Top.Mail.Ru

Канфлікт на Блізкім Усходзе. Развіццё сітуацыі на 1 сакавіка

Сітуацыя на Блізкім Усходзе напаленая праз абвастрэнне канфлікту паміж Іранам і Ізраілем з ЗША, факты расказвае БелТА.



Іран задзейнічаў усе віды сваіх Узброеных сіл (УС) для адбіцця нападу ЗША і Ізраіля. «УС Ірана рашуча настроены абараніць сваю краіну», — такую заяву ў эфіры іранскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі зрабіў галоўнакамандуючы арміяй Ісламскай Рэспублікі Амір Хатамі.

Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі загінуў у выніку авіяўдару. Іранскія ўлады абвясцілі 40-дзённую жалобу, паведамляе агенцтва IRNA. Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян, кіраўнік судовай улады і адзін з членаў Савета вартавых Канстытуцыі будуць часова кіраваць Рэспублікай.

У выніку ўдараў ЗША і Ізраіля таксама загінулі галоўнакамандуючы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) Махамад Пакпур, начальнік Генеральнага штаба ВС Ірана Абдольрахім Мусаві. Агенцтва IRNA паведаміла пра гібель сакратара савета абароны Ірана Алі Шамхані і кіраўніка Мінабароны Азіза Насірзадэ.

Агенцтву Tasnim стала вядома, што колькасць загінулых вучаніц пры атацы на пачатковую школу для дзяўчынак у іранскім горадзе Мінаб узрасла да 148. Яшчэ 95 чалавек атрымалі раненні.

У Тэгеране адбылася новая серыя выбухаў у выніку ракетнай атакі.

Тэлебачанне Ірана праінфармавала, што іранскія сілы нанеслі ўдары па больш чым 20 амерыканскіх ваенных базах у рэгіёне, па штаб-кватэры галоўнага камандавання ізраільскай арміі і буйному абаронна-прамысловаму комплексу ў Тэль-Авіве. 

Тэлеканал Al Jazeera паведаміў, што не менш за восем чалавек пацярпелі ў выніку падзення абломкаў збітых іранскіх ракет на тэрыторыі Катара. У прамысловай зоне Дохі з-за падзення абломкаў перахопленай ракеты ўзнік пажар.

Па звестках тэлеканала Al Mayadeen, некалькі выбухаў адбылося ў сталіцы Кувейта Эль-Кувейце. У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах заявілі аб чатырох пацярпелых пры ўдары па міжнародным аэрапорце Дубая. Параненым аказалі медыцынскую дапамогу. З’явілася інфармацыя, што абломкі збітага беспілотніка трапілі ў будынак гасцініцы Burj Al Arab у Дубаі, пасля чаго ўзнік пажар. Таксама абломкі беспілотнікаў, перахопленых сродкамі СПА, упалі ў дварах двух дамоў у Дубаі. Два чалавекі параненыя, ім аказаная меддапамога.

Ля берагоў Амана пад абстрэл трапіў нафтавы танкер пад сцягам Палау. Такія звесткі распаўсюдзіў Аманскі цэнтр марской бяспекі. Паведамляецца, што пацярпелі чатыры чалавекі, а экіпаж танкера быў эвакуіраваны. 

Праз абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе былі скасаваныя сотні авіярэйсаў. Праз такія краіны Персідскага заліва, як ААЭ, Катар, Бахрэйн і Аман, выконваюцца стыкоўныя рэйсы з Мальдываў, Сэйшэл, Маўрыкія, Шры-Ланкі, з Інданэзіі, Малайзіі, краін Афрыкі. Вымушана карэктуе план палётаў і авіякампанія «Белавія». У прыватнасці, адкладаецца вылет рэйса з Дубая ў Мінск.

Раніцай 28 лютага ЗША і Ізраіль пачалі ваенную аперацыю супраць Ірана, нанёсшы ўдары па найбуйнейшых іранскіх гарадах. Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі заявіў аб маштабнай аперацыі ў адказ. Паведамлялася аб нападах па Ізраілю, а таксама па ваенных базах ЗША ў Бахрэйне, Іарданіі, Катары, Кувейце, ААЭ і Саудаўскай Аравіі.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю