У Федэрацыі прафсаюзаў пачаў работу Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр, галоўная задача якога — садзейнічанне работнікам у вырашэнні пытанняў і спрэчных сітуацый, звязаных з працоўнымі адносінамі.
Для зручнасці грамадзян у Цэнтры ўведзены адзіны тэлефонны
нумар — 8-801-100-1111
Званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life), A1, МТС.
Звароты прымаюцца з панядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15.
Гэта могуць быць самыя розныя пытанні. Напрыклад, звярнуцца можна, калі чалавек сумняваецца, ці правільна яму разлічылі заработную плату, ці законна прымянілі дысцыплінарнае спагнанне, заключылі або скасавалі працоўны дагавор, або не ведае, на якія гарантыі можна разлічваць у той ці іншай сітуацыі, як дзейнічаць у выпадку атрымання вытворчай траўмы, канфлікту з кіраўніцтвам і гэтак далей.
— У прафсаюзаў назапашаны вялікі вопыт у частцы правядзення прамых тэлефонных ліній па актуальных для працаўнікоў тэмах. «Гарачыя» лініі працуюць па пытаннях аплаты і аховы працы, працоўных адносін, сітуацыях на спажывецкім рынку і іншым. Рашэнне пытання «ў адным акне» — гэта зручная і эфектыўная форма. Людзям не трэба марнаваць час на пошук кантакту, дзе ім дапамогуць вырашыць тыя ці іншыя сітуацыі. Спецыялісты Цэнтра нацэлены на аператыўнае вырашэнне пытанняў работнікаў, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. — У выпадку неабходнасці прадстаўнікі прафсаюзаў будуць выязджаць на месца для аб’ектыўнага разгляду пытання. Поўнае суправаджэнне і кантроль за вырашэннем сітуацый — ні адзін зварот не застанецца без увагі. Прадугледжана таксама і зваротная сувязь. Пры гэтым Цэнтр забяспечвае канфідэнцыйнасць персанальных дадзеных тых, хто звярнуўся. Акрамя таго, для зручнасці пакуль яшчэ працягваюць працаваць нумары тэлефонаў прафсаюзных спецыялістаў па напрамках — звыклыя для людзей кантакты «гарачых ліній» па пытаннях аховы працы выплаты заработнай платы, адразу скасоўвацца не будуць.
Трэба адзначыць, што Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр будзе аналізаваць характар зваротаў грамадзян, акумуляваць інфармацыю аб праблемных сітуацыях у працоўных калектывах усіх галін з мэтай прыняцця сістэмных мер рэагавання на запыты людзей. Напрыклад, удасканаленне заканадаўства па той ці іншай праблематыцы.
Алёна КРАВЕЦ