будаўніка, пенсіянеркі з Магілёва Людмілы Слесарчук бацька прайшоў усю вайну ад Гомельскай вобласці да Вены.

— Такая горыч на душы, што страцілі столькі дзяцей, братоў, бацькоў. Вы ведаеце, я плакала. Такое не павінна паўтарыцца. Людзі ўсіх узростаў павінны сціснуць далоні у кулак і абараніць сваю любімую Беларусь. Гэта для нас самае галоўнае, — падзялілася яна. — Гэты канцэрт літаральна перавярнуў усю маю душу, — прызналася жанчына, — ён вельмі дакументальны і сапраўдны. Менавіта дзякуючы гэтаму тут вельмі моцна адчуваецца датычнасць да гістарычнай памяці.

За вывучэннем экспазіцыі ў холе Палаца Рэспублікі мы засталі і старшыню Дрыбінскага раённага Савета дэпутатаў, старшыню раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлану Завідоўскую.

— Мы ўсе звязаныя з гісторыяй і шануем памяць. У нас у кожнага ёсць яшчэ і сямейная памяць, — падзялілася яна. — Таму мы прыехалі сюды, каб аддаць даніну павагі нашым прадзедам, дзядам, якія ваявалі, і, натуральна, такім чынам выказаць падзяку ім за наша мірнае жыццё.

Па словах Святланы Завідоўскай, такія мерапрыемствы вельмі важныя яшчэ і таму, што яны аб’ядноўваюць нас, нашчадкаў тых герояў.

— Гэта вяртае нас да тых часоў, калі нашы дзяды рабілі ўсё разам. Гэта кажа пра тое, што толькі разам мы можам зрабіць добрыя справы для нашай Радзімы. Я лічу, што на дадзены момант гэта аб’ядноўвае і гэта галоўны ідэалагічны складнік, а таксама добрая аснова для нашага будучага пакалення.

На канцэртах Святлана Завідоўская бывае часта. Аднак гэты ўразіў яе да глыбіні душы.

— Вельмі хвалявальна, усе нумары прайшлі на адным дыханні, часам было кранальна да слёз. Усё настолькі добра зроблена, што стрымліваць эмоцыі няпроста. Я вельмі ўдзячная тым, хто арганізоўваў гэта мерапрыемства, і тым, хто выступаў для нас. Бо артысты літаральна жылі на сцэне! — заключыла яна.

Не менш яскравыя ўражанні ад мерапрыемства атрымаў і настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 г. Кіраўска Іван Храмянкоў. Паводле яго слоў, канцэрт быў вельмі цяжкі ў эмацыйным плане. Тым не менш, гэта вельмі патрэбная памяць для ўсіх.

— Чым больш будзе нас, такіх, якія памятаюць усё гэта, тым больш немагчымым будзе паўтарэнне таго кашмару, які прыйшлося перажыць нашым продкам, — падзяліўся ён.

Доўгія спісы загінулых, ваенная хроніка, размытыя фатаграфіі людзей, якія перажылі жахі той вайны... Усё гэта пакінула незабыўны след у душы маладога чалавека.

— За кожнага з удзельнікаў тых падзей перажываеш так, як быццам гэта твой сваяк. Мусіць, у гэтым і выяўляецца наша беларускае адзінства. Усё роўна, хто ты, адкуль ты, але ты ўсё роўна наш, і за цябе мы будзем перажываць як за свайго, — сказаў Іван Храмянкоў.

Самым кранальным нумарам для яго стала кампазіцыя, прысвечаная дзецям. Малады чалавек сам нядаўна стаў бацькам, таму гэта тэма для яго вельмі асабістая і актуальная.

Кожны знайшоў сярод канцэртнай праграмы тое, што адгукнулася ў сэрцы. Кожны задумаўся аб подзвігу продкаў і аб каштоўнасцях такога крохкага, але вельмі неабходнага ўсім міру.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю