«Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах» у трэці раз пройдзе ў Жылічах 27 верасня, паведамляе БелТА.
Як адзначыў дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея Уладзіслаў Кулакевіч, фестываль у Жылічах вельмі спадабаўся гасцям і ўдзельнікам. «Людзі за паўгода пачалі цікавіцца: а калі пройдзе фестываль, а якая будзе праграма, — расказаў ён. — Вось летась у нас было некалькі сотняў удзельнікаў і каля 6,5 тыс. гасцей, а баль ахапіў каля 350 чалавек. Вядома, спадзяёмся, што сёлета да нас прыедзе яшчэ больш наведвальнікаў».
Сёлета праграма фестывалю стала яшчэ больш насычанай і маляўнічай, захаваўшы пры гэтым свае традыцыйныя элементы. Свята ахопіць палацавыя залы, унутраны двор і прылеглую тэрыторыю парку. «З навінак — канцэрт арфавай музыкі, які пройдзе ў бальнай зале з 12.00 да 13.30, — падкрэсліў Уладзіслаў Кулакевіч. — Баль сёлета пашырылі: ён пройдзе як ва ўнутраным двары, як было летась, так і ў самім палацы, як было ў першы год фестывалю. Пастараемся арганізаваць пракат касцюмаў сумесна з кінастудыяй „Беларусьфільм“, каб нашы госці змаглі яшчэ больш паглыбіцца ў гісторыю».
Канцэрты класічнай музыкі, разнастайныя мастацкія выставы, тэматычныя лакацыі, фотазоны, кірмашы, пачастункі і шмат актыўнасцяў — сумаваць гасцям фэсту, упэўненыя арганізатары, не будзе калі.
Адным з яркіх момантаў свята стане баль ва ўнутраным двары палаца. У 12.00 і 14.30 яго ўдзельнікамі могуць стаць усе ахвотныя. Усе разам яны змогуць станцаваць паланэз, вялікі фігурны вальс, блюз, польку, гавот і нават паўдзельнічаць у танцы-гульні. У 12.00 адбудуцца і тэматычныя майстар-класы. Важна выконваць дрэс-код для танцуючых пар: для дам — сукенкі ў падлогу, для іх кавалераў — штаны, кашулі, фракі і г. д.
Насычанай будзе і вячэрняя праграма: вялікі гала-канцэрт, выступленні зорак Вялікага тэатра Беларусі. З 20.00 да 23.00 пройдзе дыскатэка. Песні ў выкананні кавер-бэндаў, дыджэйскія сэты ад папулярнага тэхна-дуэта і святлавое шоу — усё гэта чакае гасцей начной праграмы фестывалю.
Гандлёвыя рады на фэсце пачнуць працаваць у 11.30, а творчая праграма стартуе ў 12.00.